• Менск баіцца санкцыяў
  • Audio3.95 MB
  • 11.03.2011

10 скавіка суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд тром чарговым удзельнікам маніфэстацыі 19 сьнежня. Дзьмітры Мядзьведзеў, Арцём Брэўс і Іван Гапонаў не былі поўнасьцю апраўданыя, аднак і не трапілі за краты, як гэтага патрабаваў артыкул аб масавых беспарадках. Лёгіка суду засталася невядомай. Якімі матывамі кіраваліся ўлады, выносячы прысуд двум маладым грамадзянам Расеі й менскаму прадпрымальніку?


Прадпрымальнік Дзьмітры Мядзьведзь быў прысуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня на папраўчыя работы. Маладыя расейцы Арцём Брэўс і Іван Гапонаў атрымалі штрафы. Пры гэтым абргунтаваньня вэрдыктаў суд не падаў. Артыкул аб масавых беспарадках не прадугледжвае іншага пакараньня, акрамя  пазбаўленьня волі. Такім чынам, абвінавачаныя павінныя былі альбо трапіць за краты, альбо быць поўнасьцю апраўданыя.

На якой падставе Дзьмітрыя Мядзьведзя, Арцёма Брэўса і Івана Гапонава  пакаралі пазбаўленьнем волі й штрафамі – невядома. Праваабаронцы цешацца адноснай мяккасьцю прысудаў, але пакуль не разумеюць, якім артыкулам крымінальнага кодэксу кіраваўся суд, калі іх выносіў – кажа юрыст Алена Танкачова.  

А. Танкачова: Як нармальныя людзі, мы, канешне, радыя, што падсудныя не атрымалі тры ці чатыры гады калёніі. Аднак узьнікае пытаньне: чаму насамрэч мы радыя? Наколькі законна гэтыя прысуды былі вынесеныя ўвогуле?

Акрамя таго, абвінаваўцам так і не ўдалося даказаць, што на Плошчы сапраўды адбываліся масавыя беспарадкі, лічыць Алена Танкачова.


А. Танкачова: Паказаньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў ніякім чынам ня сьведчаць, што на Плошчы адбываліся падпалы й узброены супраціў ворганам улады, што зьяўляецца асноўнымі прыкметамі масавых беспарадкаў. Па-другое, усіх траіх абвінавачаных судзілі за адзін і той жа ўчынак другі раз! Усе трое асуджаных адсядзелі ў адміністратыўным арышце, а іх дзеяньні на Плошчы суд раней кваліфікаваў як адміністратыўнае правапарушэньне. Дзіўна -  за той жа самы ўчынак людзі падвяргаюцца ўжо крымінальнаму перасьледу!

Пакуль ня будуць агучаныя поўныя тэксты прысудаў спадарам Брэўсу, Гапонаву і Мядзьведзю, дзе будзе паданая матываця суда, прадказаць лёс наступных абвінавачаных па справе 19 сьнежня нельга – кажа Алена Танкачова. 

Пры пэўных абставінах беларускі крымінальны кодэкс прадугледжвае пакараньне, лагаднейшае за ніжэйшую мяжу. Аднак ранейшыя выпадкі гандлю палітвязьнямі даказваюць, што у судовых працэсах беларускія ўлады кіруюцца прававымі крытэрыямі ў найменшай ступені – заявіў палітоляг Юры Чавусаў. Лагодны прысуд траім удзельнікам маніфэстацыі стаў вынікам пагрозы адначасовых санкцыяў з боку ЗША, Эўразьвязу і нават Расеі – лічыць палітоляг.

Ю. Чавусаў: Крытыка у справе парушэньня правоў чалавека ў дачыненьні менавіта да гэтых зьняволеных гучала адначасова з Брусэлю, Вашынгтону й Масквы. Гэта вельмі грозны знак для беларускіх уладаў. На Менск паўплывала гатоўнасьць Эўразьвязу ўвесьці эканамічныя санкцыі па прыкладу ЗША. Можна сказаць, што Эўропа і Злучаныя Штаты згулялі ў “добрага й злога паліцэйскага”, а недзе ў ценю хаваўся расейскі паліцэйскі – самы страшны для Менску, асабліва калі ўлічваць, што ў бліжэйшыя гады Беларусь патрапіць у яшчэ большую залежнасьць ад Масквы.

Памятаючы пра пагрозу санкцыяў, улады будуць пазьбягаць жорсткіх прысудаў, але некаторыя з маніфэстантаў усё роўна будуць кінутыя за краты – прагназуе Юры Чавусаў.

Ю. Чавусаў: Нас, хутчэй за ўсё, яшчэ чакае працэс над асобай, якая відавочна біла шкло ў Доме ўраду, якую прадставяць назіральнікам ад АБСЭ ў якасьці яскравага ўдзельніка “масавых беспарадкаў”. А прысуды ў дачыненьні да кандыдатаў у прэзыдэнты, кіраўнікоў перадвыбарчых штабоў і лідараў партыяў, такіх як Саньнікаў, Лябедзька, Фядута, я думаю, плянуюцца па-ранейшаму жорсткія.

Эўразьвязу і беларускім дэмакратам трэба будзе надалей ціснуць на беларускія ўлады, каб яны вызвалілі ўсіх арыштаваных за падзеі на Плошчы. Аднак палітычны ціск карысны толькі ў справе вызваленьня палітвязьняў. Уплываць на дэмакратызацыю ці лібэралізацыю Беларусі можа ня ціск, а толькі перамовы – папярэдзіў Юры Чавусаў.  

Аляксандар Папко