• Рапарт „Human Rights Watch” на тэму сытуацыі ў Беларусі
  • 15.03.2011

Міжнародная праваабарончая арганізацыя „Human Rights Watch” апублікавала ў панядзелак ў Маскве рапарт на тэму сытуацыі ў Беларусі. Рапарт пад назвай „Нязьдзейсьненыя спадзяваньні – рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году” падрабязна апісвае дзеяньні беларускіх уладаў у дачыненьні актывістаў беларускай апазыцыі.

У дакумэнце шмат увагі прысьвячаецца працэсам апазыцыйных лідараў, абвінавачаных у арганізацыі й правядзеньні масавых беспарадкаў. 

Супрацоўнікі „Human Rights Watch” апыталі 36 чалавек. Сярод іх ёсьць навочныя сьведкі й удзельнікі падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Паказаньні далі асобы, якія адбылі адміністрацыйны арышт, асобы, якія праходзяць па крымінальнай  справе аб масавых беспарадках, сваякі абвінавачаных, якія знаходзяцца ў турмах, адвакаты, кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў, а таксама міжнародныя праваабарончыя назіральнікі, якія сачылі за перадвыбарчай і пасьлявыбарчай сытуацыяй у Беларусі.

З рапарту вынікае, што 19 сьнежня на вуліцы беларускай сталіцы выйшла каля 30 тысяч чалавек у надзеі не дапусціць фальсыфікацыі выбарчых вынікаў. Калі вынікі галасаваньня былі абвешчаныя, і дэманстранты даведаліся, што, паводле афіцыйных падлікаў, Лукашэнка нашмат апярэдзіў ўсіх сваіх канкурэнтаў, некалькі дзясяткаў людзей у масках пачалі біць шкло ў Доме ўраду на плошчы Незалежнасьці. Хоць астатнія дэманстранты паводзілі сябе мірна, супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі сілавы разгон дэманстрацыі, зьбіваючы ўсіх без разбору, уключна з тымі, хто падаў на зямлю, і хапаючы нават выпадковых мінакоў на вуліцах навокал плошчы. Пасьля снежаньскіх падзей беларускіх грамадзянскіх актывістаў і незалежныя СМІ захлыснула новая хваля рэпрэсіяў, гаворыцца ў рапарце.
 
Кіраўнічка маскоўскага офіса „Human Rights Watch” Анна Севарцян выказала перакананьне, што па справе пасьлявыбарчых падзеяў у Беларусі павінна быць пачатае міжнароднае сьледзтва, - перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Маскве Мацей Ястшэмбскі.

Мацей Ястшэмбскі: Хто справакаваў мірных дэманстрантаў выбіць вокны ў Доме ўраду й чаму міліцыя так жорска разагнала сход на плошчы Незалежнасьці? Гэта, на думку праваабаронцы, самыя важныя пытаньні, на якія неабходна знайсьці адказ. Экспэрты арганізацыі падазраюць, што за пасьлявыбарчымі падзеямі могуць стаяць беларускія спэцслужбы, якія сваёй акцыяй далі сыгнал для канчатковай расправы з апазыцыяй. Падчас прэс-канфэрэнцыі ў Маскве была зьвернута ўвага на абмежаваньне беларускімі ўладамі свабоды слова й поглядаў, свабоды сходаў і згуртаваньняў.

Група міжнародных назіральнікаў з розных арганізацыяў цягам трох месяцаў зьбірала інфармацыю на тэму сытуацыі беларускай апазыцыі й жорсткай акцыі беларускай міліцыі.
Кіраўнік менскай назіральніцкай місіі Андрэй Юраў заявіў, што не знойдзена ніводнага доказу, які мог бы пацьвердзіць тэзу пра спробу беларускай апазыцыі зладзіць дзяржаўны пераварот.

Андрэй Юраў: Мы лічым, што гэта быў мірны сход з паасобнымі хуліганскімі дзеяньнямі некаторых асобаў, якія, дарэчы, не былі своечасова затрыманыя міліцыяй.

Прадстаўнікі місіі, якой кіруе Андрэй Юраў, хочуць, каб ЭЗ, акрамя візавых санкцыяў, увёў таксама далёкаідучыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні Менска. Пры гэтым, каб санкцыі ўводзілі ня толькі паасобныя краіны ці міжнародныя структуры, але й патэнцыйныя інвэстары. На думку Юрава, фірмы, якія будуць парушаць супольна прынятыя прынцыпы, павінны быць публічна асуджаныя.

Андрэй Юраў: Каб ня толькі дзяржавы, але й інвэстары атрымалі жорсткае папярэджаньне, што супрацоўнічаць з рэжымам можна выключна паводле дакладна акрэсьленых умоваў.

Арганізацыя, якая займаецца маніторынгам пашаны правоў чалавека, раіць міжнародным арганізацыям, у тым ліку ААН, выканаць усе магчымыя крокі, якія могуць спрычыніцца да вызваленьня беларускіх палітзьняволеных.

 „Human Rights Watch” заклікала Раду ААН па правах чалавека прыняць рэзалюцыю з асуджэньнем дзяяньняў прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Гэты заклік быў прымеркаваны да чарговай сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая пачала працу ў панядзелак.

Караліна Русіновіч