• Рэдакцыйная пошта
  • 26.03.2011

Шчыра вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!

Выказваю сардэчную падзяку аўтарам усіх допісаў, што дастаўлены на віцебскую абанэнцкую скрынку цягам мінулага тыдня. Непасрэдна да пошты я вярнуся крыху пазьней, а зараз агучу тры важныя абвесткі.

У наступную ноч на адну гадзіну ўперад пераводзяцца стрэлкі храномэтраў. Адначасова замежнае вяшчаньне мяняе свае расклады. Не выключэньне й наша рэдакцыя. Расклад новага сэзону будзе той жа самы, што й летась у той жа пэрыяд. Запрашаю запісаць летнія частоты. А 16.30 беларускага часу мы будзем трансьляваць гадзінныя праграмы ў дыяпазонах 19 і 25 мэтраў. Адпаведныя частоты – 15480 ды 11955 кілягерц. Увечары а 19.30 беларускага часу перадача будзе ісьці трыццаць хвілін у дыяпазоне 25 мэтраў. Адпаведная частота – 11760 кГц.

Як вядома, Польскае радыё для замежжа мае FM-рэтрансьляцыі. І нас вельмі хвалюе сытуацыя з прыёмам на гэтых хвалях у памежных раёнах, асабліва на поўдні Беларусі. Мы ня ведаем, якую тэрыторыю ахоплівае рэтрансьляцыя нашых перадач. З 21.00 да 22.00 паводле менскага (ці кіеўскага) часу ўкраінскае радыё “Перець” павінна весьці перадачы з Варшавы на 107,5 мэгагерца ды на 104,9 МГц. На першай частаце ідзе вяшчаньне з Дубровіцы, на другой – з Зарэчнага. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў Ровенскай вобласьці.

Калі вы жывяце на беларускім ці ўкраінскім Палесьсі ды чуеце нашы перадачы ў FM-дыяпазоне, то, калі ласка, адгукніцеся. Просім Вас некалькі вечароў запар паслухаць эфір на 107,5 і 104,9 МГц і тэрмінова напісаць нам пра вынікі маніторынгу гэтых хваляў: ці пастаянна чутны нашы перадачы? Ці ёсць атмасфэрныя шумы? Ці назіраюцца перашкоды ад іншых станцый?
Я нагадваю, што зараз ідзе дыскусійны конкурс. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Меркаваньні прагучаць у перадачы “Рэдакцыйная дыскусія”. Найбольш якасныя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Пераходжу да пошты.
Пасьля працяглага перапынку аднавілі перапіску з намі два слухачы: кобрынец Сяргей Магонаў і петрыкавец Віталь Якаўлеў.

Апошні наш прыхільнік шкадуе, што летась не атрымаў пацьверджаньне на свой рапарт аб прыёме. І пытаецца, ці ёсьць шанец, каб па копіі справаздачы была выслана QSL.

Канешне ж, на будучым тыдні я адпраўлю пацьверджаньне. І на мінулагодні рапарт, і на новы. Дарэчы, што ў ім?

Віталь Якаўлеў прымаў нас на частаце 15245 кілягерцаў 4 сакавіка цягам 26 хвілін. З 15.04 да 15.30 UTC. Вынік такі: 54344.

Петрыкавец таксама запытаўся, ці ёсьць у нас дыплёмы за назіраньне за прыёмам. На жаль, пакуль аніякіх адмысловых сэртыфікатаў за працяглы маніторынг Польскае радыё для замежжа не высылае. Можа быць, нешта зьменіцца ў гэтым годзе. Паглядзім. У выпадку чаго я абавязкова паведамлю.
Сяргей Магонаў прыслаў цэлы стос рапартаў – 10 штук! У іх прадстаўлена чутнасьць са сьнежня па сакавік на адной частаце – 11905 кілягерц з 14.30 да 15.30 UTC. На ўсходзе Беларусі – на Гомельшчыне ў Сяргея Балбасава і на Віцебшчыне – прыём на гэтай хвалі напрацягу амаль усяго зімовага вяшчальнага сэзону быў высокаякасны. А як справы на захадзе краіны?
Так, зазіраю ў рапарты. 17 сьнежня – 55444. 1 студзеня – 44343. 20 лютага – 54444. А вось тры сакавіцкія справаздачы. Восьмае чысло – 55444. Наступны дзень – 54444. 13 сакавіка – 53444.       

Канстанцін Праватораў – наш новы слухач з украінскага Запарожжа. Ён слухае Беларускую рэдакцыю з восені мінулага года. Раней спадар Праватораў прыслаў некалькі лістоў з рапартамі. Нядаўна я зноў атрымаў ягоныя справаздачы. 12 лютага Канстанцін Праватораў прыняў нашу дзённую трансьляцыю на 15245 кілягерцах на 45544. 25 лютага на вечаровай частаце 6050 кГц чутнасьць выглядала так: 54454. 4 сакавіка на гэтай жа хвалі прыём быў на 45454.

На гэтым я завяршаю агляд чутнасьці з розных рэгіёнаў і краін. У наступнай перадачы будзе канчатковы матэрыял аб прыёме ў зімовым сэзоне.   

Тымчасам Польскае радыё для замежжа цікавіць узровень чутнасьці ў надыходзячым летнім пэрыядзе. Так што сардэчна запрашаю складаць рапарты аб прыёме.

Нагадваю, што справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Справаздачы аб прыёме магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі й віцебскі адрасы нашай станцыі.
Рапарты аб чутнасьці, конкурсныя працы, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”, лісты на самыя разнастайныя тэмы трэба  прысылаць на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Акрамя таго, сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.


Ю. Сьцяпанаў