• Беларуская АЭС выклікала пратэсты суседзяў
  • 20.03.2011

У Эўропе пачынаецца шырокая дыскусія наконт рызыкі атамнай энэргетыкі пад узьдзеяньнем падзеяў у Японіі. У Беларусі ўлады безь ніякага абмеркаваньня прынялі рашэньне пра будаўніцтва АЭС. Гэта выклікала пратэст з боку суседняй Летувы.

На днях Сэйм Летувы прыняў рэзалюцыю, дзе выказваецца заклапочанасьць блізкасьцю беларускай станцыі да сталіцы Летувы Вільні. Гэты горад ляжыць у зоне радыектыўнага ўзьдзеяньня АЭС. Летувіскія дэпутаты запатрабавалі таксама, каб Беларусь адказала на пытаньні Летувы адносна экалягічнай бясьпекі станцыі ды правяла кансультацыі зь Летувой у сувязі з праектам будаўніцтва станцыі. Чым выклікана гэткая апэратыўная рэакцыя з боку Летувы на будаўніцтва АЭС у Беларусі? Што хаваецца за заклапочанасьцю летувіскіх дэпутатаў: палітычны разьлік, ці  эканамічная канкурэнцыя? Гэтыя пытаньні мы абмяркоўваем зь Ірынай Крыловіч, намесьніцай галоўнага рэдактара газэты “Беларусы і рынак”.

Ірына Крыловіч: Будаўніцтва атамных станцыяў – гэта цесная перапляценьне палітыкі ды эканомікі, асабліва ў невялікіх краінах, якія ня маюць ані ўласнай тэхналягічнай базы, ані ўласных фінансавых рэсурсаў для будаўніцтва АЭС. Ёсьць і абсалютна прагматычныя рэчы, якія зьвязаныя з сумневамі экалягічнага характару, блізкасьці да мяжы такога аб’екту.

Аднак доўгі час на мяжы зь Беларусьсю дзейнічала летувіская Ігналінская АЭС?

Ірына Крыловіч: У Летувы ёсьць свая станцыя. На гэтым жа месцы яны зьбіраюцца ў будучыні будаваць сваю АЭС. Але іх станцыя ня будзе знаходзіцца непадалёк ад беларускай сталіцы, тады як беларуская АЭС ляжыць у 50 кілямэтрах ад сталіцы Летувы, самага населенага горада Летувы. Таму іх непакой апраўданы. Іх непакой выклікае тое, што Беларусь пры падрыхтоўцы гэтага праекта занадта фармальна выконвае, а на думку летувісаў – увогуле не выконвае патрабаваньняў Міжнародных экалягічных канвэнцыяў, у прыватнасьці канвэнцыі Эспа й канвэнцыі аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе.

На чым палягаў гэты фармалізм беларускага боку?

Ірына Крыловіч: Беларусь вельмі фармальна правяла падрыхтоўчы этап. Усе міжнародныя дакумэнты патрабуюць шырокага абмеркаваньня гэтага праекта, вывучэньня самога праекта ды ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. У Беларусі гэта было зроблена праз адміністрацыйны рэсурс. У школах правялі размовы з настаўнікамі пад кіраўніцтвам ідэалягічных аддзелаў мясцовых выканкамаў. На гэтым палягае найбольш прагматычны бок пытаньня, калі забраць палітыку.

Летува непакоіцца й апасаецца, навошта Беларусі такая пляцоўка ў непасрэднай  блізкасьці да Вільні, самага густанаселенага горада гэтай краіны? Ці ёсьць у летувісаў нейкія магчымасьці паўзьдзейнічаць на беларускае кіраўніцтва?

Ірына Крыловіч: Канвэнцыя, на якую спасылаецца летувіскі бок, ня так даўно была прынятая. Сёньня ня так шмат краінаў будуюць свае станцыі, сыходзячы з патрабаваньняў гэтай канвэнцыі. Таму няма вопыту яе выкарыстаньня. Расея гэтую канвэнцыю не падпісала, і ейныя ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ня маюць тут ніякага значэньня. Беларусь гэтую канвэнцыю падпісала гэтаксама як Летува, ды іншыя краіны рэгіёну. Таму сёньня летувісы будуць спрабаваць удзьдзейнічаць на Беларусь. Калі канвэнцыю падпісалі, яе трэба выконваць. Аднак пакуль, на жаль, не было прэтэндэнтаў, каб уводзіліся санкцыі, ці адмянялася будова. Пакуль няма такіх мэханізмаў.

На пачатку тыдня беларускі кіраўнік узгадніў з кіраўніком расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным пытаньне будаўніцтва беларускай АЭС. Напрыканцы тыдня стала вядома, што будаўніцтва можа пачацца ўжо ў верасьні 2011-га году. Пра гэта паведаміла прэсавая служба расейскага інстытуту „Атамэнэргапраект”. У летувісаў застаецца зусім мала часу, каб паўзьдзейнічаць на Беларусь?

Ірына Крыловіч: Рэальнага мэханізму забараніць нейкай краіне будаваць АЭС – няма. Калі падпісваўся дакумэнт на нераспаўсюд ядзернай зброі, там былі дадзены гарантыі няядзерным краінам пабудаваць у сябе на тэрыторыі атамную станцыю. Таму рэальна забараніць магчымасьці няма. Дзяйнічаць можна толькі праз грамадзянскую супольнасьць.Трэба даносіць інфарамцыю пра тое, што праект непразрысты без сур’ёзнай незалежнай экспэртызы. Гэта ня спыніць будаўніцтва, але створыць палітычны ды грамадзкі фон.

Будаўніцтва беларускай АЭС пачынаецца ў даволі неспрыяльнай міжнароднай атмасфэры: аварыі на японскай АЭС ды пратэстаў Летувы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч