• Рэдакцыйная пошта
  • 19.03.2011

Выдатнага часу сутак, дарагія сябры!

Сардэчна дзякую аўтарам усіх лістоў, што апошнім часам дастаўлены на віцебскую абанэнцкую скрынку.
Тыдзень назад я казаў, што наступны агляд чутнасьці будзе ў новым вяшчальным сэзоне. Але мой прагноз не спрацаваў. Ужо сёньня я зьвяртаюся да вынікаў праслухоўваньня беларускамоўных перадач. Нашы прыхільнікі з розных мясьцін Беларусі й суседніх краін актыўна шлюць свае справаздачы аб прыёме. Ігнараваць гэтую інфармацыю недаравальна. Таму я агучу самыя новыя й больш старыя зьвесткі пра чутнасьць.

Магіляўчанка Яўгенія Цюркіна склала рапарт аб прыёме. 9 сакавіка на частаце 11905 кілягерц чутнасьць была на адны “чацьверкі”.

Лідчанін Аляксандар Ендза прыслаў справаздачу аб прыёме на 6050 кілягерцах. Тут, як ведама, з 17.30 да 18.00 UTC ідзе перадача з Варшавы. Спадар Ендза злавіў наш выпуск 22 лютага. У першыя дваццаць хвілін былі невялікія шумы й заміраньні. Таму спадар Ендза так ацаніў гэты адрэзак прыёму: 55444. Потым чутнасьць пагоршылася, бо зьявіліся перашкоды ад Міжнароднага радыё Кітая. З тае прычыны апошнія 10 хвілін набылі такія адзнакі: 54444.

Мікалай Волчык зь Зіновіч Пружанскага раёна Берасьцейскай вобласьці піша, што ня слухае наш начны эфір на частаце 612 кілягерц з-за мясцовых перашкодаў. Па той жа прычыне ён не прымае іншыя станцыі на сярэдніх хвалях. Затое слухае замежнае вяшчаньне на КХ і ў FM-эфіры. Гаворка ідзе пра нашы выпускі з 14.30 да 15.30 UTC ды праграмы некаторых іншых станцый. Напрыклад, спадар Волчык таксама прымае радыё “Рацыя”. Ён піша, што гэтая станцыя павысіла магутнасьць трансьлятара для частаты 98,1 МГц. Цяпер “Рацыя” ловіцца ў вёсцы Зіновічы на “пяцёркі”. 

Між іншым, Польскае радыё для замежжа таксама мае FM-рэтрансьляцыі. І нас вельмі хвалюе сытуацыя з прыёмам у гэтым дыяпазоне ў памежных раёнах, асабліва на поўдні Беларусі. Мы ня ведаем, якую тэрыторыю ахоплівае рэтрансьляцыя нашых перадач. З 21.00 да 22.00 паводле менскага (ці кіеўскага) часу ўкраінскае радыё “Перэць” павінна весьці перадачы з Варшавы на 107,5 мэгагерцах ды на 104,9 МГц. На першай частаце ідзе вяшчаньне з Дубровіцы (па-украінску “Дубровиця”), на другой – з Зарэчнага (на ўкраінскай мове “Зарічне”). Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны.

Калі вы жывяце на беларускім Палесьсі (напрыклад, у Янаўскім, Пінскім, Столінскім ці Лельчыцкім раёне) ды чуеце нашы перадачы ў FM-дыяпазоне, то, калі ласка, напішыце нам. Просім Вас некалькі вечароў запар паслухаць эфір на 107,5 і 104,9 МГц і тэрмінова напісаць на віцебскую паштовую скрынку пра вынікі маніторынгу гэтых хваляў: ці пастаянна чутны нашы перадачы? ці ёсць атмасфэрныя шумы? ці назіраюцца перашкоды ад іншых станцый?
З той жа самай просьбай я зьвяртаюся да слухачоў на ўкраінскім Палесьсі (напрыклад, у Зарачанскім, Дубровіцкім, Уладзімерацкім, Сарненскім, Ракітнаўскім ці Олеўскім раёне). Калі вы прымаеце нашы перадачы, то, калі ласка, напішыце нам празь віньніцкую паштовую скрынку.

Неўзабаве многія краіны будуць пераходзіць на летні час. Паралельна замежнае вяшчаньне мяняе свае расклады. Частоты новага сэзону ў нас будуць тыя ж самыя, што і летась у той жа пэрыяд. Запрашаю занатаваць. А 16.30 беларускага часу, ці а 13.30 UTC, мы будзем трансьляваць гадзінныя праграмы ў дыяпазонах 19 і 25 мэтраў. Дакладныя частоты – 15480 ды 11955 кГц. А 19.30 беларускага часу, ці а 16.30 UTC, Варшава будзе прымацца па-беларуску ў дыяпазоне 25 мэтраў. Дакладная частота – 11760 кілягерц.

Зразумела, што Польскае радыё для замежжа цікавіць узровень прыёму ў будучым сэзоне. Так што шчыра запрашаю складаць рапарты аб чутнасьці.
Нагадваю, што справаздачы аб прыёме можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Справаздачы пра чутнасьць магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі і віцебскі адрасы нашай станцыі.
Паведамляю, што сёньня я выслаў па пошце ўзнагароды за пасьпяховы ўдзел у апошняй кашубскай віктарыне. Спадзяюся, што кожны з 9 пераможцаў атрымае гэтыя падарункі. Прашу ўсіх без выключэньня паведаміць пра дастаўку прызоў.

Я напамінаю, што працягваецца дыскусійны конкурс. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.
Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны і разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Меркаваньні прагучаць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш якасныя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Я сардэчна запрашаю ўсіх вас, паважаныя сябры, прысылаць заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”. Кожны тыдзень па нядзелях гэтая рубрыка цешыць слухачоў добрай польскай і беларускай музыкай. Калі вы хочаце атрымаць блянк для складаньня віншаваньняў ці прывітаньняў, пішыце на адрас віцебскай паштовай скрынкі. Я апэратыўна адпраўлю вам фармуляр заяўкі.
Рапарты аб чутнасьці, конкурсныя працы, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”, лісты на самыя разнастайныя тэмы трэба  прысылаць на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Апроч таго, сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя вэрсіі “Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не пасьпелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!

Юрась Сьцяпанаў