• Салодкае жыцьцё за 13 мільярдаў?
  • 16.03.2011

Учора ў Менску адбылося паседжаньне Рады міністраў Саюзнай дзяржавы й Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС. Аднак найбольшую цікавасьць выклікала сустрэча Алаксандра Лукашэнкі з расейскім прэм’ерам Уладзімірам Пуціным. Пасьля сустрэчы беларускі кіраўнік заявіў, што „можна жыць”.

Выглядае на тое, што ў гэтым годзе афіцынйы Менск вырашыў усе свае эканамічныя праблемы. Беларускія ўлады абвесьцілі, што "можна жыць", дзякуючы прыкладна 13 мільярдам даляраў расейскіх субсыдыяў. Гэта 4,3 мільярдаў з 21 мільёну тонаў бяспошліннай нафты, пра якія нагадаў Уладзімір Пуцін. 6 мільярдаў расейскага крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС. 2 мільярды крэдыту з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і адзін мільярд крэдуты ад урада Расеі. Гэткія просьбы агучыла нядаўна беларускае кіраўніцтва. Пуцін ў Менску пацьвердзіў выдзяленьне часткі сродкаў. Такім чынам, лічыць менскі палітоляг Юры Шаўцоў, учорашнюю сустрэчу можна назваць кампрамісным варыянтам. Маўляй, дамоўленасьці хоць і не самыя аптымальныя, але знойдзены рамкі для далейшых перамоваў.

Юры Шаўцоў: Гэта добрая сустрэча для Беларусі, на ёй дасягнуты ня максімум вызначаных мэтаў, а кампрамісны варыянт. Галоўны вынік – гэта комплекс дамоўленасьцяў па атамнай электрастанцыі. Ёсьць пацьверджаньне крэдыту ў 6 мільярдаў даляраў на будаўніцтва АЭС. Па той часцы грошай, якія Беларусь хацела атрымаць дадаткова (3 мільярды на інфраструктуру), ёсьць кампраміснае рашэньне. Гэта дамоўленасьць наконт стварэньня сумеснага прадпрыемства па гандлю энэргіяй зь Беларускай АЭС і з Расеі ў трэція краіны.

Больш крытычна ўчорашнюю сустрэчы двух кіраўнікоў ацэньвае расейскі экспэрт Андрэй Суздальцаў з Вышэйшай школы экономікі ў Маскве. Ён зазначыў, што Пуцін дзейнічае ў інтарэсах Расеі, а да ўсяго астатняга – ёсьць пытаньні.

Андрэй Суздальцаў: З Лукашэнкам сустрэўся Пуцін, гэта вельмі важна ў першую чаргу для беларускага боку, бо фактычна адбылася легітымізацыя чацьвёртага тэрміну Лукашэнкі. Гэта першая сустрэча такога ўзроўню пасьля выбараў 19-га сьнежня. У эканамічным пляне ніякага прарыву няма. Падпісана пагадненьне пра раней узгоднены крэдыт на будаўніцтва Беларускай АЭС на 6 мільярдаў даляраў. Масква адхіліла просьбы даць асобны крэдыт на будаўніцтва інфраструктуры. Невядомы лёс крыдыту з ЭўрАзЭС. Пытаньні застаюцца.

На думку кіраўніка Цэнтра палітычнай адукацыі ў Менску Андрэя Ляховіча, учорашняя сустрэча не прынесла ніякіх істотных зрухаў. Крэмль надалей хоча «праглынуць» Лукашэнку, а той ад гэтага выкручваецца.

Андрэй Ляховіч: Я ня бачу ніякіх істотных зрухаў па выніках гэтай сустрэчы. Нявырашаным засталося пытаньне нафты й газу, а гэта вельмі вострыя пытаньні ў беларуска-расейскіх адносінах. Дагэтуль не абвешчаны кошт на газ у гэтым годзе. Зрухі былі толькі ў дзьвюх справах: будаўніцтва АЭС і верагоднасьць расейскіх крэдытаў. Гэтая сустрэча хутчэй пацьвердзіла наяўнасьць абсалютна невырашальных супярэчнасьцяў у двухбаковых дачыненьнях. Расея хоча так ці інакш зьесьці Беларусь, а Лукашэнка ня хоча быць зьедзеным.

Беларускі рэжым пакуль засяроджаны на кансалідацыі ўлады ўнутры краіны ды ідзе на любыя ўмовы Масквы. У будучыні, мяркуе Каміль Клусіньскі з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве, Лукашэнка зноў пачне гульню паміж Расеяй і Захадам.

Каміль Клусіньскі: Лукашэнка ўсьведамляе расейскую пагрозу, калі ён не адарваўся цалкам ад рэчаіснасьці. Пакуль, гледзячы на падзеі сьнежня й безупынныя рэпрэсіі супраць апазыцыі, можна сказаць, што для Лукашэнкі найважнейшым зьяўляецца ўнутраная сытуацыя: запалохваньне апанэнтаў, дэманстрацыя сілы й кансалідацыя рэжыму. Зьнешнія пытаньні пакуль што для яго маюць другаснае значэньне. Аднак, калі Лукашэнка ня хоча цалкам трапіць пад кантроль Расеі, яму давядзецца яшчэ ў гэтым годзе пачаць гульню з Захадам. Магчыма, ён зьмяніў думку, пра што мы пакуль ня ведаем, і пойдзе цалкам у напрамку Масквы. Гэтага пакуль ня бачна, ён надалей спрабуе гуляць, бо ўчорашнія пагадненьні не аддаюць усяго Расеі, але зьяўляюцца саступкам з боку Лукашэнкі.

Учора ў Менску беларускае кіраўніцтва падпісала шэраг пагадненьняў з расейскім урадам. Менск пачынае будаўніцтва АЭС у Беларусі за расейскія грошы ды хоча стабілізаваць эканоміку за расейскія крэдыты. Экспэрты па-рознаму ацэньваюць вынікі ўчорашняй сустрэчы: адныя кажуць пра кампрамісны варыянт, а іншыя пра неперадоленыя супярэчнасьці.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч