• ПАМІЖ РАДКОЎ: БЕЛАРУСКІЯ КРЫЖАНОСЦЫ
  • 13.03.2011

ПАМІЖ РАДКОЎ: БЕЛАРУСКІЯ КРЫЖАНОСЦЫ

“Народная воля” за пятніцу друкуе артыкулы “Пасьвячэньне ў “крыжаносцы” Пётры Садоўскага. У артыкуле былы амбасадар Беларусі ў Германіі піша: “Праваслаўная царква ўганаравала Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь харугвай з выявай Хрыста Збаўцы. Цырымонія трансьлявалася па дзяржаўным тэлебачаньні. Перад урачыстым канцэртам, прысьвечаным Дню міліцыі, Мітрапаліт Філарэт перадаў міністру Куляшову харугву з відарысам аблічча Хрыста Збаўцы, прамовіўшы з гэтай нагоды ўрачыстую малітву й акрапіўшы харугву святой вадой.
Звяртаючыся да залы, што была запоўнена абранай публікай -- архіепіскапамі, епіскапамі, вікарыямі, сілавікамі ў форме й цывільным, дзяржслужбоўцамі, дэпутатамі -- кіраўнік праваслаўнай царквы пачаў прамову ўрачыстымі словамі: “ Наша страна процветает усилиями многих людей. Ваш труд -- сохранение Отечества от посягательства злоумышленников -- можно назвать крестным…”  Пасажы з вывераных сінтагмаў Мітрапаліта гучалі ў прыціхлай зале як вібрацыі стальных струн і па заканчэньні выступленьня былі ўвенчаны шматгарлавым урачыстым выгукам сьпеўнай групы, што выстраілася на сцэне: “С нами Бог!”.
Сам працэс перадачы харугвы (тут, пэўна, патрэбны быў цалавальны рытуал) апэратары неяк змазалі. Магчыма, было нешта выразана. (У пазьнейшых тэлепаўторах гэта ўвогуле не паказвалі.) У параўнаньні з урачыстай прамовай Мітрапаліта міністэрскае слова ў адказ слухалася вельмі будзённа й нават сарамяжліва. У інтэрвію парталу sobor.by міністар выглядаў больш рэспэктабельна й вымавіў сказ, які ў той жа вечар быў вынесены на афіцыйныя сайты: “Нравственный верующий человек всегда будет дружен и с законом…”
Можна яшчэ дадаць, што -- паводле афіцыйнай інфармацыі -- “передача хоругви была совершена по инициативе Министерства внутренних дел”, і што “замысел освящения воинского знамени родился во время акции «Семья -- служим вместе» в рамках проведения программы «Семья -- единение -- Отечество».
Падрабязна аналізуючы падзею Садоўскі піша, што адбылося  Блаславеньне зла.

Яшчэ адзін артыкул Садоўскага варты ўвагі: “Пасьля Плошчы: немцы праціраюць вочы”.
“А мы? Па-ранейшаму застаемся ў палоне ілюзій”. Часопіс “Усходняя Еўропа” на працягу апошніх 60 гадоў зьяўляецца адным з самых дасьведчаных аналітычных выданьняў, якое аналізуе мінулае, сучаснае й прагназуе будучыню ўсходніх суседзяў ФРГ. На яго старонках, як і ў іншых нямецкіх мэдыях, было багата аналітычнага матэрыялу пра марнасьць палітыкі ізаляцыі й пра мэтазгоднасьць пакрокавага дыялёгу Эўразьвязу з рэжымам Лукашэнкі. Такі падыход тады называлі  “дэмакратызацыя праз эканамізацыю” ці “збліжэньне праз перапляценьне”.
Садоўскі аналізуе былыя падходы Германіі да Беларусі й прыводзіць новыя. У прыватнасьці, Садоўскі цытуе аналітыкаў-немцаў і зь іншых краінаў, якія выказваюць новы погляд на сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі.

“СБ” за 10 сакавіка друкуе артыкул “Вікілікс па-варшаўску”. У ім пішацца пра тое, што ў газэту “Жэчпасполіта” паступілі дакумэнты, названыя копіямі дэпэшаў МЗС Польшы ў консульства й амбасаду Польшчы ў Беларусі. У іх пішацца, што быццам бы Сікорскі даў указаньні выдзеліць кіраўніцтву кампаніі “Гавары праўду” 80 тыс. эўра на арганізацыю дэманстрацыі на плошчы. Потым быццам бы паступілі лісты актывізаваць працу зь Мілінкевічам. МЗС Польшчы абвергла факт існаваньня гэтых лістоў, але “СБ” пра гэта не піша. Аналітыкі заўважылі, што апэратар, які рассылаў гэтыя лісты, знаходзіўся ў Беларусі, і ў тэксьце лістоў ёсьць такія сказы, якія па- польску ня пішуцца, а выглядаюць як пераклад зь беларускай мовы. Да гэтага яшчэ варта дадаць, што міністар МЗС ніколі не пісаў і не піша лістоў у свае установы за мяжой. Гэта робяць асобы на іншых пасадах. Усё кажа пра тое, што лісты – падробка. І можна падумаць, што зроблены спэслужбамі ці Беларусі, ці Расіі.

У тым жа нумары “СБ” прэс-служба КДБ прыводзіць копію ліста экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міхалевіча на імя Лукашэнкі. Вось некалькі радкоў зь яго:
“Паважаны А.Рыгоравіч! Я заўжды адносіўся да Вас з павагай…Вашы заслугі для незалежнасьці Беларусі неаспрэчаны…Падчас перадвыбарнай кампаніі я не сказаў нічога дрэннага пра Вас, ні пра вашых родных і блізкіх. Прашу Вас асабіста ўзяць пад кантроль пытаньне пра мой лёс”. Міхалевіч, як вядома, публічна заяўляў, што яго катавалі ў турме КДБ і ён даў падпіску аб супрацы з КДБ, а калі выйшаў на волю, разарваў яе. У гэтай справе ёсьць пытаньні наконт фальшаваных лістоў і падпісак. 

У нумары “СБ” за пятніцу Віталь Валянюк аналізуе сумесную пастанову рады міністраў і Нацбанка № 240-5 “Аб разьліках па імпарце некаторых тавараў”. Яго сутнасьць у тым, што ўсё, што даражэй за 50 тыс. эўра, мусіць купляцца за кошт уласнай таварнай выручкі. Аналіз паказвае, што гэтая пастанова здольная зьнішчыць беларускую эканоміку. Калі гэта так, то Мясьніковіч, відаць, плянуе стаць прэзыдэнтам.

“Народная воля” друкуе цікавы матэрыял аб лёсе сям’і экс-прэм’ера Чыгіра. Аказваецца, ён сплочвае дзяржаве 1 мільён даляраў і кажа, што праз 500 год можа й сплоціць. Жонка Чыгіра распавядае, што запчасткі, які былі канфіксаваныя ў яе сына коштам 150 тысяч даляраў, судовы выканаўцы прадаў за 170 тыс. беларускіх рублёў, за што атрымаў вымову.

Каму прысуды, а каму і ўзнагароды. “Народная воля” паведамляе, што 20-гадовая Наста Палажанка атрымала прэмію Дзярждэпартамэнту ЗША “За мужнасьць”. Але выехаць па прэмію Наста не змагла, бо ў яе забралі пашпарт.
У чацер 1-ы Нацтэлеканал паказаў рэпартаж з нарады ідэалягічнай вертыкалі ў Менгарвыканкаме. «Галоўнае — жывы кантакт зь людзьмі, напрыклад, у цэхах, у дварах, ВНУ», — казаў Радзькоў. Пра гэта паведаміла лукашэнкаўскае агенцтва БелТА. Радзькоў назваў ключавыя напрамкі, якія важныя сёньня ў рабоце ідэолягаў. Гэта Інтэрнэт, моладзь і прадпрымальнікі. «Інтэрнэт запатрабаваны ў насельніцтва. Сацыяльныя сеткі прыцягваюць моладзь і аказваюць на яе ўплыў. Таму электронныя носьбіты павінны стаць адным са складнікаў ідэалягічнай работы», — указваў Радзькоў. На яго думку, больш увагі неабходна ўдзяляць прадпрымальнікам. «Дырэктыва нумар 4 дае магчымасьць прадпрымальнікам разьвіваць свой бізнэс. Але мы павінны выхоўваць у прадпрымальніка грамадзянскую пазыцыю. Таму што клапоцячыся аб прыбытку, разьвіваючы сваю справу, ён павінен разумець, што гэта бізнэс для яго краіны. А ў краіне павінны быць школы, дзіцячыя сады, паліклінікі. Ідэалягічную работу трэба разьвіваць ня толькі на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасьці, але й на прыватных», зазначыў Радзькоў.

Уладзімір Падгол

Ад Рэдакцыі: Тэкст адлюстроўвае аўтарскія погляды камэнтатара й не прадстаўляе пункту погляду Рэдакцыі.