• Рэдакцыйная дыскусія
  • 09.03.2011

У гэтай перадачы я хацела б падсумаваць крыху перапіску з нашымі слухачамі, конкурсы, якія ладзіць у рамках нашага эфіру Юрась Сьцяпанаў, водклікі на нашыя выпускі.
Першы ліст, які я прадстаўлю, прыйшоў зь вёскі Старая Буда ад Сяргея Балбасава. Тэкст быў напісаны напрыканцы сьнежня, я прачытаю Вам яго зьмест:

“Ну, вось і прыйшоў час, а дакладней дзень, калі ўжо можна падвесьці вынікі адыходзячага году. Цягам гэтага часу мне даводзілася неаднойчы ўдзельнічаць у розных конкурсах, якія ладзіліся на вашых хвалях. Гэта й гданьскія тэставаньні, і гендэрныя абмеркаваньні, і, самае галоўнае, конкурс рапартаў. Наколькі мне вядома, конкурсы гэтыя рыхтаваў ваш супрацоўнік Юрась Сьцяпанаў. Вялікі й шчыры яму дзякуй за іх арганізацыю. Таксама хацеў бы выразіць шчырую ўдзячнасьць Юрасю за лістоўную перапіску й шматлікія тэлефонныя размовы, у якіх мы вельмі часта абмяркоўвалі дзейнасьць беларускай рэдакцыі ПР, а таксама іншыя радыйныя тэмы. Шчыра ўдзячны гэтаму чалавеку таксама за тое, што ён неаднойчы імкнуўся аказаць мне ўсялякага роду дапамогу. Спадзяюся, што й у новым годзе наш кантакт з БСПР будзе захаваны. Шчыра віншую ўсіх супрацоўнікаў з Новым годам і Калядамі!”

Вялікі дзякуй за гэты ліст, дарагі спадар Сяргей. Я таксама спадзяюся, што вашая вялікая актыўнасьць у перапісцы з намі будзе захаваная, а Юрасю напэўна вельмі прыемна атрымаць ад Вас пахвалу.

Чарговы допіс прысланы здалёк, з Расеі, з Маскоўскай вобласьці. Піша Ўладзімір Гудзэнка:
«Вельмі дзякуй за вашы падарункі, слоўнікі, граматыку, радыйныя анкеты. “Слоўнік для дзяцей беларуска-польскі ды польска-берларускі” Валерыі Ждановіч – гэта дужа каштоўная  кніга. Удзячны вам за прыгожыя альбомы, за ўдзел у апошнім гданьскім конкурсе.

Я слухаю беларускамоўныя перадачы з Варшавы ня толькі праз інтэрнэт, але й таксама на кароткіх ды сярэдніх хвалях. Маё ліставаньне з Польскім Радыё – Радыё Палёнія ідзе знад 1970-х гадоў…Сардэчна дзякую!»

Спадар Уладзімір, здаецца, самы даўні слухач Польскага радыё, праграмы для замежжа. Нашыя перадачы пачалі выходзіць у эфір на пачатку 90-ых гадоў, у 70-ых не было пэўна нават і думкі, каб заснаваць беларускую рэдакцыю. Вы маглі б шмат цікавага напісаць, расказаць пра гісторыю нашай радыёстанцыі, як гучалі перадачы раней, на якой мове Вы іх слухалі, можа было ў іх нешта, да чаго варта было б вярнуцца й цяпер. Калі ласка, напішыце нам, калі будзе ў Вас час і жаданьне падзяліцца з намі сваімі разважаньнямі й досьведам.

І яшчэ адзін ліст ад пастаяннага слухача, а хутчэй слухачкі. Яўгенія Цюркіна дзеліцца сваімі меркаваньнямі пра конкурс, які датычыў Кашубскага краю.

„Высылаю Вам віктарыну пра Кашубскі край і рапарты. Канешне, віктарына запоўнена дзякуючы вашым падказкам. Справа ў тым, што матэрыялы амаль на ўсе пытаньні немагчыма было знайсьці. Асабліва пра 12-ы зьезд кашубаў. Уся бяда ў тым, што інтэрнэт настаўлены толькі на расейскую мову. Я карыстаюся інтэрнэтам у тэхнічнай бібліятэцы. А там толькі на расейскай або ангельскай мове. А ў польскім дом не магу ісьці. У Магілёўскам польскім доме не пераносяць беларускую мову, а ўсе пытаньні ў віктарыне на беларускай мове. Вось і прыходзіцца на некаторыя пытаньні даваць недакладныя адказы, паколькі былі яны ўзятыя з інтэрнэту.”

Сапраўды, цяжка адказаць на пытаньні, зададзены па-беларуску, калі ў ваc няма доступу да інтэрнэту на беларускай мове. Але, я думаю, што Вы маглі б карыстацца польскім пашукавіком Google.pl. Калі там у кампутары ёсьць ангнельская мова, то можна адкрыць і польскі Google. Толькі трэба ўпісваць словы таксама па-польску, але думаю, што некалькі выразаў на гэтай мове Вы былі б у стане напісаць. Ведаючы й расейскую, і беларускую мовы, напэўна зразумелі б напісаны тэкст па-польску. Хаця дзіўна, што ў Польскім доме так ня любяць беларускую мову, як правіла беларускія палякі шануюць і ведаюць мову краіны, дзе жывуць. Але Вам дзякуем за актыўны ўдзел у віктарыне, тым больш, калі адказы прыходзілася здабываць з такой цяжкасьцю.

Наступны ліст ад Дануты Крупіцы зь Ліды. Яна дзякуе за атрыманыя падарункі, паштоўку на сьвяты. “Слухаю вашыя перадачы й шчыра дзякую за іх карысны зьмест, шматлікія густоўныя й зьмястоўныя рубрыкі: гістарычныя, падарожжаў ды актуалій. Мяркую, ваша праца не прападзе. Застаюся вашай слухачкай. Я згодная, што пераможцы конкурсу, якія паехалі ў Гданьск у рамках узнагароды, годна прадстаўлялі беларускіх радыёслухачоў. Спадзяюся, што рэдакцыя й надалей будзе працаваць на такім высокім узроўні, ініцыяваць конкурсы, віктарыны, каб актывізаваць творчасьць слухачоў зь Беларусі, Украіны, Расеі.”

Вялікі дзякуй Вам, спадарыня Данута, і заахвочваем прымаць удзел у нашых конкурсах.                                                    
нг