• Рэдакцыйная дыскусія
  • 30.03.2011

Яшчэ ў сьнежні напісала нам ліст Яўгенія Цюркіна з Магілёва. Наша верная прыхільніца дзякуе за падарункі ад рэдакцыі. Піша, што вельмі спадабаліся песьні з польскага альбому, а таксама дыск пра Гданьск. Яшчэ ў лісьце ёсьць разважаньні пра нядаўнія прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі 19 сьнежня. Я працытую гэтую частку допісу.

“Вось і закончыліся выбары. Дарэчы, я была назіральніцай ад БХК і ўсе 6 дзён знаходзілася ў СШ № 37 на ўчастку № 122. З гэтага ўчастку шмат матэрыялаў пайшло на сайт выбары.орг., там хто толькі не галасаваў. Нават вязьні – 200 чалавек. Нам яны казалі, што галасуюць за Някляева. Але неяк мала было галасоў за яго – прыблізна 60. У гэтай школе камісія была арыгінальная. Калі прайшлі выбары, то яны падлічылі галасы, моўчкі расклалі па стопках. Стопкі былі прыкладна аднолькавыя – усе 10. А пазьней гэтыя стопкі паклалі за стол, на падлогу. Нам не было бачна. І нам загадалі не падыходзіць. Пазьней чальцы камісіі нешта чаравалі, і паклалі стопкі назад на стол, адна з якіх вырасла ў 10 разоў, а астатнія сталі тоненькія. Калі вывесілі пратакол (падпісаны, але не зацьверджаны), то мы, незалежныя назіральнікі, ды іншыя назіральнікі (ад БРСМ, "Белай Русі"), падыйшлі й пачалі яго чытаць. Мы пераканаліся, што па ўсіх падліках на гэтым участку выбары адбыліся. Праўда, я з маёй калегай (яна была ад магілёўскага праваабарончага цэнтру) самі вялі падлік галасоў. Паводле нашых падлікаў, у дзень выбараў галасоў было на 51 меней. У пратаколе мы не знайшлі прозьвішча Статкевіча. Мы сказалі аб гэтым аднаму з чальцоў камісіі (ён быў побач). Тады ён пазваніў старшыні камісіі, а сам выйшаў. Празь хвіліну прыйшла школьная прыбіральшчыца й дапісала прозьвішча... Саньнікава (а ён ужо быў у спісках з 20 галасамі), і ўпісала яму яшчэ 22 галасы. А Статкевіч так і застаўся без галасоў на гэтым участку. Праўда, я копію гэтага пратакола зьняла на фотаапарат і узяла з сабою, каб пазьней перадаць прадстаўніку БХК. Падчас датэрміновага галасаваньня, паводле нашых падлікаў, галасоў было толькі на 2 менш. Тады старшыня выбарчай камісіі зрабіў нам папярэджаньне.

А ў дзень выбараў старшыня выклікаў супрацоўнікаў міліцыі, каб нас вывеў з участка за тое, што мы толькі ўсталі (нам не было бачна, як кідаюць бюлетні ў урну, паколькі мы атрымалі месца ў 20 мэтрах ад урны). Нас уратавала тое, што ў гэты ж час прыбыла камісія АБСЭ ад СНД. Але ім жа “да фені”, як у нас адбыліся выбары. Вы ж чулі, як Мядзьведзеў казаў, што гэта ўнутраная справа Беларусі.

Ня ведаю, як у Віцебску, але ў нас у Магілёве, напрыклад, у школе нумар 37, не было ні спісаў выбаршчыкаў, ні спісаў чальцоў выбарчай камісіі. На пачатку перадвыбарчай кампаніі мы, назіральнікі, папрасілі сьпіс чальцоў УВК. Старшыня яго толькі паказаў, мы нават не маглі з ім азнаёміцца. Я хадзіла з чальцамі УВК таксама па дамах да выбаршчыкаў. У сьпісе было 24 выбаршчыкі. Двое адмовіліся – сказалі, што яны нікога не выклікалі да дому. За адну бабулю, якая была ў вёсцы, прагаласавала ўжо сваячка, аднаго выбаршчыка (студэнта ВНУ) не было дома.”

Вось такое падрабязнае апісаньне выбарчай кампаніі ды галасаваньня прыводзіць наша слухачка з Магілёва Яўгенія Цюркіна. Асабліва робіць уражаньне яе апісаньне працэдуры падліку галасоў – ніхто з чальцоў камісіі нават асабліва не хаваў перад незалежнымі назіральнікамі падтасоўку галасоў – зь 10 стопак шмат бюлетней было перакладзена ў адну, якая стала намнога большай, чым астатнія. Ні для каго не сакрэт, за каго палічылі галасы ў гэтай стопцы.

Вялікі дзякуй вам за актыўнасьць, дарагая спадарыня Яўгенія. Вы былі назіральнікам на выбарах, але ўся праблема ў тым, што сярод чальцоў выбарчых камісій было вельмі мала прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Я думаю, што на тых некалькіх участках, дзе такія прадстаўнікі былі, вынікі галасаваньня былі сапраўдныя. Але гэта толькі кропля ў моры.

Наш слухач з Расеі Ўладзімір Гудзенка піша, што слухае беларускамоўныя перадачы з Варшавы праз Інтэрнэт, а таксама на кароткіх ды сярэдніх хвалях. Ён піша таксама, што ліставаўся зь беларусамі зь Беласточчыны ў 70-80-ыя гады, атрымліваў “Беларускі каляндар” і кнігі. І хацеў бы ведаць, ці цяпер выдаецца “Беларускі каляндар” ды часопіс “Ніва” ў Беластоку. Я з прыемнасьцю адказваю, што выданьне “Ніва” надалей выходзіць у Беластоку – кожны тыдзень, выдаецца таксама “Беларускі каляндар”. Ёсьць і іншыя выданьні, зьвязаныя зь беларускім жыцьцём. Гэта, зь вядомых мне, - “Przegląd prawosławny” – “Праваслаўны агляд”, літаратурнае выданьне “Anna Albaruthenica”, якое рэдагуе Сакрат Яновіч ды “Czasopis”, пра які вы й самі ведаеце. Так што беларускае жыцьцё на Беласточчыне не спыняецца, хаця самі прадстаўнікі беларускай меншасьці з сумам адзначаюць, што ўсё менш людзей жадае чытаць па-беларуску, дзеці таксама ня вельмі імкнуцца вывучыць мову продкаў. Гэта, зразумела, часткова натуральны працэс, але ён яшчэ больш абвастраецца з-за таго, што самі беларусы ў Беларусі не шануюць і ня вельмі імкнуцца вывучаць родную мову.           

нг