• Конрад Адэнаўэр – архітэктар нямецкай нацыі
  • Audio6.32 MB
  • 23.03.2011

Конрад Адэнаўэр сапараўды лічыцца палітыкам, які падняў Нямеччыну з руінаў вайны і пераўтварыў яе ў самую квітнеючую краіну Эўропы й сьвету.

Конрад Адэнаўэр стаў першым канцлерам ФРГ (Заходняй Нямеччыны), быў заснавальнікаў Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, і тым самым спалучыў дэмакратычныя й палітычныя каштоўнасьці. Гэтая партыя застаецца адной з самых уплывовых у Нямеччыне й па сёньняшні дзень. Адэнаўэра можна назваць адным з самых мудрых і прадбачлівых палітыкаў Эўропы. У 2003 годзе, згодна з нацыянальнымі апытаньнямі Адэнаўэр быў прызнаны тытул “вялікі немец усіх часоў”.

Адэнаўэр пражыў тры эпохі й тры дзяржавы, кайзераўскую Нямеччыну, якая праіснавала да 1918 году, Вэймарскую Рэспубліку (1933) і Трэці Рэйх Гітлера (1945), а чацьвёртую ён стварыў сам.

 

Нарадзіўся Адэнаўэр у Кёльне ў 1876 годзе ў сям’і сакратара кёльнскага суду. Бацька меў вельмі моцны ўплыў на выхаваньне будучага канцлера: дысцыпліна, культ працы й павага да каталіцкай царквы, асноўныя каштоўнасьці, на якіх трымалася сям’я.

Сям’я не была вельмі багатай і Конрад павінен быў вучыцца, а па начох працаваць. Ва ўнівэрсытэце Адэнаўэр вывучаў права й паліталёгію. А пасьля заканчэньня працаваў асэсарам.

 У 1904 годзе Адэнаўэр ажаніўся з Эмай Вэер, якая паходзіла зь вядомага арыстакратычнага роду й яе бацькі не жадалі й чуць пра жаніцьбу з чалавекам з народу. Тым ня менш, Эма змагла пераканаць бацькоў. Дзякуючы гэтаму шлюбу Адэнаўэр атрымаў магчымасьць увайсьці ў вышэйшы сьвет палітыкі ў Кёльне й Нямеччыне.

У 1906 годзе ён быў абраны намесьнікам обер-бургамістра Кёльна. Празь некалькі дзён пасьля абраньня, памёр бацька Конрада, але перад сьмерцю ён сказаў сыну, што наступнай ягонай мэтай павінна быць пасада обер-бургамістра. Празь некалькі год ён становіцца памочнікам обер-бургамістра.

Але нягледзячы на посьпехі ў палітычнай карыеры, у жыцьці Адэнаўэра пачаліся цяжкасьці. Па-першае пачалася І сусьветная вайна. Вельмі хутка Адэнаўэр акрэсьліў яе як: “вынік агульнай дурноты”.

У 1916 годзе ад рака памірае ягоная жонка, а потым ён сам патрапіў у аўтамабільную аварыю, у выніку чаго вельмі моцна пашкодзіў косьці й мышцы твару. Таму яго твар пасьля аварыі і апэрацый выглядала нібыта каменны, без ніякіх эмоцый.

Падчас вайны Адэнаўэр паказаў сябе вельмі таленавітым адміністратарам. Ён разумеў, што Нямеччына прайграе вайну. Яшчэ калі вайна ішла, ён загадаў пачаць павялічваць запасы ежы, перад усім крупоў. Пасьля вайны і падчас акупацыі жыхары Кёльна мелі, што есьці. За гэта Адэнаўэра празвалі “Кашэнаўэр”. Яму некалькі разоў прапанавалі стаць рэйхсканцлерам, бо на фоне палітычнага й эканамічнага хаосу ў Нямеччыне, Кёльн ня толькі захаваў стабільнасць, але і развіваўся. Адэнаўэр адмаўляўся ад гэтых прапановаў. У той час ён казаў, што “Нямеччыну можа ўратаваць ўрад, які б меў дыктатарскія паўнамоцтвы”. Нажаль, ягоныя словы збыліся.

У 1918 годзе, перад самой рэвалюцыяй у Нямеччыне, Адэнаўэр стаў обер-губэрнатарам Кёльна. Яшчэ праз год Адэнаўэр паўторна ажаніўся з 24-гадовай Аўгустынай Ціснэр. Адэнаўэру было 43 гады. Ад дзьвюх жонак у Конрада Адэнаўэра было 8 дзяцей. Апошняе дзіця нарадзілася калі Адэнаўэру было 55 год.

 Пасьля прыходу да ўлады нацыстаў ягоная палітычная карыера спынілася. Калі ў 1933 годзе Гітлер ўжо як канцлер наведаў Кёльн, Адэнаўэр не паехаў яго сустракаць і забараніў вывешваць сьцягі са свастыкай. Гітлер быў проста разьюшаны паводзінамі бургамістра. У гэтым жа годзе супраць Адэнаўэра распачаўся судовы працэс, яго дом быў канфіскаваны, а ён з жонкай на працягу года павінен быў хавацца і шукаць прытулку ў розных месцах.

З 1934 па 1944 жыцьцё Адэнаўэра праходзіла па-за палітыкай. Але пасьля пакушэньня на Гітлера ў 1944 годзе, Адэнаўэр і ягоная жонка былі арыштаваны. Былы канцлер апынуўся ў канцлагеры, а потым у вязьніцы гестапа. Што цікава, тры страрэйшыя сыны Адэнаўэра у той жа час ваявалі на Ўсходнім фронце.

Пасьля заканчэньня вайны Адэнаўэр быў назначаны амэрыканцамі бургамістрам Кёльна. Ён таксама знаходзіўся ў так званым “белым сьпісе” на пасаду канцлера Нямеччыны. У 1949 годзе ён быў абраны канцлерам ФРГ. Тады яму споўнілася 73 гады.

Тым ня менш, ён зь вялікім дынамізмам пачаў пабудову “Новай Нямеччыны ў Новай Эўропе”. На пасадзе канцлера Адэнаўэр заставаўся 14 год. Дзякуючы ягонай прапанове Бонн стаўся сталіцай ФРГ.

Сапраўды Адэнаўэр стварыў новую палітычную рэчаіснасьць. Гэты пэрыяд у гісторыі Нямеччыны атрымаў назву “Эра Адэнаўэра”. Паводле стратэгіі Адэнаўэра, гаспадарка павінна быць арыентавана на чалавека, бо дабрабыт асобы гарантуе дабрабыт дзяржавы.

Тым ня менш, яго палітыка на той час выклікала з аднаго боку пазытыўныя адзнакі, а з іншага негатыўныя.  Напрыклад, ён быў прыхільнікам дэмілітарызацыі Нямеччыны, але не прыняў прапановы Сталіна па аб’яднаньні дзьвюх частак Нямеччыны й далучыў яе да НАТО, каб прыпыніць дэмантаж нямецкай прамысловасьці.

Разам з гэтым у 1949 і 1954 нямецкі парлямэнт прыняў закон аб амністыі для былых сябраў нацыскай партыі, СС і для ваенных. Шмат хто з былых прыхільнікаў старога рэжыму працавалі на дзяржаўных пасадах у ФРГ.

Каб ачысьціць добрае імя Нямеччыны, Адэнаўэр рабіў усё магчымае дзеля кампэнсацыі для ахвяр халакосту. Нямеччына абяцала выплаціць 1,5 млрд. рэпарацый.

Адэнаўэр быў пасьлядоўным праціўнікам новых межаў паміж Польшчай і Нямеччыны, якія ішлі па Одэры й Нісе. Тым ня менш, ён вельмі актыўна садзейнічаў пабудваньню аб’яднанай Эўропы. Яго можна лічыць адным з палітыкаў, які паклаў пачатак існаваньня Эўрапейскага Зьвязу.

Па прычыне сталага ўзросту Адэнаўэр сыйшоў з пасады канцлера ў 1963 годзе. Яму было 87 год. Памёр Конрад Адэнаўэр ў 1967 годзе. Ягонымі апошнімі словамі, па сьведчаньнях дачкі, былі: “Не засталося нічога, за чым трэба плакаць”.
 
Павал Усаў