• Пашыраецца скандал вакол "дэпэшаў польскага МЗС"
  • 10.03.2011


Справа “дэпэшаў польскага МЗС” атрымала новы абарот. Пасьля публікацыі ў польскіх СМІ гэтай тэмай занялася прэзыдэнцкая “СБ-Беларусь сёньня”. Найвялікшая беларуская штодзёнка абвінаваціла Радаслава Сікорскага ў стварэньні антыбеларускай сыстэмы. Менск і Варшава на парозе глыбокага канфлікту?

Беларускія дзяржаўныя СМІ працягваюць крытыкаваць міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага й польскую палітыку ў дачыненьні да афіцыйнага Менска. Сёньня на першай старонцы штодзёнка “Савецкая Беларусія” апублікавала артыкул пад назвай "WikiLeaks па-варшрўску", у якім камэнтуе апублікаваную ў Польшчы “карэспандэнцыю” паміж МЗС і польскай амбасадай у Беларусі. Больш падрабязна пра зьмест артыкула распавядае Ўладзімер Пац, карэспандэнт Польскага радыё ў Менску.

Уладзімер Пац: Паводле беларускай газэты, “карэспандэнцыя” сьведчыць пра фінансаваньне беларускай апазыцыі польскімі ўладамі. Польскае МЗС называе гэтыя лісты фальшыўкамі. Справай занялося Агенцтва ўнутранай бясьпекі. Газэта „Савецкая Беларусія” піша, што камэнтары сьведчаць пра актыўны ўплыў польскіх палітыкаў на белаурскую апазыцыю. Газэта падкрэсьліве, што ўсю гэтую працу каардынаваў міністар Сікорскі.  Праз Варшаву ішлі ў Менск грошы на падтрымку апазыцыі. У артыкуле пішуць, што на тэрыторыі Польшчы праводзіўся інструктаж галоўных удзельнікаў падзеяў 19-га сьнежня, то бок пасьлявыбарчай дэманстрацыі апазыцыі.

Што цікава, беларускае выданьне не задае пытаньняў наконт аўтэнтычнасьці дэпэшаў у адрозьненьне ад польскіх СМІ, якія адзінагалосна сьцьвердзілі, што гэтыя дэпэшы фальшыўка. У Польшчы распаўсюджана меркаваньне, што “беларускі WikiLeaks” – гэта насамрэч беларускае КДБ. Гаворыць Міхал Кацэвіч з часопіса „Newsweek-Polska”.

Міхал Кацэвіч: У Беларусі даўно існуе WikiLeaks, які называецца дэпартамэнт выведкі КДБ. Там прадукуюць і прыдумваюць такія рэчы. Бачна, што гэтая справа ўпісваецца ў стратэгію Лукашэнкі, агучаную адрузу пасьля выбараў, што Польшча й некаторыя іншыя заходнія краіны стаяць за дэманстрацыямі й непакоямі ў Менску. Яны былі ініцыяваныя польскім МЗС.  Усе мэдыйныя атакі ды цяперашнія дэпэшы ўпісваюцца ў гэтую стратэгію, каб абвінаваціць Польшчу  ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы й падтрымцы апазыцыі. Гэта дае Лукашэнку прапагандыцскія плюсы: падкрэсьліваецца адвечны вораг Польшча ды ачарняецца апазыцыя, якая нібыта пайшла на калябарацыю з замежнай дзяржавай.

Наш менскі аглядальнік Уладзімер Падгол зьвяртае ўвагу на тое, што беларуская прэзыдэнцкая газэта наўпрост абвінавачвае Радаслава Сікорскага ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Беларусі ды ў стварэньні антыбеларускай сыстэмы.

Уладзімер Падгол: Газэта піша так, быццам бы гэтыя лісты неабвержаныя ды насамрэч існуюць. Потым сюды прыцягваецца Качыньскі, які абвінавачвае Сікорскага ў тэндэнцыйнасьці.  Так „СБ” піша: “Паступіўшыя ў варшаўскія газэты матэрыялы канчаткова зрываюць маскі зь Сікорскага ды створанай пад яго кіраўніцтвам антыбеларускай палітычнай сыстэмы. Таксама праводзяць параўнаньні зь WikiLeaks і сьмяюцца з спробаў ведамства Сікорскага абвергнуць дакумэнты ды прыпісаць іх аўтарства нейкім спэцслужбам. Я думаю, гэта спроба спэцслужбаў Расеі ці Беларусі ўплываць на суадносіны палітычных сілаў у Польшчы.

Дасьледчыкі беларуска-польскіх адносінаў неаднаразова зазначалі, што ў Польшчы ды Беларусі не было ў сучаснай гісторыі канфліктаў, у адрозьненьне ад Расеі ці Ўкраіны. Відаць, сёньня нехта хоча зьмяніць гэтую сытуацыю. Ці “дэпэшавы скандал” зьяўляецца сьведчаньнем таго, што на нашых вачах пачынаецца глыбокі канфлікт паміж Варшавай і Менскам? Адказаць на гэта пытаньне мы папрасілі палітоляга Юрыя Шаўцова.

Юры Шаўцоў: Не. Я думаю, што гэта не пачатак канфлікту. Гэта хутчэй польская фрустрацыя, якая зараз выяўляецца ў выглядзе таго, што некаторыя палітыкі ў Польшчы павялі неадэкватную палітыку ў адносінах да Беларусі.  Але гэта не палітыка Польшчы, як дзяржавы, бо Польшча ня мае імпэрыялістычнага досьведу.

Калі не канфлікт, то як бы вы спрагназавалі далейшае разьвіцьцё сытуацыі ў беларуска-польскіх адносінах?

Юры Шаўцоў: Будзе ісьці эскаляцыя канфлікту паміж Беларусьсю й Эўропай, пакуль у нас ня скончацца працэсы над тымі, хто абвінавачаны ў масавых беспарадках. Потым усё ўсталюецца. Ясна, што ня будуць людзі сядзець такія буйныя тэрміны, іх павыпускаюць. Хутчэй за ўсё эскаляцыя будзе цягам гэтага году. У 2012 годзе ў нас адбудзецца парлямэнцкая кампанія, падчас якой ёсьць шанец, што будзе створана канструктыўная апазыцыя. Гэта значыць, што зьявіцца шанец на паляпшэньне адносінаў з Захадам.

Як падкрэсьлівалася ўчора ў нашым этэры, “дэпэшавы скандал” – гэта элемент інфармацыйнай вайны, якую афіцыйны Менск вядзе сёньня з Захадам. Сёньня гэта падцьвердзіла сваім артыкулам прэзыдэнцкая газэта “Савецкая Беларусія”. Сёньня экспэрты выказваюць меркаваньне, што афіцыйны Менск такім чынам помсьціць польскаму міністру Радаславу Сікорскаму за яго актыўную пазыцыю па Беларусі пасьля выбараў, у тым ліку й абяцаньне выдзеліць дапамогу грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч