• Ці забаіцца Менск эўрапейскіх санкцыяў?
  • Audio4.85 MB
  • 02.03.2011

У бліжэйшыя дні ў Братыславе будзе актыўна абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. Сёньня пра гэта будуць размаўляць міністры замежных справаў Вышаградзкай групы. А ў наступныя дні - эўрапейскія экспэрты ды палітыкі. У Братыславу накіравалася беларуская незалежная дэлегацыя.

З 2-га па 4-га сакавіка ў Братыславе праходзіць уплывовы міжнародны форум пад назвай «Globsec-2011», які прысьвечаны патаньням глябальных выклікаў для Цэнтральнай Эўропы. У форуме бяруць удзел больш за 500 прадстаўнікоў палітычных эліт з Эўропы ды ЗША. Заўтра на форуме адбудзецца дыскусія, прысьвечаная пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі. Заходнія адмыслоўцы будуць разважаць над тым, ці запрацуюць санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Сёньня ж беларускую тэму будуць абмяркоўваць у Братыславе міністры замежных справаў краіна Вышаградзкай групы – Польшчы, Чэхіі, Славаччыны ды Вугоршчыны. На гэтыя абмеркаваньні запрошаны Аляксандар Мілінкевіч, лідар Руху “За свабоду”. Перад самым вылетам у Братыславу Аляксандар Мілінкевіч сказаў нашай службе, што распавядзе заходнім палітыкам пра важнасьць салідарнасьці зЬ Беларусьсю ды вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.

Аляксандар Мілінкевіч: Я й сябры дэлегацыі, якія там будуць, мы прытрымліваемся аднолькавай думкі, што сёньня, калі ў Беларусі ідуць жорсткія рэпрэсіі супраць палітычных лідараў ды грамадзянскай супольнасьці, самае галоўнае – гэта салідарнасьць зь імі ды вызваленьне. Таму што для ўладаў сёньня самае галоўнае нагнятаньне страху ў краіне. Якімі сродкамі? Тут патрэбны пасьлядоўны ды адпаведны ціск з выкарыстаньнем усіх наяўных магчымасьцяў. Вельмі важнай рэччу зьяўляецца падтрымка грамадзянскай супольнасьці ды вольных СМІ, каб разбурыць прапаганду ды хлусьню дзяржаўных СМІ. Трэба змагацца за праўдзівае слова.

Гэта ня першая міжнародная канфэрэнцыя, дзе абмяркоўваецца пытаньне Беларусі. Нядаўна вялікая канфэрэнцыя адбылася ў Польшчы. Ці змогуць краіны Цэнтральнай Эўропы знайсьці новую стратэгію ў дачыненьнях зь Беларусьсю? Пра гэта мы размаўляем з прафэсарам Лодзінскага ўнівэрсытэту, знаўцам міжнародных адносінаў Пшэмыславам Жураўскім-вэль-Граеўскім.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: Цяпер склалася вельмі неспрыяльная міжнародная каньюнктура, калі казаць пра Беларусь. Вышаградзкія краіны могуць нешта прапанаваць, але шанцы прасунуць гэтую прапанову на ўзроўні ЭЗ у кантэксьце падзеяў у краінах Паўночнай Афрыкі вельмі малыя. Калі ў 2009 годзе падчас саміту Ўсходняга партнэрства з боку заходніх краінаў быў малы інтарэс да Беларусі, то сёньня большай зацікаўленасьці ня будзе. Таму трэба разьлічваць на ўласныя сілы, на сілы Вышаградзкай групы.

Якія сілы ды магчымасьці маюць Вышаградзкія краіны? На думку нашага суразмоўцы, Вышаградзкая група павінна сканцэнтравацца на некалькіх элемэнтах сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Гэта спрашчэньне візавага рэжыму, дапамога палітычным вязьням і падтрымка грамадзянскай супольнасьі, беларускай культуры й мовы, каб спрыяць зьменам у мэнталітэце беларусаў.

Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: Тут, на жаль, няма падставаў для вякага аптымізму. Унутры групы ёсьць напружаньні, якія тармозяць супрацоўніцтва. Больш за тое, актыўная палітыка па прыцягваньні Беларусі на Захад азначае палітычнае суперніцтва з Масквой. На гэта ў Цэнтральнай Эўропе ніхто не гатовы. Таму трэба канцэнтравацца на гэтак званай “арганічнай працы” – сацыяльнай ды культурнай падтрымцы беларускага руху, дапамозе рэпрэсаваным асобам, у тым ліку з Вышаградзкага фонду, падтрымцы незалежных СМІ ды спрашчэньню візавага рэжыму. Трэба таксама запрасіць да супрацоўніцтва Летуву. Яшчэ адна рэч – адчыніць магчымасьць для стварэньня істотных твораў для беларускай культуры, каб уплываць на зьмены мэнталітэту шырэйшых слаёў грамадзтва. Калі б зьявіўся, напрыклад, фільм, які ўзьдзейнічаў на гістарычную сьвядомасьць беларусаў, гэта прынясло б больш карысьці, чым дзясяткі канфэрэнцый.

Заходнія краіны канцэнтруюць цяпер сваю ўвагу на падзеях у арабскіх дзяржавах. Ініцыятыва па беларускаму пытаньню знаходзіцца цяпер па баку краін Цэнтральнай Эўропы. Спачатку Польшча, а цяпер краіны Вышаградзскай групы разважаюць над тым, што яны могуць зрабіць, каб спрыяць дэмакратычным пераменам у Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч