• Магчыма, беларусам патрэбны такі прыклад!
  • Audio5.53 MB
  • 01.03.2011

Тэма Беларусі не сыходзіць са старонак ня толькі выданьняў у Польшчы, але таксама й міжнародных СМІ. Апошнім часам беларускі рэжым узгадваецца як у аспэкце катаваньняў беларускіх апазыцыянэраў, зьняволеных у мясцовых турмах, так і невядомага характару супрацы з ахопленай унутраным крызысам Лібіяй.

Пра сытуацыю ў Беларусі ў Трэцяй праграме грамадзкага Польскага радыё выказваўся сёньня Томаш Пісуля - старшыня Фундацыі «Свабода й дэмакратыя», якая падтрымлівае ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Белрусі.

Ці Муамар Кадафі можа ўцячы ў Беларусь? Нагадаю, СМІ паведамляюць пра палёты лібійскіх самалётаў у Менск, магчыма, з маёмасьцю Кадафі й назад з грузам беларускай вайсковай тэхнікі.

Томаш Пісуля: Верагодна, так, хаця ёсьць яшчэ некалькі рэжымных дзяржаваў, у якіх ён можа лепш сябе адчуваць. Напрыклад, можа зьбегчы ў Вэнэсуэлу. Можна сказаць, што асяродзьдзе сусьветных дыктатараў супрацоўнічае між сабой. Куба дапамагала Уга Чавэсу падчас хваляваньняў у Вэнэсуэле некалькі гадоў таму. Лукашэнка, у прынцыпе, з усімі гандлюе зброяй. Нагадаю, у 2006 або 2007 гадох ён прадаў у Вэнэсуэлу фабрыку, у якой прадукавалі аўтаматы Калашнікава. Таму я ня бачу ніякіх падставаў, каб казаць, што ён не гандляваў зброяй таксама з Кадафі. Нагадаю, Лукашэнка пасылаў таксама транспартныя самалёты ў Самаліі, а справа была агучаная толькі таму, што адзін зь іх быў зьбіты.

Ці афрыканская хваля рэвалюцыі можа закрануць таксама Беларусь? Гаворка ідзе пра рашучасьць у імкненьнях да пераменаў?

Томаш Пісуля: Прыклад Мубарака паказвае, што можна вызваліцца ад рэжыму нават тады, калі ён працягваецца 30 гадоў ды карыстаецца падтрымкай вайскоўцаў, а нават прыхільнасьцю паловы насельніцтва - такім чынам адбылося ў Эгіпце, дзе амаль кожны чацьвёрты жыхар працаваў у сілавых структурах. Гэта, зразумела, можа быць крыніца надзеі для беларусаў. Сьвет мяняецца. Магчыма, беларусам патрэбны такі прыклад.

Як глыбока ў выпадку Беларусі ўкараніўся рэжым? Колькі беларусаў зьвязвае з рэжымам Лукашэнкі свае інтарэсы, сваю будучыню?

Томаш Пісуля: Беручы пад увагу неафіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў сьнежні, можна сказаць, што 50-40% грамадзянаў. Варта нагадаць, што ў 1989 годзе на выбары ў Польшчы таксама не пайшлі ўсе палякі. Каля 40% грамадзянаў Польшчы засталіся дома – пра іх таксама можна было б няслушна сказаць, што камуністычны лад ім адпавядаў.

Ці тое, што робіць Польшча з мэтай падтрымкі незалежных СМІ  (тэлебачаньне Белсат, Радыё Рацыя) сапраўды ўплывае на незалежнае інфармаваньне беларускага грамадзтва?

Томаш Пісуля: Гэта амаль адзінае дзеяньне, якое мае нейкі ўплыў на тое, што адбываецца ў Беларусі. Трэба нагадаць, што Радыё Рацыя ахоплівае сваім вяшчаньнем каля 250 тысячаў беларысаў. Тэлебачаньне Белсат глядзіць да 10% беларусаў – гэта больш, чым камэрцыйныя, інфармацыйныя каналы ў Польшчы. Таму, калі гаворка ідзе пра закрытае беларускае грамадзтва, гэта адзіныя эфэктыўныя прылады дзеля дыялёгу зь беларусамі.

Учора сьвет даведаўся пра тое, што былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч падпісаў дамову аб супрацы з КДБ пад уплывам катаваньня. Ці Лукашэнка сапраўды катуе сваіх апанэнтаў?

Томаш Пісуля: Ён напэўна не ўспрымае іх адпаведным чынам. Зьняволеныя зьбіваюцца, прыніжаюцца. Я не зайздрошчу Міхалевічу таго, праз што ён прайшоў у турме. Цешуся, што ён выйшаў і абвёў вакол пальца беларускае КДБ. Тым часам былі розныя выпадкі, напрыклад, Натальлі Радзінай – рэдактаркі парталу Хартыя’97,  якую так зьбілі, што яшчэ празь некалькі тыдняў пасьля затрыманьня жанчыне кроў ішла з вушэй. Гэткія выпадкі фіксаваліся. У верасьні мінулага году ў нявысьветленых абставінах самагубства зьдзейсьніў Алег Бябенін, адзін з кіраўнікоў партала Хартыя’97, які зьяўляецца крыніцай нязалежнай інфармацыі ў Беларусі. Невядома, што адбылося.

Самае вялікае ўражаньне робіць тое, што Міхалевіч называе сьледчы ізалятар КДБ „канцлягерам ў цэнтры Менска”.

Томаш Пісуля: Я думаю, што Алесь Міхалевіч нават не перабольшвае. Гаворка ідзе пра гэтак званую амэрыканку – вязьніцу, якая выкарыстоўваецца яшчэ са сталінскага часу. Можна сказаць, што адзіная розьніца між тым, што адбывалася ў згаданым месцы ў часы Сталіна, гэта факт, што цяпер там не забіваюць затрыманых. Месца страшнае (…) У абарону Міхалевіча выступаў Эўрапарлямэнт. У абарону Анджэя Пачобута выказваліся журналісты, палітыкі. Тым часам, найгорш быць апазыцыянэрам зь нейкай невялікай мясцовасьці, напрыклад, Баранавічаў ці Гомеля, дзе пасьля выхаду з турмы ніхто нас не чакае, а можа яшчэ аказацца, што мы страцілі працу ды прымушаны заплаціць штраф.(…) Менавіта такім людзям трэба аказаць дапамогу, у тым ліку таксама фінансавую, каб яны маглі пражыць гэты першы пэрыяд пасьля вызваленьня. Менавіта гэтым мы й займаемся. Цягам апошніх 5 гадоў мы дапамаглі каля 300 асобам. 

Ці сусьветны цэнавы крызыс, які прымусіў грамадзянаў Афрыкі падняць бунт супраць дыктатараў, можа таксама мабілізаваць грамадзянаў Беларусі?

Томаш Пісуля: Фінансавая сытуацыя ў Беларусі пасьлядоўна пагаршаецца – таксама фінансавая сытуацыя грамадзянаў. Аднак, з другога боку, да гэтай пары яшчэ такім чынам не адбылося, каб пагаршэньне ўмоваў жыцьця прымусіла беларусаў выйсьці на вуліцу, але невядома, што можа здарыцца.

- лічыць Томаш Пісуля - старшыня Фундацыі «Свабода й дэмакратыя», які быў госьцем Трэцяй праграмы грамадзкага Польскага радыё.

аз