• І. Сурвілла: Лукашэнка – гэта Чарнобыль!
  • Audio511.84 KB
  • 24.03.2011

Старшыня Рады БНР з задавальненьнем успрыняла санкцыі, якія надоечы ў дачыненьні да Беларусі ўвялі ЗША й Эўразьвяз.

Тым ня менш, спадарыня прэзыдэнт лічыць, што гэтак званыя чорныя сьпісы беларускіх чыноўнікаў павінны быць пашыраныя, таксама й на тых, хто зьбіваў народ падчас мірных дэманстрацыяў.

Са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвіллай размаўляла Анна Задрожна:

Спадарыня прэзыдэнт! Як Вы ставіцеся да санкцыяў, якія надоечы ў дачыненьні да Беларусі ўвялі ЗША й Эўразьвяз? Ці яны задавальняюць чальцоў Рады?

Івонка Сурвілла: Безумоўна, у Радзе ёсьць сябры, якія больш або менш хочуць санкцыяў, але ўсе яны пагаджаюцца на санкцыі супраць выезду зь Беларусі ці ўезду ў іншыя краіны асобаў, адказных за тое, што здарылася 19 сьнежня й пасьля. Мы абсалютна згаджаемся, што гэтыя людзі зьяўляюцца, я б сказала, злачынцамі, якія вядуць зьдзекі над нашым народам.

Ці гэтыя сьпісы асобаў, якіх закранаюць санкцыі Эўразьвязу й ЗША, дастатковыя, ці можа трэба было б іх пашырыць? Калі так, то на якія асобы, паводле Вас?

Івонка Сурвліла: На маю думку, сьпіс абавязкова трэба пашырыць на ўсіх тых, хто быў замешаны ў вядомыя падзеі. Нават на тых , якія бязьлітасна б’юць маніфэстантаў. На тых судзьдзяў, якія выконваюць загады зьверху, ня думаючы пра тое, што яны робяць. Абсалютна на ўсіх адказных за тое, што сталася.

Ці гэтыя меры, прымененыя да згаданых асобаў, павінны ахопліваць толькі забарону ўезду на тэрыторыю ЗША ці Эўразьвязу, ці можа трэба было б ўвесьці ўдачыненьні да іх таксама іншыя санкцыі?

Івонка Сурвілла: Калі гаворка ідзе пра эканамічныя санкцыі, я за тыя, якія не пашкодзяць у нармальным, штодзённым жыцьці нашага народу, таму што я сама не жадаю, каб нармальныя беларусы, якіх я вельмі люблю, перажывалі з-за гэтага. Але ўсе тыя пазыкі грошай, уся тая дапамога, якая дазваляе плаціць шалёныя грошы сілавым структурам, усё гэта павінна быць прыпынена. Таксама ў эміграцыі вельмі пашыраная думка пра байкот чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе.

А як Вы ставіцеся да пазыцыі Ўкраіны, якая чальцом Эўразьвязу не зьяўляецца, а ейныя адносіны да Беларусі неадназначныя. Дзеля прыкладу, можна згадаць канфэрэнцыю, прысьвечаную 25-годзьдзю Чарновыльскай аварыі, на якую запрошаныя высокія прадстаўнікі Эўразьвязу ды таксама сам Аляксандар Лукашэнка?

Івонка Сурвілла: Лукашэнка для мяне гэта тое ж самае няшчасьце, як самая аварыя, як Чарнобыль. Але з другога боку, у гэтым выпадку Беларусь мусіць прадстаўляцца, бо ж ня можна дазваляць, каб сьвет забыў, што Беларусь у выніку аварыі на ЧАЭС пацярпела найбольш. Што тычыцца Лукашэнкі, я ня думаю, што гэта адэкватная асоба, каб туды ехаць. Таму што ён толькі прадаўжае бяду нашага народу.  Я лічу, што маглі б туды паехаць людзі, якія аспраўды працавалі й дапамагалі ахвярам Чарнобыля, а гэткіх у нас шмат. Гэта высокая палітыка. Украіна хоча працягваць станоўчыя адносіны зь Беларусьсю, які б там рэжым ня быў. І дзеля гэтага запрашае Лукашэнку - у гэтым уся справа. Альбо проста лічыць, што Беларусь павінна прадстаўляцца на мерапрыемстве й не разумее, што Лукашэнка - гэта для нас не прадстаўнік краіны.

Спадарыня Прэзыдэнт, што б Вы сказалі ад сябе беларусам напярэдадні Дня Волі?

Івонка Сурвілла: Маё першае пажаданьне, гэта змагацца ў еднасьці, у салідарнасьці. Салідарнасьць! Каб людзі, пакуль яны не здабудуць свайго дому, пакуль не здабудуць вольнага, дэмакратычнага краю, падобнага да іншых краінаў Эўропы, каб яны мелі адну мэту – захаваць незалежнасьць і зрабіць Беларусь нармальнай краінай. Усё іншае, усе нязгоды, разыходжаньні ў поглядах, якія ёсьць паўсюль, нават тут у Канадзе ці ЗША, пра ўсё гэта можна будзе гаварыць пазьней. Але калі зьяўляецца нацыянальная бяда, людзі пра ўсё гэта павінны забыць і змагацца разам. Дык гэтага я жадаю нашаму народу!

- заявіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, зь якой размаўляла Анна Задрожна.