• РАСЕЯ БЯРЭ НАШ МАЗ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ - камэнтар ад У.Падгола
  • 20.03.2011

Асноўнай падзеяй тыдня ў Беларусі быў візыт Пуціна. Ад яго чакалі яснасьці наконт эканамічных стасункаў Беларусі й Расеі. “Народная воля” за пятніцу друкуе артыкул з характэрнай адзнакай “Масква прыперла да сьценкі”. Вось толькі адзін з прыкладаў гэтай прыпёртасьці. Зусім нядаўна ўладар Беларусі ганарліва заяўляў, што МАЗ ніхто проста так ня зможа забраць. І вось Пуцін у Менску заявіў, што МАЗ і КАМАЗ аб’ядноўваюцца. Пры гэтым беларускі дыктатар маўчаў, як быццам бы чагосьці непрыемнага зьеў. Яшчэ адзін прыклад прыпёртасьці: уладар беларускіх фабрык і заводаў на ўсю рэспубліку загадваў міністрам як мага хутчэй пабудаваць АЭС, прычым хоць з кім: хоць з кітайцамі, хоць з французамі. Пры гэтым Лукашэнку хацелася атрымаць 9 млрд. даляраў на пабудову як станцыі, так і інфраструктуры. І вось Пуцін заявіў, што пабудуе АЭС, і што Расея дасьць на гэта 6 мрд, каб зрабіць толькі станцыю, а вось інфраструктуру Беларусь мусіць будаваць за свае грошыкі. А дзе возьме беларускі ўладар грошай - 3 млрд. даляраў, калі зь яго запасаў кожны два месяца зьнікае 2 млрд.? І ня толькі ў гэтым закавырка! АЭС з Расеі нідзе яшчэ не працавала. Яна нейкага эксперыментальнага кшталту, а мы з вамі станем беларускімі мышамі для экспэрыментаў. Мышамі двухногімі, але без галавы ці без мазгоў. Дзякуючы АЭС Расея можа дасягнуць адразу некалькі мэтаў: даць працу сваім атамшчыкам, бо зараз і кітайцы вырашылі спыніць пабудову 28 АЭС, і балгары. АЭС нас паставіць у залежнасьць ад электраэнергіі як ад газавай трубы, цалкам прывяжа энергетыку Беларусі да Расіі, а мэта ж была супрацьлеглая! І ўрэшце, калі нешта здарыцца кшталту японскага землятруса, тады зь беларусамі й нашаю моваю пытаньне будзе вырашына назаўсёды. І ў Крамлі радасна кульнуць чарку пад тост: “Не жыве Беларусь!”.

Тая ж “Народная воля” на другой старонцы друкуе выказваньне міністра замежных спраў Польшчы Сікорскага наконт Беларусі з сайта МЗС Польшчы: “Лёс брацкага й эўрапейскага народа нам асабліва блізкі. Я шмат разоў паўтараў, што Польшча, у прыватнасьці, можа дапамагчы Беларусі, калі тая абярэ шлях перамен. Аднак мы павінны цьвёрда рэагаваць, калі Беларусь збочвае з гэтага шляху, парушаючы пры гэтым асноўныя чалавечыя й грамадзянскія правы. Я веру, што прыйде час, калі мы зможам аказваць падтрымку Беларусі, якая будзе праводзіць рэформы й супрацоўнічаць з Эўропай”.

Вельмі цікавая інфармацыя ўтрымліваецца на другой старонцы “Народная волі” за пятніцу ў занатоўцы пра Шэіна – сустаршыню аргкамітэта па стварэньні БХД. Ён піша, што на допыце ва ўпраўленьні контрвыведкі КДБ яму паказалі відэкадры групы людзей, якія білі вокны ў Доме ўрада, а потым стаялі збоку побач. Шэін спытаў: “Дзе гэтыя людзі?” А яму адказалі, што іх ня могуць знайсьці. Шэін робіць выснову, што гэта й былі агенты спэцслужбаў, якія ладзілі правакацыю ля Дома ўрада.

“Наша Ніва” шмат месца прыводзіць прыгодам экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міхалевіча. Ён паведаміў па электроннай пошце, што апынуўся па-за зонай дзеяньня КДБ. Некаторыя лічаць, што ён – у эўрапейскай краіне. Калі гэта так, то Міхалевіч будзе першым экс-кандыдатам у прэзыдэнты, хто пакінуў межы краіны з камеры турмы КДБ.

У чацвер старшыня Нацбанка Пракаповіч сустрэўся з Лукашэнкам, а потым кляўся з экрана 1-га нац. тэлеканала, што дэвальвацыі рубля не будзе. Зачапіў толькі адзін сказ: “Ня будзе, покуль я старшыня нацбанка”. Мы памятаем, як такім жа чынам Лукашэка перад той дэвальвацыяй хлусіў беларусам. Народ і да той заявы, і апасьля масава скупае валюту, пазбаўляючыся беларускіх рублёў. “Наша Ніва” піша, што гэта – паніка. Атрымліваецца паказальнае галасаваньне аб даверы дыктатару. А за 2007-2010 гады замежны доўг Беларусі вырас з 6 млрд. даляраў да 28,5 млрд.

“СБ” за чацвер і пятніцу друкуе стэнаграму размовы ў рэдакцыі аб новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Гэта два разы па дзьве газэтных паласы. Хто мае час, раю пачытаць у той гутарцы словы дзяржсакратара Рады Бясьпекі Мальцава. Там ён шмат кажа пра эканамічную бясьпеку. Вось, напрыклад: “Па энэргаёмістасьці на адзінку ВУП мы саступаем развітым эўрапейскім краінам у 2-3 разы”. І тут жа кажа, што нам часта прадракаюць, што наша эканоміка рухне, але, як бачыце, не рухнула. Больш таго, па выніках мінулага года мы маем неблагія паказчыкі.
Калі ўзяць гэтыя “нядрэныя” паказчыкі й сёньняшні стан эканомікі ды параўнаць з параметрамі Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, то й Мальцава, і Лукашэнку трэба сажаць у турму за антыдзяржаўную дзейнасьць.
Але покуль у турме сядзяць актывісты апазыцыі. Эўрапейцы ж мерацца пасадзіць у турму рахункі набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў (называецца гэта “замарозіць”). Калі так адбудзецца, тады дыктатар насамрэч адчуе страту грошай са сваёй кішэні. Бо ўсе асноўныя бізнэсоўцы ля трона ўладара маюць заданьне памнажаць капітал гаспадара. Так што марозячы грошы прылашчаных безнэсоўцаў эўрапейцы замарозяць і грошы дыктатара.

У пятніцу па радыё “Культура” чыталі старонкі твора “Пан Тадэвуш” Міцкевіча. Так што покуль у дзяржаўных СМІ жыве Беларусь толькі на радыёхвалях “Культуры”.

Уладзімір Падгол

Ад Рэдакцыі: Тэкст адлюстроўвае аўтарскія погляды камэнтатара й не прадстаўляе пункту погляду Рэдакцыі.