• Паміж радкоў беларускіх СМІ
  • 05.03.2011

Прэзыдэнцкія тэлеканалы на тыдні паказвалі асуджаных судамі актывістаў апазыцыі, якія ля дома ўраду грукалі ў яго дзьверы, дакладней, у драўляныя шчыты, якімі былі тыя дзьверы закрытыя. Судзьдзі лічылі гэтае груканьне злачынствам і выносілі актывістам апазыцыі прысуды ад трох да чатырох гадоў зьняволеньня. Ніякіх масавых акцыяў падтрымкі асуджаных ні ля судоў, ні ў іншых месцах праведзена не было.

На гэтую тэму цікавы артыкул “Ікорная апазыцыя, або некалькі пытаньняў Андрэю Дзмітрыеву” надрукавала газэта Наша Ніва. У ім пішацца пра акцыі самарэклямы руху “Гавары праўду”, прымеркаваныя да года існаваньня. Аўтар артыкула Андрэй Дынько трапна заўважае, што хваласьпевы кіраўнікоў руху аб палітычных посьпехах і дасягненьнях дысануюць з тым, што па сёньня актывісты руху не зладзілі ніводнай акцыі ў падтрымку свайго лідэра паэта Некляева ля яго дома, кватэра ў якім стала для яго часовай турмой. Нават калі б актывісты яго руху сабраліся пад вокнамі паэта й сьпелі песьню на яго вершы тады б усім было зразумела, што рух насамрэч існуе й змагаецца. Бо, нагадаю, што краіны Прыбалтыкі ведалі й сьпеўную рэвалюцыю.

Наша Ніва паведамляе, што 28 лютага Генэральны Сакратар Пан Гі Мун заклікаў абмеркаваць на Радзе Бясьпекі ААН пастаўкі зброі з Беларусі ў афрыканскую краіну Кот-д‘Івуар. А “Савецкая Беларусія” да прэзыдэнцкія тэлеканалы паведамілі, што па зьвестках інфармагенцтва Франс Прэс глава дэпартамента ААН апэрацыяў па падтрымцы міру Ален Леруа сказаў журналістам, што абвінавачваньні Беларусі былі згрунтаваныя на памылковым дакладзе экспэртаў. І што ён сустрэўся з прадстаўніком Беларусі ў ААН і “прынёс яму глыбокія шкадаваньні й прабачэньні за прагучаўшыя раней абвінавачваньні”.

З гэтай жа сэрыі прывяду больш просты прыклад, які покуль не набыў абвяржэньняў і не набудзе, але ёсьць вельмі павучальным. Усе незалежныя сайты й СМІ пісалі пра тое, як Лукашэнку асьвісталі, калі ён прыйшоў на хакейны турнір. А вось дыпляматы краінаў Эўразьвязу, якія былі ў гэты момант таксама, паведамілі мне, што такога не было. Падобныя інфармацыйныя качкі спакваля працуюць на дыктатарскі рэжым, ствараючы недавер да незалежных СМІ.

Яшчэ адным прыкладам інфармацыйнай вайны зьявілася паведамленьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міхалевіча, якога выпусьцілі на волю з турмы КДБ, пра тое, што да яго турме КДБ выкарыстоўвалі катаваньні, каб завербаваць у агенты КДБ. А калі ён даў падпіску, то яго выпусьцілі. Міхалевіч заявіў, што разрывае свае абавязкі быць агентам КДБ і чакае за гэта рэпрэсіяў. Наша Ніва прысьвяціла аналізу гэтага дзьве паласы. І вось кіраўнік прэсавай службы КДБ абверг факт вярбоўкі й паведаміў, што з турмы КДБ выпусьцілі Міхалевіча пасьля яго пакаяннага ліста прэзыдэнту, і шэраг СМІ надрукавалі фрагмэнты ліста. І скажыце, каму верыць? Тым больш, што падчас кампаніі Міхалевіч выглядаў ледзь не дублёрам дыктатара.

Дарэчы, “Савецкая Беларусія” за 4 сакавіка перадруквала артыкул зь нямецкай газэты “Берлінар цайтунг” пра катаваньні зьняволеных у турме Гуантанама.

Газэта “Камсамольская праўда у Беларусі” за 5 сакавіка паведаміла пра тое, што адваката Паўла Сапелку выключылі з калегіі адвакатаў, пасьля чаго ён страціў мажлівасьць бараніць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Саньнікава, кіраўніка перадвыбарчага штаба Рымашэўскага - Паўла Севярынца, а таксама кіраўніка Маладога фронту Дашкевіча. Кіраўнік праваабарончага цэнтра Вясна Алесь Бяляцкі ў Жэневе паведаміў, што яшчэ пяць адвакатаў страцілі права бараніць палітзьняволеных у Менску.

“Наша Ніва” друкуе лісты палітвязьняў з турмы на волю родным на дзьве паласы. На мой погляд, палітвязьням, як і тым, хто трапіў пад хатні арышт, не хапае акцыяў салідарнасьці. Яны маглі б пашыраць веды ў грамадзтве аб існаваньні рэпрэсіяў супраць актывістаў апазыцыі. Бо прапагандысты цьвердзяць пра тое, што палітвязьні – звычайныя крымінальныя злачынцы.
 
У сярэдзіне тыдня мне разам з групай палітычных лідэраў і аналітыкаў давялося пабываць у Братыславе. Там адбывалася шмат мерапрыемстваў. І паседжаньне Ўсходняга партнэрства, у якім браў удзел намесьнік міністра замежных справаў Варанецкі. І паседжаньне міністраў замежных справаў Вышэградзкай групы, канфэрэнцыя па глябальнай бясьпецы. Удзельнікі з Беларусі правялі пікет у цэнтры Братыславы, дзе стаялі з партрэтамі беларускіх палітзьняволеных, на мітынгу выступілі экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мілінкевіч, Шушкевіч, Казулін і міністар замежных справаў Славакіі Дзюрында. Усе асноўныя СМІ Братыславы паведамлі пра гэты пікет і мітынг.

А ўначы з 3-га на 4-га сакавіка мы пісалі дыктоўку па беларускай мове,  дыктоўку салідарнасьці. Уначы пісалі таму, што работа канфэрэнцыі скончылася пасьля 23-х гадзінаў і сьвет даведаўся пра ўльтыматум да дыктатара ад міністраў МЗС Вышэградзкай групы: калі палітвязьні ня будуць выпушчаны, да дыктатара могуць быць выкарыстаны эканамічныя санкцыі. З ініцыятывай правядзеньня дыктоўкі салідарнасьці выступіў супрацоўнік МЗС Славакіі Любамір Рэгак, які падчас першай дыктоўкі ў 2008-м годзе кіраваў амбасадай Славакіі ў Беларусі. Мы пісалі эстафэтным спосабам верш славацкага паэта Гвездаслава пра родную славацкую мову. Верш быў перакладзены да першай дыктоўкі са славацкай мовы на беларускую Любамірам Рэгакам і Васілём Сёмухам. Пісалі: Любамір Рэгак, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Аляксей Янукевіч і я. Дыктаваў Станіслаў Шушкевіч. Кожны пісаў мікраверш. Лісты з напісанай дыктоўкай і допісам ад кожнага мы вырашылі накіраваць палітзьняволеным.

У. Падгол