• Ці ўдалося Менску выехаць на “пяці кітах”?
  • Audio3.1 MB
  • 14.03.2011

Інтэрнэт-карыстальнікі дачакаліся публікацыі чарговага дакумэнту WikiLeaks, які датычыць  Беларусі. На сайце naviny.by зьявілася дэпэша, якую у самым канцы 2006 году выслала ў Вашынгтон колішні амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Сьцюарт.

У дэпэшы дыплямат апісала пяць апораў зьнешнепалітычнай стратэгіі, якую Аляксандар Лукашэнка пачаў рэалізаваць у 2006 годзе, пасьля пагаршэньня эканамічных і палітычных стасункаў з Масквой. Першым “кітом” павінна было стаць павелічэньне эканамічнай незалежнасьці ад Расеі, другім – дывэрсіфікацыя паставак энэрганосьбітаў, трэцім – пошук  новых рынкаў збыту й прыцягненьне інвэстыцыяў з такіх дзяржаваў, як Кітай, Вэнэсуэла ці Іран, а таксама недапушчэньне эканамічных санкцыяў з боку Захаду і, нарэшце, актыўнае фармаваньне “антызаходняга блёку” з дзяржаваў Руху Недалучэньня.

Паводле экспэртаў у галіне міжнародных стасункаў, нічога сэнсацыйнага ў дакумэнце WikiLeaks няма. Зазначаныя ў дэпэшы прынцыпы выглядаюць абсалютна лягічна, толькі высновы пра тое, што Менск зьбіраўся стварыць “антызаходні блёк” падаюцца надуманымі, кажа палітоляг Сяргей Богдан.

С. Богдан: Некаторыя рэчы, такія як стварэньне “антызаходняй кааліцыі”, мне падаюцца недуманымі. Усе гучныя візыты, пачынаючы ад Кадафі і заканчваючы Ахмадзінэджадам, ня мелі ніякага рэальнага выніку, акрамя заяваў у СМІ.

На думку Сяргея Богдана ў акрэсьленых пяці накірунках беларускаму ўраду ўдалося дасягнуць толькі вельмі сьціплых посьпехаў. Зьменшыць эканамічную залежнасьць ад Расеі ўрад так і ня змог, як і не ўдалося прыцягнуць кітайскія ці іранскія інвэстыцыі, здольныя грунтоўна змадэрнізаваць беларускую эканоміку – кажа экспэрт.

С. Богдан: Буйныя дзяржаўныя інвэстыцыі з боку некаторых краінаў Трэцяга сьвету так і не прыйшлі, а тыя, якія прыйшлі, скіраваліся ў далёка не самыя тэхналягічныя вытворчасьці. Цяжка сказаць, што высокатэхналягічным прадпрыемствам зьяўляецца цэментны завод ці прадпрыемства па здабычы гравію. Тое самае датычыцца выбудаванага ў Беларусі завода сельскагаспадарчых хімікатаў.

Далей за ўсё удалося прасунуцца ў накірунку дывэрсіфікацыі паставак нафты. Але й яны пакуль ня могуць адвесьці ад Беларусі пагрозу эканамічнага ціску з боку Расеі – кажа палітоляг Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Мы можам казаць толькі пра нафту, бо па газе ніякіх зрухаў няма. Штогадовыя патрэбы Беларусі складаюць 20-220 мільёны тонаў. Пакуль што ў адэскі порт прыйшло да васьмі танкераў з вэнэсуэльскай нафтай. Гэта ад паўмільёна да мільёна тонаў – да 5% патрэбаў нашых НПЗ. Ці можна ў такім выпадку казаць пра сур’ёзную дывэрсыфікацыю? На мой погляд, не.

Беларускаму ўраду ўдалося пазьбегнуць рэальных эканамічных санкцыяў з боку заходніх краінаў. Аднак хранічная хвароба беларускай гаспадаркі – ашаламляльная перавага імпарту над экспартам – ня толькі не была вылечаная, а наадварот, абвастрылася.

Жорстка разганяючы маніфэстацыю ў вечар пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, афіцыйны Менск дэманстрацыйна разарваў свае стасункі з Эўропай. І гэта дае падставу меркаваць, што ў беларускіх уладаў зьявіўся новы плян выжываньня на міжнароднай палітычнай арэне – мяркуе  палітоляг Сяргей Богдан.

Аляксандар Папко