• Рэдакцыйная пошта
  • 12.03.2011

Шчыра вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!

Cлухач Фэлікс Варвашэвіч зь вёскі Макава Ганцавіцкага раёна Берасьцейскай вобласьці адгукнуўся на запрашэньне ўдзельнічаць у кашубскім конкурсе. Праўда, ён не прыслаў адказы на віктарыну, а напісаў ліст з прапановай адправіць яму радыёпрыёмнік.
Спадар Варвашэвіч сьцьвярджае, што стары савецкі “Океан” ён выкінуў. Пошукі іншага апарата былі безвыніковымі. У Лунінцы і Баранавічах наш прыхільнік не знайшоў нічога падобнага на ранейшы прыёмнік. Аднак усё ж нешта набыў. Але гэта кепская рэч толькі з FM-дыяпазонам ды сярэднімі хвалямі. Прымаць нашы перадачы Фэлікс Варвашэвіч пакуль ня можа. Вось і просіць прыслаць прыёмнік.
Трэба адзначыць, што спадар Варвашэвіч – гэта ня першы чалавек, які хоча атрымаць ад Беларускай рэдакцыі радыёапаратуру. За апошнія некалькі месяцаў гучалі яшчэ дзьве просьбы на гэты конт.
Я вымушаны ў чарговы – і, спадзяюся, у апошні – раз адказаць на такія жаданьні нашых слухачоў. 

На жаль, аніводная станцыя ня мае фінансавых і тэхнічных магчымасьцяў, каб масава рассылаць прыёмнікі. Ня выключэньне і наша радыё.
Аднак паўтару яшчэ раз тое, што казаў у адной з апошніх перадач: высокаякасны прыёмнік вядомай маркі можна выйграць, беручы ўдзел у некаторых конкурсах Беларускай рэдакцыі. Летась было некалькі такіх радыёспаборніцтваў. Я спадзяюся, што і сёлета зладжу прынамсі два-тры падобныя конкурсы. Таму запрашаю сачыць за нашым эфірам і праглядаць рэдакцыйную старонку.
Дарэчы, сёлета Польскае радыё для замежжа адзначае 75 гадоў з моманту свайго ўзьнікненьня. Наступнай зімой будзем сьвяткаваць дваццаты юбілей існаваньня Беларускай службы.
Магчыма, з нагоды гэтых дат я правяду нейкія буйныя конкурсы зь цікавымі ўзнагародамі, у тым ліку радыёпрыёмнікамі.
Хто ведае, можа таксама зладжу паездку нашых актыўных прыхільнікаў у Польшчу? Пяць гадоў назад нешта такое было зроблена. Відаць, варта паўтарыць. А як вы думаеце? Напішыце пра гэта. Буду чакаць.   
Паступова завяршаецца зімні сэзон вяшчаньня. Таму самы час зрабіць агляд чутнасьці за апошнія месяцы. Падазраю, што наступная гаворка аб прыёме здарыцца ўжо ў новым вяшчальным сэзоне. 

Барысаўчанін Алесь Шустоўскі праінфармаваў, што чуе нашы праграмы выдатна. Таму Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа ўяўляецца яму як вельмі блізкая, суседзкая.
Лідчанка Данута Крупіца піша аб прыёме: “Чутнасьць добрая. Толькі бесперапынны гул. Калі б ня ён, то чутнасьць была б выдатнай на 70%”.
Магіляўчанка Яўгенія Цюркіна склала рапарты аб прыёме. 19 лютага на частаце 1386 кілягерц чутнасьць была выдатнай. Роўна праз тыдзень прыём на той жа хвалі быў горшы: адны “тройкі”. 27 лютага а 14.30 UTC чутнасьць на 11905 кілягерцах была на адзнаку “добра”.
Лідчанін Аляксандар Ендза прыслаў некалькі рапартаў. Разгледжу адзін. Слухач прымаў наш начны эфір 6 сакавіка. Рэтрансьляцыя на 612 кілягерцах прымалася даволі добра. У першай палове праграмы былі невялікія шумы і заміраньні. Таму спадар Ендза так ацаніў гэтыя трыццаць мінут: 54444. Дакладна такія ж адзнакі былі і ў другой трыццаціхвілінцы, але тут назiралiся  невялiкiя перашкоды ад суседнiх станцый – “Голас Расеi”  і “Голас Ісьлямскай Рэспублікі Іран”.

Нагадваю, што рапарты аб прыёме можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Справаздачы таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Рапарты пра чутнасьць магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі і віцебскі адрасы нашай станцыі. Іх я назаву напрыканцы “Рэдакцыйнай пошты”.
Дарэчы, Польскае радыё для замежжа вельмі хвалюе сытуацыя з прыёмам у FM-дыяпазоне у памежных раёнах на паўночным захадзе і на поўдні Беларусі. Таму чакаю водгукаў ад нашых слухачоў у гэтых мясьцінах.
Інфармую, што на будучым тыдні пачнецца рассылка ўзнагарод за пасьпяховы ўдзел у нядаўняй кашубскай віктарыне.

Адначасова я стану адпраўляць штомесячнік “Czasopis”. Гэтае выданьне на дзьвюх мовах падабаецца многім нашым прыхільнікам. “Czasopis” з большага прысьвечаны пытаньням беларускай меншасьці ў Польшчы.
Калі вы хочаце атрымліваць “Czasopis”, то, прашу, напішыце пра гэта на віцебскую скрынку нашага радыё. Я пастараюся выканаць вашую просьбу.
Нагадваю, што працягваецца конкурс у межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”. Калі ласка, азнаёмцеся зь ягонымі ўмовамі.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны і разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Меркаваньні прагучаць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш цікавыя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Я сардэчна запрашаю ўсіх вас, дарагія сябры, прысылаць заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”. Кожны тыдзень па нядзелях гэтая рубрыка цешыць слухачоў добрай польскай і беларускай музыкай. Калі вы хочаце атрымаць блянк для складаньня віншаваньняў ці прывітаньняў, пішыце на адрас віцебскай паштовай скрынкі. Я апэратыўна адпраўлю вам фармуляр заяўкі.
Калі ласка, прысылайце новыя пісьмы на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.

Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце.

Сардэчна запрашаю!

Юрась Сьцяпанаў