• Абмежаваньне на набыцьцё валюты ўскладніла працу імпарцёраў
  • Audio3.1 MB
  • 19.03.2011

У сераду 16 сакавіка Нацыянальны банк Беларусі быў вымушаны ўвесьці абмежаваньне на набыцьцё валюты фірмамі. Што стала прычынай забароны й як яна адбілася на працы прыватных прадпрыемстваў? 

Бягучы тыдзень запомніцца беларусам чэргамі ў абменьніках. У сярэдзіне тыдня ў краіне пачалася валютная паніка, якая доўжылася некалькі дзён. Падагрэла яе й тое, што Нацбанк увёў абмежаваньне на набыцьцё валюты фірмамі. Калі раней даляры ды эўра на Беларускай валютна-фондавай біржы прадпрыемствы маглі купіць на наступны дзень пасьля падачы заяўкі, то цяпер на атрыманьне валюты трэба чакаць 30 дзён.

Рашэньне Нацбанка балюча ўдарыла па фірмах-імпарцёрах. Шмат прадпрыемстваў засталіся бяз грошай, патрэбных на набыцьцё тавараў – кажа аналітык фінансавага рынку Сяргей Чалы.

С. Чалы: Бізнэс стаіць, таму што ніхто ня ведае, якім чынам працаваць далей. Некаторыя задумваюцца над тым, каб разлічвацца па курсе 3100-3200 рублёў за даляр. Іншыя ўвогуле ня хочуць падаваць заяўку на біржу, бо невядома, які будзе курс, а грошы цэлы месяц будуць прастойваць.

Абмежаваньне на набыцьцё валюты паралізуе працу імпарцёраў вопраткі, бытавой тэхнікі, мэдпрэпаратаў, кампутараў – лічыць Сяргей Чалы. Фірмы ўжо павышаюць цэны на гэтыя тавары, каб кампэнсаваць страты, прынесеныя рашэньнем Нацбанка – тлумачыць аналітык.
Абмежаваньне на набыцьцё валюты на біржы балюча ўдарыць па малых і сярэдніх фірмах. Праца буйных прадпрыемстваў пацерпіць нязначна – кажа нам фінансіст адной зь вялікіх прыватных кампаніяў  Дзяніс.

Дзяніс: Стала проста цяжэй працаваць. Цяпер трэба ўвесьці вельмі добрае плянаваньне, прадбачыць за месяц усе кантракты. Амаль усе буйныя прыватныя кампаніі маюць сваю ўласную валюту, якая захоўваецца на валютных рахунках. Таму абмежаваньне іх так істотна не закране.

Хуткі рост цэнаў на імпартныя тавары таксама ня зьвязаны з абмежаваньнем, уведзеным на набыцьцё валюты, - лічыць фінансіст.

Дзяніс: Па-першае, павышэньне коштаў паліва зрабіла даражэйшай дастаўку прадукцыі. Па-другое, павышэньне заробкаў у бюджэтным сэктары прывяло да таго, што прыватныя фірмы таксама паднялі зарплаты. Усе гэтыя фактары паўплывалі на рост цаны тавараў пры продажы. Я ня думаю, што прычына падаражаньня ў абмежаваньнях, накладзеных на набыцьцё валюты.

Чаму Нацыянальны банк вырашыў увесьці 30-дзённы тэрмін пакупкі валюты фірмамі? Сяргей Чалы патлумачыў, што беларускія грамадзяне, чые заробкі павысілі перад выбарамі, масава пабеглі ў банкі й набылі валюту. За тры месяцы яны купілі амаль паўтара мільярды даляраў. Таму Нацбанк і ўвёў абмежаваньне. Аднак датычыцца яно перадусім не фізычных асобаў, а прадпрыемстваў – тлумачыць аналітык.

С. Чалы: Паколькі валюты мала, яе трэба нейкім чынам разьмяркоўваць. Паколькі прэзыдэнт заявіў, што насельніцтва – гэта сьвятое, і ніякіх абмежаваньняў для фізычных асобаў ня будзе, то прыйшлося абмяжоўваць юрыдычныя асобы. Калі стала зразумела, што насельніцтва сапраўды выграбае многа, і валюты на ўсіх ня хопіць, урад вырашыў выкінуць фірмы зь біржы на міжбанкаўскі рынак, дзе курс імгненна вырас да 3600 рублёў за даляр.

Недахоп валюты будзе адчувацца ў Беларусі й надалей. Каб пакрыць дэфіцыт зьнешняга гандлю, краіна па-ранейшаму патрабуе некалькі мільярдаў даляраў, а ўзяць валюту пакуль няма адкуль – канстатуе Сяргей Чалы.


Аляксандар Папко