• Зімовая ўсходняя школа ва Ўроцлаве
  • Audio7.15 MB
  • 11.03.2011

Ва Ўроцлаве студэнты з чатырох краін – Беларусі, Расеі, Украіны і з Польшчы сустрэліся на два тыдні ў рамках Зімовай усходняй школы.  Удзельнікі – гэта студэнты факультэтаў,  зьвязаных зь гісторыяй і сучаснасьцю Ўсходняй Эўропы. Гэта такі пляцдарм абмену думкамі будучых эліт усходніх суседзяў Польшчы. Горад ужо восьмы па ліку раз прымае ўдзельнікаў праграмы, галоўнымі арганізатарамі якой зьяўляюцца ўроцлаўская НДА „Kolegium Europy Wschodniej” і варшаўскае „Studium Europy Wschodniej”.

Старшыня Калегіюму Ўсходняй Эўропы Ян Анджэй Дамброўскі падкрэсьлівае элітарнасьць Зімовай усходняй школы.

Ян Анджэй Даброўскі: Студэнтам Усходняй зімовай школы можна быць толькі адзін раз у жыцьці, у адзін момант свайго жыцьця. Якраз толькі тады, калі чалавек зьяўляецца студэнтам апошняга, пятага курсу. І, на жаль, калі каму не пашанцуе й яму ня ўдасца паступіць, больш такога шанцу ня будзе. Але ёсьць магчымасьць стаць стыпэндыятам іншых праграм, якія таксама працуюць у Польшчы. У Зімовую ўсходнюю школу падае заявы даволі многа кандыдатаў: кожны год 3-4 чалавекі на адно месца. Таму можна сказаць, што гэтая школа элітарная.  Сёлета мы прынялі 40 студэнтаў з чатырох краін. І гэта аптымальная колькасьць студэнтаў.

Дырэктар Ян Анджэй Дамброўскі зазначае, што Зімовая школа зусім не палітычная.

Ян Анджэй Дамброўскі:  І таму сярод студэнтаў ёсьць людзі зьвязаныя з БРСМ і зь іншымі беларускімі дзяржаўнымі структурамі, але нас гэта не цікавіць. Ёсьць таксама студэнты, якія праяўляюць прадэмакратычныя сымпатыі, і яны  зьвязаныя зь беларускай апазыцыяй. Мы да гэтага не прывязваем увагі. Палітычны крытэр у нас не адыгрывае ніякага значэньня.

Удзельнікамі Зімовай усходняй школы зь Белярусі зьяўляюцца навучэнцы Берасьцейскага, Гарадзенскага, Віцебскага ўнівэрсытэтаў, а таксама БДУ.

Яўген Глінскі, 5-ы курс, БДУ: Для мяне ідэя гэтай школы важная з з навуковага пункту гледжаньня. Студэнты знаёмяцца з дасягненьнямі польскай, летувіскай навукі – тут выступаюць прафэсары з розных краін. Мы можам пазнаёміцца з культурай Польшчы, самой краінай, а таксама з прадстаўнікамі розных народаў – беларусаў, украінцаў, палякаў, расейцаў. Магчыма, гэта дазваляе пазбавіцца многіх стэрэатыпаў, якія існуюць паміж нашымі народамі.

Гэтая школа заканчваецца тэставаньнем. Прысутнасьць на ўсіх занятках абавязковая. На вашую думку, гэта добра, што так правяраюць вашы веды?

Яўген Глінскі: Я, як кожны сапраўдны студэнт, ня вельмі люблю тэсты, праверкі. Я хацеў бы, каб мне далі адразу дыплём, а я б мог з ім рабіць усё, што заўгодна. Але я разумею, што тэст патрэбны, рыхтуючыся да тэсту, ты яшчэ раз прадумваеш тое, што пачуў, і можа даходзіш другім, трэцім розумам да сутнасьці справы.

Удзельнікі школы займаліся ў чатырох сэмінарных групах: па літаратуры, па гісторыі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, па гісторыі былых рэспублік СССР,  і па міжнародных узаемадачыненьнях. Кожны стыпэндыят павінен быў выступіць з рэфэратам па тэме, якую ён дасьледуе.

Сяргей Чарняўскі, студэнт 5-га курса філялёгіі БДУ: Мяне цікавіць культурны бок. Стасункі беларускай і польскай культуры як-раз асьвятляюцца падчас заняткаў, сэмінараў школы. У сваім рэфэраце я хацеў паказаць, што часам мы, у 21-ым стагодзьдзі, сьвяткуем нейкія сьвяты ці ўдзельнічаем у звычаях, не разумеючы іх сутнасьці, толькі таму, што гэта папулярна. А мяне перад усім цікавяць карані – адкуль ідзе свята, звычай, чаму мы робім менавіта так, а не іншым чынам. Часам мы, самі таго не разумеючы, працягваем даўнейшую традыцыю, якая была закладзена шмат гадоў таму, дадаючы нешта новае. Я разглядаў гэта на прыкладах такіх сьвятаў, як Божае нараджэньне, Каляды.

Прафэсар Мацей Мруз, які вёў сэмінар па міжанродных узаемадачыненьнях, адзначае пэўную адметнасьць поглядаў студэнтаў зь Белярусі.

Мацей Мруз: Паводле мяне, адрозьненьне ў поглядах палягае перш за ўсё на тым, што яны глядзяць на міжнародныя пытаньні, на супрацоўніцтва ў значнай ступені праз прызму сваёй дзяржавы, а не больш шырока – рэгіёну. Магчыма, гэта зьвязана з абмежаваным доступам да інфармацыі,  да замежных паездак, з адстутнасьцю магчымасьці абмену думкі. Можна сказаць, гэтыя студэнты „беларусацэнтрычныя”, інакш, чым калегі з Украіны ці Расеі, у якіх ёсьць больш магчымасьцяў выязджаць, кантактаваць і заадно яны больш адкрытыя. Я найперш маю на ўвазе ўдзельнікаў з Украіны.

Студэнт з Украіны Александр Марусяк сьцвярджае, што ўдзел ва Ўсходняй зімовай школе дапамагае ўпарадкаваць веды, якія ў яго ўжо ёсьць. Карысна таксама тое, што можна весьці дыскусіі з выкладчыкамі, якія выходзяць па-за межы таго, што надрукавана ў падручніках. У сваю чаргу размовы з калегамі зь іншых краін дапамагаюць зразумець адметнасьці й тое, што яднае ўсіх прадстаўнікоў Усходняй Эўропы.

Аляксандар Марусяк, Львоў: Большасьць лекцыяў дапамаглі мне дэталізаваць і ўбачыць практычны элемэнт многіх рэчаў. Зразумела, мы пра іх кажам і ва Ўкраіне: пра дэмакратыю, пашырэньне ЭЗ, усходнюю палітыку дзяржаў, але гэта нешта больш абстрактнае, мы пра гэта чулі, але ня ведаем, як яно дзейнічае й навошта нам патрэбнае. Тут прыклады падаюцца ў крышку іншай форме, можна дыскутаваць з выкладчыкамі, гэта выходзіць за межы сухога надрукаванага тэксту. Таксама мне падабаецца, што ў розных маіх калег абсалютна рознае ўспрыняцьцё сьвету. Гэта дазваляе ацаніць адрозьненьні й падабенствы прадстаўнікоў Усходняй Эўропы. 

Студэнты Зімовай усходняй школы мелі магчымасьць сутрэцца са знакамітымі польскімі вучонымі,такімі як мовазнаўца прафэсар Ян Мёдэк ці выдатны гісторык прафэсар Ежы Клачоўскі. Была таксама нагода пагутарыць з намесьнікам мэра Ўроцлава. Акрамя гэтага арганізатары падрыхтавалі багатую й цікавую культурную праграму.

Каб стаць студэнтам наступнага выданьня Зімовай усходняй школы 2012 трэба напрыканцы году – у кастрычніку, лістападзе падаць заяву ў электронным выглядзе на адрас гэтай школы. Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на сайце Калегіюму Ўсходняй Эўропы – kew.org.pl

Яланта Сьмялоўская