• Хочаш грошай – хутка рэфармуйся!
  • Audio3.95 MB
  • 25.03.2011

Беларусь павінна за 10-12 дзён распрацаваць праграму канкрэтных дзеяньняў па рэфармаваньні эканомікі, каб пачаць перамовы з Расеяй аб атрыманьні крэдыту. Пра гэта, як перадае агенцтва БелаПАН, заявіў у пятніцу амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў. Якіх сфэраў павінныя датычыцца рэформы й ці мажліва так хутка падрхтаваць такі плян?  - запыталіся мы ў беларускіх эканамістаў.

Беларусь просіць 2 мільярды даляраў з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС і яшчэ мільярд – ад расейскага ўраду. Як раней тлумачыў расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын, патрабаваньні Масквы блізкія да патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду. Каб атрымаць грошы Менск павінен скараціць выдаткі ў бюджэтнай сфэры, абмежаваць фінансаваньне дзяржаўных праграмаў, стабілізаваць грашова-фінансавую сыстэму. Шырэй пра рэформы, на якія трэба пайсьці Беларусі, распавядае эканаміст Серж Наўродзкі.

С. Наўродзкі: Па-першае, няправільня выбраны рэжым валютнай палітыкі: жорсткая прывязка беларускага рубля да кошыка валютаў, у які ўваходзяць эўра, даляр і расейскі рубель. Ва ўмовах, калі расьце імпарт, такі рэжым валютнай палітыкі непрымальны. Па-другое, Беларусі патрэбныя інстытуцыянальныя рэформы – стварэньне інстытутаў, неабходных для функцыянаваньня гаспадаркі. Гэта нармальная празрыстая біржа, эфэктыўны міжбанкаўскі рынак, іншыя інстытуты, якіх у нас не існуе: недзяржаўныя агенцтвы, якія спрыяюць прыватызацыі, рэструктурызацыі ды рэфармаваньню гаспадаркі. У нас амаль няма нават элемэнтарных дасьледчых цэнтраў!

 Акрамя таго, Беларусі трэба мяняць саму структуру гаспадаркі, кажа эканаміст Серж Наўродзкі.

С. Наўродзкі: У Беларусі неаптымальная структура гаспадаркі. Адсюль, адпаведна, вынікаюць усе праблемы з сацыяльным сэктарам. У нас існуюць прадпрыемствы, якія не павінныя існаваць. 84% прадпрыемстваў знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы й падтрымліваюцца альбо з бюджэту, альбо дзякуючы экспансыўнай крэдытнай палітыцы Нацбанку, які фактычна друкуе грошы. Адпаведна, ў нас зашмат фірмаў, якія імпартуюць, а не павінныя імпартаваць. У нас не працуюць самыя простыя рынкавыя мэханізмы, нават у цэнаўтварэньні. Калі закрануць сацыяльную тэму, то гаворка ідзе пра абсалютна не патрэбнае для гаспадаркі павышэньне заробкаў і пра сталы рост сацяльных выплатаў, якія павышалі перад выбарамі, а цяпер прыдзецца скарачаць.

 Трохмільярдны крэдыт, які просіць Беларусь у Расеі, павінен перадусім  пайсьці на павелічэньне золатавалютных рэзэрваў, неабходных для падтрыманьня курсу беларускага рубля. Гэта выклікае абурэньне некаторых эканамістаў. Гаворыць эканаміст Зьміцер Бабіцкі.

З. Бабіцкі: Калі гэтыя грошы сапраўды бяруць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў, то гэта ўвогуле бязглузьдзіца! Мы гэтыя грошы возьмем, пакладзем у “кубышку” і будзем за гэта выплочваць працэнты. Нам кажуць, што Беларусі патрэбная “падушка бясьпекі”. І за гэтую “падушку” мы згодныя плаціць адсоткі! 

Зразумела, калі Беларусь не “адвяжа” курсу беларускага рубля ад даляра, эўра ды расейскага рубля, то трохмільярдны крэдыт хутка будзе растрачаны й прыйдзецца прасіць грошы ізноў. Аднак сёньня пазычаць трэба. Іншага выйсьця няма – сьцьвярджае Серж Наўродзкі.

Падрыхтаваць плян рэформаў за 10 дзён можна – у адзін голас сьцьвярджаюць эканамісты. Ёсьць прапановы Міжнароднага валютнага фонду, пляны рэформаў мае Нацыянальны банк. Але ўрад ня можа вырашыцца на рэформы, бо гэта панізіць давер да ўладаў, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. 

Л. Злотнікаў: Прэзыдэнт і старшыня Нацбанку абяцалі, што насельніцтва – гэта сьвятое й валюта для яго заўсёды будзе. Таксама абяцалі, што дэвальвацыі ня будзе, а чуткі пра яе – пустыя страхі. Адступіць ад такой палітыкі – значыць згубіць твар перад масамі, якія верылі ўладам ды рабілі ўклады ў рублях. Тыя, хто галасаваў за Лукашэнку – больш за ўсіх і пацерпяць. Калі ён цяпер правядзе дэвальвацыю – то падставіць сваіх прыхільнікаў і згубіць частку электарату.

Разам з тым беларускае кіраўніцтва спадзяецца, што 3 мільярды расейскай пазыкі патарпяць у краіну ўжо ў першым паўгодзьдзі. Пра гэта нядаўна заявіў старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч.

 
Аляксандар Папко