• Г. Паганяйла: Статкевіч і Ус абвінавачаныя ў арганізацыі таго, чаго не было
  • Audio4.13 MB
  • 18.03.2011

Экс-кандыдатам у прэзыдэнты Дзьмітрыю Усу й Мікалаю Статкевічу ў чацьвер было афіцыйна прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Цяпер у былых кандыдатаў і іх адвакатаў будзе мажлівасьць азнаёміцца з матэрыяламі справы ды падрыхтаваць пазыцыю абароны.

Дзьмітрыя Уса й Мікалая Статкевіча абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Што належыць разумець пад такой фармулёўкай, нам тлумачыць праваабаронца Гары Паганяйла:

Г. Паганяйла: Пад “арганізацыяй” належыць разумець дзеяньні асобаў, якія штурхаюць разьюшаны натоўп на выкананьне пэўных мэтаў, якія кіраўнікі сабе ставяць. Адбываецца гэта шляхам заклікаў, камандаў, асабістага прыкладу. Пра арганізацыю можна казаць тады, калі ў дзеяньнях агрэсіўнага натоўпу праглядаецца кіраваньне.

Мікалаю Статкевічу й Дзьмітрыю Усу пагражае да 15 гадоў турмы. Па справе аб масавых беспарадках за краты пасадзілі ўжо 4 асобы, але сам факт таго, што 19 сьнежня на Плошчы адбываліся масавыя беспарадкі, даказаны так і ня быў. Такім чынам, Мікалая Статкевіча й Дзьмітрыя Уса абвінавачваюць у арганізацыі таго, чаго фактычна не адбывалося. Пра гэта кажа праваабаронца Гары Паганяйла.

Г. Паганяйла: Ніякіх масавых беспарадкаў там не было! Мінулыя суды гэта паказалі, як паказалі шматлікія відэазапісы, а таксама паведамленьні інфармацыйных агенцтваў, якія вялі он-лайн рэпартажы з маніфэтацыі. Сьведкамі гэтаму былі тысячы людзей на самой Плошчы! Была невялічкая група людзей, якая разьбіла пэўную плошчу шыбаў і пашкодзіла дзьверы. Гэты працэс доўжыўся каля паўгадзіны. Удзельнічалі ў ім ад 10 да 15 чалавек. Нельга назваць гэтыя дзеяньні масавымі беспарадкамі. 

У Беларусі працуе экспэртная група АБСЭ. Яе мэта – вызначыць, ці адбываліся 19 сьнежня ў Менску масавыя беспарадкі. Пра гэта нам паведаміла праваабаронца Алена Танкачова:

А. ТанкачоваУ цяперашні час у Менску працуе міжнародная экспэртная група. Гэта вядучыя эўрапейскія экспэрты па пытаньнях свабоды сходаў. Кіруючыся відэаматэрыяламі, паказаньнямі сьведкаў і фотаматэрыяламі, яны праводзяць незалежную экспэртызу. Яны хочуць высьветліць, што ж на самой справе адбывалася на плошчы й ці можна гэта з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў кваліфікаваць як масавыя беспарадкі. Я спадзяюся, што будзе гатовая на працягу бліжэйшага месяца. Мне вельмі хацелася б, каб адвакаты на наступных працэсах маглі запрашаць гэтых спэцыялістаў на судовыя паседжаньні ці хаця б карыстацца рапартам, падрыхтаваным міжнароднай экспэртнай групай. 

Па справе 19 сьнежня у сьледчым ізалятары знаходзяцца каля 40 чалавек. Пры гэтым правы зьняволенывх у СІЗА КДБ неаднаразова парушаліся: да іх доўгі час не пускалі адвакатаў, блізкіх, не перадавалі іх лістоў сем’ям. Адвакатам падсудных забаранілі агалошваць падрабязнасьці сьледзтва. Алесь Міхалевіч, які нядаўна папрасіў палітычны прытулак у Чэхіі, расказаў пра катаваньні ў СІЗА КДБ. Пра факты парушэньня правоў падсудных распавядае праваабаронца Алена Танкачова.

А. Танкачова: Фактычна ніводнаму з абвінавачаных не дазволілі папярэднюю сустрэчу з адвакатам, каб паразмаўляць сам-насам. Гэта неад’емнае права падсуднага – сустрэцца з адвакатам і перадаць яму першаму інфармацыю. Відавочна, што гэта грубае парушэньне правоў чалавека. На працягу доўгага часу большасьць абвінавачаных ня мела доступу да карэспандэнцыі блізкіх. Гэта расцэньваецца як бесчалавечныя ды прыніжаючыя годнасьць людзей дзеяньні дзяржаўных ворганаў, сіла і ўлада якіх над зьняволенымі – бязьмежная.

Нягледзячы на тое, што абвінавачваньне Дзьмітрыю Усу ды Мікалаю Статкевічу ўжо прад’яўленае, праваабаронцы ня ведаюць, калі распачнецца суд. Ня выключана нават, што колькасьць абвінавачаных па справе 19 сьнежня можа яшчэ ўзрасьці – мяркуе праваабаронца Гары Паганяйла. Сёньня абвінавачаных больш за 50.


Аляксандар Папко