• Рэдакцыйная дыскусія
  • 16.03.2011

Доўгі ліст напісала нам спадарыня Данута Крупіца зь Ліды. Я хачу працытаваць гэты допіс:

“Шчыра вітаю Вас ды дзякую за цікавыя перадачы – крыніцу праўдзівых і неабходных паведамленьняў, расповедаў ды аналітычных праграм. Паслухаеш, і пацяплее на сэрцы, хоць і ненадоўга, але адступае самота й роспач. Вельмі ўдзячна ўдзельнікам канфэрэнцыі ў Варшаве за духоўную й матэрыяльную падтрымку нашых вязьняў сумленьня. Я атрымала ад Вас ліст з прапановай удзельнічаць у конкурсе на тэму Кашубаў і з прапановай апісваць свае разважаньні на тэму падзеяў 2010 году.

Я гатовая да гэтага. Дарэчы, летам Ліду наведваў і даў канцэрт народны гурт Кашубы. Хачу аднак пачаць свой расповед з падзеяў на завяршэньне 2010 году. Хачу прыпомніць, што адраджэньне нацыянальнай сьвядомасьці палякаў заініцыявана было лідарамі, якія імкнуліся абгрунтаваць нашую сьвядомасьць на адчувальных сымбалях, помніках. Паўстаў помнік у гонар нашага нацыянальнага паэта Адама Міцкевіча. Была такая тэма дыскусіі й у Польскім радыё, нават у “Камунікаце” пісалі, што Міцкевіч належыць многім народам, у тым ліку беларускаму й літоўскаму. Але чамусьці гэты помнік наведваем толькі мы, палякі, і то ня так часта, як марылася б. А Дом паляка – дык той фатальным чынам разьяднаў нас.

Кожны год 24 сьнежня, у дзень народзін паэта, мы зьбіраемся па закліку сэрца каля помніка на ўрачыстасьці. Гучаць песьні, калядкі, вершы, ксёндз чытае Евангельле, дзелімся аплаткам, перадаем пажаданьні. Хацелася б, каб зьбіралася там болей палякаў, жыхароў Ліды, аднадумцаў, патрыётаў, але й тое таварыства, што ёсьць, цешыць.

А 7 студзеня адбылая вельмі значная ўрачыстасьць. Наш лідскі народны ансамбль “Kresowiacy” адзначыў 20-годзьдзе свайго існаваньня. Быў поўны аншлаг, найбольшая заля ў Лідзе была перапоўнена. Прыйшлі прадстаўнікі ўладаў горада, адзьдзела культуры, творчых калектываў зь Ліды, Бярозаўкі, з Польшчы, духавенства з Іўя, Тракель. Уручалі граматы, падарункі, кветкі, выконвалі творы. Рэпэртуар ансамбля вельмі багаты. Можна сказаць, што на базе гэтага ансамбля “Kresowiacy” разьвіваецца спалучэньне й хараство культур народаў Беларусі, асабліва польскай і беларускай. У выніку паўстала таварыства польскай культуры на Лідчыне, а перад усім Саюз палякаў.

Я знарок абмінаю вельмі сумныя здарэньні ў Менску, спадзяюся на лепшае. На гэтую тэму я знайшла верш сучаснага паэта Фэлікса Чуева, напісаны ў Расеі ў 1987 годзе:

Литература – не пракуратура,
Хоть и осуждением полна.
Не лечит – облегчает, как микстура,
И далеко не всякому нужна.

Наверно, рассуждаю я по-детски,
Но пригрешенья жителей Земли
Ни Пушкин, ни Толстой, ни Достоевский
Своим пером поправить не смогли.

И всё-таки стремление не гаснет,
И всё-таки заманчиво найти
Строку необходимой и прекрасной
Для озаренья лучшего пути.

Пускай не человечеству – кому-то
Она, как сон, придётся по душе,
Ей крылья даст белеющее утро,
И ты уже на новом вираже.

Дарэчы, мне прыгадаўся й наш беларускі народны пісьменьнік Аркадзь Куляшоў. Уявіце, што гэты верш я вывучала прыкладна 50 гадоў таму ў сваёй роднай школе ў Жалудку, і вось прыгадваю зараз:

Цвёрда трымаўся юнак на дапросе,
Тоючы думкі і справы свае.
Вораг-жандар дакурыў папяросу
І камсамольскі білет падае.

Што ў ім карыснага? Кніжка, не болей.
Кніжку спалі, і размове канец.
- Не, не спалю! - адказваў камсамолец.
Хай лепей сэрца мне спаліць свінец!

Гэтыя вершы пры нагодзе апошніх падзей... Яшчэ хачу перадаць рэдакцыі прывітаньні й найлепшыя пажаданьні, а таксама прашу перадаць добрую песьню, напрыклад, Варшавянку, а можа ў выкананьні Чэслава Немэна “Дзіўны сьвет”. Дарэчы, месяц таму я наведвала мясцьціны Шчучына й заўважыла, шго завяршаецца рэстаўрацыя былога палаца Друцкіх і Любецкіх.”

Вялікі дзякуй за гэты ліст, за Вашы разважаньні, віншаваньні, спадарыня Данута. Праўда, конкурс датычыць ня толькі падзей мінулага году, але таксама ўсяго мінулага дзесяцігодзьдзя. Данута Крупіца сканцэнтравала ўвагу на падзеях яе блізкага атачэньня, якія найбольш закранаюць яе саму. Магчыма, Юрась Сьцяпанаў возьме пад увагу гэты ліст, але ён будзе вырашаць. А я пастараюся перадаць музычнае прывітаньне нашай слухачцы ў бліжэйшым канцэрце віншаваньняў.

нг