• Гадавіна Рыскай мірнай дамовы
  • 18.03.2011

70 год таму ў Рызе была падпісаная мірная дамова паміж Полшчай і савецкай Расеяй. Наступствам гэтай дамовы стаў падзел рэгіёну й лёс беларускай дзяржаўнасьці. Сёньня ў гістарычнай рубрыцы мы ўзгадваем тыя падзеі.

Рыская мірная дамова паміж Польшчай і савецкай Расеяй, якая падпісала пагадненьне з даверанасьцю ўрадаў БССР і УССР, была падпісаная 18-га сакавіка ў Рызе. Гатая мірная дамова прызнавала незалежнасьць Беларусі, аднак Польшча далучыла да сябе Заходнюю Беларусь, а гэта 4,5 мільёнаў жыхароў ды плошча больш за 110 тысяч квадратных кілямэтраў. Паводле словаў беларускага гісторыка Захара Шыбекі, голас беларускага народу ня быў пачуты.
Захар Шыбека: Гэтая падзея закранула амаль кожнага беларуса, самае прыкрае было ў тым, што ўсе рашэньні прымаліся без усялякага ўзгадненьня зь беларускім народам і з прадстаўнікамі беларускага народу.
Да выпрацоўкі пагадненьня не былі дапушчаны ані дэлегацыя ад БССР, ані ад БНР. У якасьці экспэрта ў перамовах удзельнічаў толькі беларускі камуніст Аляксандар Чарвякоў. Савецкая дэлегацыя была гатовая нават саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР. Больш падрабязна распавядае Захар Шыбека.

Захар Шыбека: У склад савецкай дэлегацыі быў уключаны як дарадца Чарвякоў. Але ён ня меў права голасу. Парадаксальнасьць гэтай дамовы палягала на тым, што дзякуючы таму, што дзьве дзяржавы не маглі паміж сабой дамовіцца, у выніку захавалася БССР. Гэта быў такі пэрыяд, калі прадстаўнікі Леніна прапаноўвалі польскаму боку поўнасьцю забраць Беларусь узамен за Ўкраіну. Але польскае кіраўніцтва ўзяло па кавалачку Беларусі ды Ўкраіны, каб лягчэй асыміляваць суседнія народы. Дзякуючы гэтаму БССР захавалася.

На думку польскага гісторыка Алега Латышонка, польская дэлегацыя ў Рызе брала пад увагу беларускае пытаньне, але ў нэгатыўным сьвятле.

Алег Латышонак: Польская дэлегацыя ў Рызе, асабліва яе старшыня Станіслаў Грабскі, мелі на ўвазе беларускае пытаньне, але адмоўна. Грабскі асабіста пераканаў дэлегацыю, каб Польшча адмовілася ад Менску, які восеньню 1920 году быў у польскіх руках і добраахвотна быў аддадзены бальшавікам. З адзінай матывацыяй, каб пазбавіць беларускі рух нейкага нацыянальнага цэнтру. Можна сказаць, што дамова 1921 году была накіраваная супраць беларускага народу.

Зусім іншага чакалі тагачасныя беларускія палітыкі, якія знаходзіліся ў Рызе. Яны былі гатовыя падпарадкавацца Польшчы. Аднак польскіх палітыкаў тады ўжо не цікавіла ідая фэдэралістычнай дзяржавы ані Рэчыпаспалітай у межах 1772 году. Распавядае гісторык Алег Латышонак.

Алег Латышонак: Ніхто не кіраваўся гэтай ідэяй, уключна зь Пілсудскім – гэта міт. Палякі вырашылі задачы будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Беларусы ад сваёй слабасьці былі гатовыя, практычна ўсе, на далучэньне Беларусі да Польшчы на прынцыпе аўтаноміі. Дакумэнты польскай выведкі даказваюць, што практычна ўсе беларусы, які былі тады ў Рызе: варшаўскія, ковенскія, і нават Чарвякоў зь Менску былі гатовыя падпарадкавацца палякам. Таму яны былі касьмічна зьдзіўлены, калі аказалася, што палякі аддадуць большасьць Беларусі Маскве.

Такім вось парадаксальным чынам тагачасная Польшча таксама стала стваральнікам беларускай дзяржаўнасьці, - лічыць беларускі адмысловец Захар Шыбека.

Захар Шыбека: Калі б палякі пагадзіліся, тады беларускія землі апынуліся б амаль поўнасьцю ў складзе польскай дзяржавы. Таму можна сказаць, што стваральнікамі БССР была ня толькі Расея, але й Польшча.

Рыская мірная дамова 1921 году паміж савецкай Расеяй ды Польшчай была скіраваная супраць беларускага народу. Яна падзяліля Беларусь на дзьве часткі. Аднак у выніку спрычынілася да стварэньня беларускай дзяржавы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч