• Эўразьвяз і ЗША могуць увесьці эканамічныя санкцыі
  • Audio3.67 MB
  • 13.03.2011

Брусэльскі сайт EUobserver паведаміў на гэтым тыдні, што Эўразьвяз распрацоўвае дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Выданьне піша, што санкцыі будуць накіраваны супраць прадпрыемстваў, якія, як мяркуюць у ЭЗ, аказваюць фінансавую падтрымку беларускай намэнклятуры.

 Санкцыі павінны закрануць кампаніі “Беларуськалій”, “Белнафтахім”, “Белтэхэкспарт” і “Трайпл”.

Новыя меры, адзначаецца ў публікацыі, закліканы нанесьці ўрон дзяржаўным сродкам, што знаходзяцца ў распараджэньні Аляксандра Лукашэнкі, і яго асабістаму прыбытку. У той жа час санкцыі дазволяць пазьбегнуць узрушэньняў для эканомікі краіны або шэрагу эўрапейскіх кампаній, якія маюць эканамічныя інтарэсы ў Беларусі.

Пакет санкцый распрацоўваецца ў пасольствах ЭЗ у Менску, а таксама дыпляматамі сярэдняга ўзроўню ў Брусэлі, паведамляе EUobserver. Верагодна, ён будзе прыняты на пасяджэньні міністраў замежных спраў ЭЗ у красавіку, піша выданьне.

Амбасада Вугоршчыны, якая прадстаўляе інтарэсы ЭЗ у Беларусі, адмовілася камэнтаваць дадзеную інфармацыю. «Я думаю, такога рашэньня ў Брусэлі не было. Калі будзе, то прадстаўнік друку ў Брусэлі абавязкова яго пракамэнтуе», - тлумачыць вугорскі пасол Ферэнц Контра.

На думку эканаміста, старшыні аналітычнага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, увесьці рэальныя санкцыі супраць згаданых прадпрыемстваў ЭЗ не адважыцца, бо гэта прывяло б да зьніжэньня ўзроўню жыцьця звычайных беларусаў.

Я. Раманчук: Думаю, што гэта толькі пагрозы. Гэтыя прадпрыемствы даюць краіне валюту, фінансы, падтрымліваюць бюджэт, выплату пэнсій і заробкаў. У гэтым сэнсе, безумоўна, яны зьяўляюцца часткай сыстэмы Лукашэнкі. Аналізуючы заявы эўрапейскіх палітыкаў, ня думаю, што санкцыі будуць уведзеныя, бо гэта патрабуе кансэнсусу. 

Прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка заяівла на днях, што ў яе кампаніі «празрыстая сыстэма падаткаабкладаньня й празрыстая дзейнасьць». Яна адзначыла, што канцэрн ня можа фінансава падтрымліваць асобных намэнклятурных чыноўнікаў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што канкрэтных доказа аб прамым фінансасаваньні гэтымі фірмамі беларускіх уладаў няма.

Л. Злотнікаў: Яны падтрымліваюць Лукашэнку тым, што даюць краіне валют, і падтрымліваюць пэўны ўзровень жыцьця. Але ў мяне няма інфармацыі пра тое, што яны наўпрост фінансуюць Лукашэнку. Плёткі такія кружаць, гаворыцца нават пра мільярды даляраў. Але асабіста  я доказаў ня бачыў і ня чуў. 

У ААТ «Беларуськалій» і групе кампаній «Трайпл» інфармацыю аб магчымым увядзеньні ў дачыненьні да іх санкцый ЭЗ камэнтаваць адмовіліся. Пагрозу ўвядзеньня санкцый не камэнтуе й беларускае МЗС.

Дарэчы, увесьці эканамічныя санкцыі супраць некаторых беларускіх прадпрыемстваў могуць і ЗША. Днямі ў амэрыканскі Сэнат трапіў праект рэзалюцыі, якая заклікае да больш жорсткіх візавых і фінансавых санкцый у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў. Аўтары праекту рэзалюцыі зьвяртаюцца да ЭЗ з заклікам увесьці санкцыі ў дачыненьні да канцэрна "Белнафтахім".

Дакумэнт таксама заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакея пазбавіць Менск права на правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.

дг