• Супрацоўніцтва Беларусі з NATO можа быць замарожана
  • Audio3.45 MB
  • 24.03.2011

Паўночнаатлянтычны альянс можа мінімізаваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Пра гэта заявіў учора амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры. Дыплямат канстатаваў, што супрацоўніцтва й так знаходзіцца на мінімальным узроўні. У Брусэлі разважаюць, ці трэба яго працягваць – перадае словы амбасадара агенцтва БелаПАН. Пра тое, у якім стане знаходзіцца супрацоўніцтва паміж NATO й Беларусьсю й што можа абазначаць такое абмежаваньне, мы запыталіся ў экспэрта ў вайсковай галіне Рамана Якаўлеўскага.

Супрацоўніцтва Беларусі з Паўночнаатлянтычным альянсам абсалютна не разьвіта й абмежавана падрыхтоўкай міратворцаў ды супрацай па лініі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях – тлумачыць палітоляг.

Р. Якаўлеўскі: Гэта адукацыя роты міратворцаў, якая створана ў беларускай арміі. Перадусім гэта курсы ангельскай мовы, а таксама іншыя аспэкты падрыхтоўкі, якія патрабуюць ведаў і сродкаў. Другі накірунак супрацоўніцтва – праца з міністэрствам па надзвычайных сытуацыях. Нагадаю, што функцыі NATO ня толькі чыста вайсковыя. Гэта яшчэ й барацьба з новымі пагрозамі, такімі як міжнародны тэрарызм.

Супрацоўніцтва Беларусі й NATO выглядае вельмі блёкла нават на фоне бліжэйшых суседзяў Беларусі – Украіны й Расеі. У Кіеве ды Маскве ёсьць афіцыйныя прадстаўніцтвы Паўночнаатлянтычнага альянсу. У сваю чаргу,  спэцыяльныя амбасады Ўкраіны ды Расеі акрэдытаваныя пры штаб-кватэры NATO ў Брусэлі. Дзейнічаюць сталыя саветы Расея-NATO ды Украіна-NATO. Праводзяцца рэгулярныя саміты, краіны ўдзельнічаюць у сумесных вайсковых праектах. У Менску жа няма нават інфармацыйнага пункту NATO.

На думку Рамана Якаўлеўскага, Беларусь ня мае прававых падставаў для таго, каб пашыраць супрацоўніцтва. У заканадаўстве адсутнічае палажэньне аб грамадзянскім кантролю над арміяй. А гэта – неад’емная ўмова для разьвіцьця дыялёгу з NATO – кажа палітоляг.

Р. Якаўлеўскі: У беларускім законе “Аб Узброеных Сілах”, у адрозьненьне ад заканадаўства постсавецкіх – нават сярэднеазіяцкіх – краінаў, адсутнічае палажэньне аб парлямэнцкім кантролі над арміяй. Я ўжо не гавару пра грамадзянскі кантроль. Спачатку такі артыкул быў, але пазьней яго прыбралі й замянілі на “прэзыдэнцкі кантроль”. Тагачасны міністар абароны генэрал Мальцаў (дарэчы, кандыдат сацыялягічных навук) агучыў наступнае абгрунтаваньне: прэзыдэнт у Беларусі абіраецца ўсенародна, таму, маўляў, прэзыдэнцкі кантроль – і ёсьць грамадзкі кантроль! Ня толькі няўрадавыя грамадзкія арганізацыі, але й нават парлямэнт ня могуць ажыцьцяўляць кантроль над узброенымі сіламі.

Ніводная краіна NATO, акрамя Турцыі, не прызнала прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У сьпіс неўязных асобаў пасля падзеяў 19 сьнежня патрапіў міністар абароны Юры Жадобін.  На думку Рамана Якаўлеўскага, супрацоўніцтва з Паўночнаатлянтычным альянсам ня будзе згорнута, бо яно й так мінімальнае. Проста яно абмяжуецца існуючымі сёньня сфэрамі: адукацыяй і супрацоўніцтвам па лініі МНС.

Акрамя таго, Беларусь можа страціць вялікія грошы ад транзыту грузаў NATO ў Афганістан – лічыць аналітык Раман Якаўлеўскі. Па яго словах, пытаньне ўдзелу Беларусі ў транспарце натаўсткіх грузаў праз Прыбалтыку й Беларусь на Поўдзень разглядалася напрыканцы 2009 году. Тады Юрыя Жадобіна зь нецярплівасьцю чакалі ў Летуве, каб заключыць пагадненьні аб супрацоўніцтве. Але беларускі міністар абароны замест гэтага паехаў у Лібію – паведаміў Раман Якаўлеўскі. 

Аляксандар Папко