• Рэвалюцыі ў арабскім сьвеце: погляд з Захаду ды Ўсходу
  • 13.03.2011

Калі ў Тунісе “вуліца” зрынула Бэн Алі, а ў Эгіпце Мубарака, заходнія краіны павіншавалі дэманстрантаў. Кітайскія ўлады пачалі палохаць грамадзтва катастрофай “хаосу”. Беларускі кіраўнік назваў Захад здраднікам і абвесьціў пра гатоўнасьць любым коштам захаваць стабільнасьць.

“Арабскія рэвалюцыі”, якія пачаліся з падзеяў у Тунісе, а потым перакінуліся на іншыя краіны рэгіёну, сталі нечаканасьцю. Перад падзеямі ў Тунісе здавалася, што рэжымы, якія кіруюць арабскімі краінамі дзесяцігодзьдзямі – непахісныя. Трагічная сьмерць “аднаго маленькага чалавека” ўскалыхнула асновы арабскага сьвету. І ня толькі.

Заходнія СМІ ды аналітыкі пачалі адразу падтрымліваць маніфэстантаў, называючы гэта барацьбой грамадзтва за свае правы й свабоду. Рэакцыя палітыкаў была больш стрыманай. З аднаго боку, яны падтрымлівалі дэмакратычныя памкненьні насельніцтва арабскіх краінаў. З другога боку, аўтакраты, якія дзесяцігодзьдзямі кіравалі гэтымі дзяржавамі, былі бізнэс-партнэрамі, саюзьнікамі, гарантамі стабільнасьці ў рэгіёне. Асабліва яскрава гэтая пазыцыя праявілася падчас падзеяў у Эгіпце і Саўдаўскай Арабіі.

Больш эмацыйная ды адназначная рэакцыя на “арабскую рэвалюцыю” назіралася ў аўтарытарных краінах. Напрыклад, кітайскія ўлады, адны зь сёньняшніх лідараў “аўтарытарнага сьвету” адразу папярэдзілі сваіх грамадзянаў, што тыя не павінны слухаць заклікаў да пратэстаў як у Тунісе, так і ў іншых арабскіх краінах. Любая пагроза стабільнасьці Кітая скончыцца катастрофай – папярэдзіла дзяржаўная штодзёнка "China Daily". “Усе ведаюць, што стабільнасьць – гэта блаславенства, а хаос – катастрофа”, - напісала газэта Камуністычнай партыі Кітая. Пра рэакцыю “Паднябеснай” на рэвалюцыйныя падзеі ў арабскіх краінах распавядае кіраўнік дасьледчага цэнтру “Польшча – Азія” Радаслаў Пыфэль.

Радаслаў Пыфэль: Апошнія падзеі ў Паўночнай Афрыцы не напаўняюць кітайскія ўлады аптымізмам. Гэтаму ёсьць тры прычыны. Па-першае, у кітайскай дактрыне разьвіцьця ёсьць такі пункт, як забесьпячэньне міжнароднай стабільнасьці. Таму Кітай хоча стабілізаваць палітычную сцэну ва ўсім сьвеце. Яны лічаць, што могуць разьвівацца толькі ў такім асяродзьдзі. Любая вайна ці грамадзкі выбух азначае перашкоду для рэалізацыі галоўнай мэты кітайскіх уладаў. Па-другое, любое адхіленьне дыктатара ад улады азначае пагрозу для аўтарытарнай мадэлі разьвіцьця. Як вядома, Кітай зьяўляецца аўтарытарнай дзяржавай, аўтарам “пэкінскага кансэнсусу” дыктатараў сьвету. Па-трэцяе, магчымасьць экспарту грамадзкага незадавальненьня з аўтарытарных краін у Кітай. Нягледзячы на ўсе адрозьненьні, ужо былі спробы пераносу такіх пратэстаў у Кітай. Улады задушылі іх у зародышы, але застаецца шмат нявырашаных сацыяльных праблемаў. Таму адхіленьне ад улады афрыканскіх дыктатараў непакоіць кіруючыя колы ў Пэкіне.

Сваё стаўленьне да падзеяў у Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе выказалі й беларускія ўлады. Дзяржаўныя СМІ імкнуцца не акцэнтаваць увагі на апошніх падзеях у гэтых краінах. Артыкулы, якія зьяўляюцца, кажуць пра тое, што ў арабскіх краінах выбухнулі масавыя беспарадкі, пра пагрозу масавага наплыву ўцекачоў у Эўропу ды пра радыкальную ісламізацыю арабскага Ўсходу. Аляксандар Лукашэнка нават выказаў абурэньне тым, што Захад здрадзіў і не бараніў зрынутых дыктатараў. Пра тое, як у Менску бачыцца сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы ды Блізкім Усходзе мы размаўляем з палітолягам-міжнароднікам Андрэем Фёдаравым.

Андрэй Фэдараў: Зьяўляюцца нейкія разважаньні на гэтую тэму. Яе камэнтаваў і Лукашэнка ў сваіх інтэрвію. Стаўленьне да гэтых падзеяў нэгатыўнае. Бо гэта тое, чаго яны баяцца й хочуць пазьбегнуць тут. Але ім цяжка некага тут абвінавачваць, бо Захад тут не прыклаў руку. Таму яго абвінавачваюць у тым, што Захад не падтрымаў сваіх хаўрусьнікаў, як той жа Мубарак.

Падзеі ў Афрыцы паказалі, што аўтарытарныя рэжымы вельмі няўстойлівыя. Нават у такіх краінах, як Лібія, дзе дыктатар даўно зьнішчыў унутраную апазыцыю, меў сталыя гандлёвыя адносіны з Захадам, выбухнуў узброены супраціў. Заходнія экспэрты ўжо заклікаюць ЭЗ перагледзець сваю палітыку ў бок большай падтрымкі дэмакратызацыі. Ці падзеі ў арабскім сьвеце стануць навукай і для Лукашэнкі?

Андрэй Фёдараў: З аднаго боку, Лукашэнка да гэтага здольны, а з другога – не. Відавочна, што адна з галоўных прычынаў тых падзеяў – гэта эканоміка. Мелі значэньне й рэлігійныя спрэчкі ды адсутнасьць дэмакратыі, але асноўная эканоміка. Таму Лукашэнка будзе засяроджвацца тут на эканоміцы. У сваю чаргу, мы ня бачым тут зацікаўленасьці дэмакратыяй сярод насельніцтва. Рэлігійных спрэчак тут няма. Таму магчыма рабіць параўнаньні, але я б паасьцярогся праводзіць аналёгіі, што тут нешта хутка адбудзецца.

«Арабскія рэвалюцыі» яшчэ не скончыліся. Стаўленьне да гэтых падзеяў у сьвеце рознае. У прадстаўнікоў аўтарытарных краінаў яны выклікаюць непакой. Грамадзкая думка на Захадзе падтрымлівае дэмакратычныя памкненьні арабскага Ўсходу. Заходнія палітыкі больш стрыманыя ў сваіх ацэнках. Разам з тым экспэрты ўжо заклікаюць ЭЗ памяняць свой падход да адносінаў з дыктатарыскімі краінамі, якія непрадказальныя й дзе нельга выключыць самыя неверагодныя сцэнары.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч