• Рэдакцыйная дыскусія
  • 23.03.2011

Сёньня ў дыскусіі я працягну агучваць тэму падзеяў апошніх гадоў – яна была зададзена на конкурс, які ладзіць у рамках нашых перадач Юрась Сьцяпанаў. Тыдзень таму з намі падзялілася сваімі ўражаньнямі наконт апошняга году Данута Крупіца, а сёньня я прапаную вашай увазе ліст ад слухача з Пінска Леанарда Аўкштэля. Цытую:

“Хачу адказаць на пытаньне, што мяне больш за ўсё ўразіла ў мінулым дзесяцігодзьдзі. А ўразіла мяне вайна ў Іраку. Я працаваў у гэтай краіне ў 1987-1989 гг. Таму ведаю краіну, як кажуць, зь першых вуснаў. Людзі там добразычлівыя, а Садам не такі монстар, як зрабілі яго сродкі масавай інфармацыі. Так, дыктатар, але дзе ў арабскім сьвеце ёсьць дэмакратыя? У Эгіпце, дзе  дзесяцігодзьдзямі кіруе Мубарак, ці ў Лібіі, у Алжыры, ці ў тым жа Кувэйце, дзе правіць эмір Джабар? Але бяда Іраку й Садама ў тым, што там шмат нафты, а ён ня вельмі танцаваў перад ЗША.

Вайну з Іракам справакавалі ЗША. Затым з Кувэйтам таксама ЗША. Ірак меў з Кувэйтам дамову здабываць нафту з нафтавага поля ў аднолькавай колькасьці. Амэрыка падгаварыла не прытрымлівацца гэтай колькасьці й браць нафты больш, бо яна патрэбная Амэрыцы. Тады Ірак ударыў па Кувэйту, тым больш, што аніводзін урад Іраку не прызнаваў Кувэйта самастойнай дзяржавай, а лічылі сваёй правінцыяй. Вайна ў заліве была за нафту. Пазьней амэрыканская камісія некалькі гадоў капала пясок у Іраку, пакуль не знайшла й не разьведала ўсе ваенныя аб’екты, а зброі масавага зьнішчэньня так і не знайшла. І калі ўсе ваенныя пляны былі здабытыя й перададзеныя Амэрыцы, яна ўдарыла. Вайна ідзе й зараз, а мне вельмі шкада простых іракцаў, якіх амэрыканцы натравілі адзін на аднаго як сабакаў.

Да слова. Польскія вайскоўцы стацыянуюць каля Бабілёна і крадуць фрэскі са сьцен, якія там прабылі 5 тыс. гадоў. Аб гэтым паведаміла радыёстанцыя Аль-Арабія. Вось такая дэмакратыя зараз у Амэрыцы, прабачце, у Іраку.

Другое, што мяне ўразіла ў гэтым дзесяцігодзьдзі, гэта надвор’е. Было шмат размоў пра пацяпленьне клімату. Столькі было канфэрэнцый, дыскусій, а гэтай зімой замест цяпла стаў холад. А ўжо колькі гадоў акадэмік Капіца гаворыць, што клімат не залежыць ад узьдзеяньня чалавека. А пэрыяды холада мяняюцца пэрыядамі цяпла, а гэта не залежыць ад людзей. І дзякуй Богу, што летнія й зімовыя катаклізмы абыйшлі нашу родную Беларусь.”

Вось такія разважаньні пра падзеі апошніх дзесяці гадоў прыслаў нам слухач зь Пінска Леанард Аўкштэль. Вялікі дзякуй за гэты ліст. Праўда, не з усімі вашымі поглядамі я поўнасьцю згаджаюся, але сапраўды вы маеце рацыю, што вайна ў Іраку была перш за ўсё за нафту. Хаця нельга сказаць, што зусім не было падставаў, каб яе распачынаць. Можа, Садам Хусэйн на быў такім монстрам, як яго прадстаўлялі ў СМІ, але, тым ня менш, у яго была кроў на руках, таксама, як, дарэчы, у кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, з якім цяпер пачалі змаганьне ўласныя суайчыньнікі, а на дапамогу ім пайшлі замежныя сілы. Падобная сытуацыя была ў Іраку. Вы пішыце, што ў арабскім сьвеце няма дэмакратыі. Гэта сапраўды так, але падзеі апошніх месяцаў паказваюць, што нешта пачынае зьмяняцца й у гэтай частцы сьвету, народы Эгіпту, Лібіі, Тунісу зьвяргаюць або імкнуцца зьвергнуць сваіх тыранаў. І сьвет павінен іх нейкім чынам падтрымліваць у гэтым імкненьні, хаця цяжка сказаць, які лад усталюецца замест дыктатуры або аўтарытарнага рэжыму.

Наступныя вашы разважаньні – пра клімат. Сапраўды, тэмпературы й атмасфэрныя зьявы апошніх месяцаў пярэчаць тэзе, што клімат на плянэце ацяпляецца. Зімы, як апошняя, так і перадапошняя, былі вельмі халодныя й сьнежныя. Але гэта не азначае, што сярэдняя тэмпература ўсё ж такі не павышаецца. Праўда, сярод адмыслоўцаў няма поўнаў згоды наконт прычын такіх зьяваў, але некаторыя зь іх адзначаюць, што ў выніку таяньня ледавікоў халодная вада адпіхвае ад Эўропы цёплае цячэньне Гальфстрым, таму, замест пацяпленьня, у нас назіраецца нават пахаладаньне. Але гэта часовая зьява. Калі ледавікі будуць працягваць таяць у такім тэмпе, то празь некалькі дзясяткаў гадоў яны поўнасьцю растаяць, і тэмпература ў Эўропе таксама значна вырасьце. Зразумела, гэта толькі адна з тэорыяў наконт зьменаў клімату. Як будзе насамрэч, пераканаемся самі празь нейкі час. У адным, здаецца, можам не сумнявацца – на нашай плянэце назіраецца й будзе назірацца ўсё больш экстрэмальных зьяваў. Я думаю, што наш слухач са мною згодзіцца, што даўно ўжо не было столькі ўраганаў, засухаў, землятрусаў, паводак, колькі за апошнія гады. І гэтыя зьявы цяжка вытлумачыць інакш, чым дзейнасьцю чалавека. Чалавек павінен узяць на сябе адказнасьць за свой дом і пастарацца нешта зрабіць дзеля таго, каб клімат так рэзка не мяняўся. Калі зразумела, яшчэ ёсьць магчымасьць нешта зрабіць. Але гэта ўжо пытаньне да спэцыялістаў.

На гэтым я закончу сёньняшнія разважаньні. Вялікі дзякуй усім слухачам, хто піша нам допісы, пішыце нам далей, дасылайце свае думкі на тэму падзеяў апошняга дзесяцігодзьдзя. Чакаем вашых лістоў!

нг