• Амэрыканцы пашыраюць санкцыі супраць Беларусі
  • 30.03.2011

Апошнія гады афіцыйны Менск праводзіць палітыку пошуку энэргасыравіны па ўсім сьвеце. Падпісаны кантракты з Вэнэсуэлай ды Іранам, вядуцца працы па здабычы нафты й газу. Супраць гэтай палітыкі скіраваны апошнія санкцыі ЗША.

У аўторак Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублікаваў камунікат, у якім паведаміў пра ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць беларускага прадпрыемства “Беларуснафта”. Гэтыя санкцыі прадугледжавюць наступныя меры: забарона на падтрымку экспарту з Экспартна-імпартнага банку ЗША, забарона экспартнай ліцэнзіі ад амэрыканскага ўраду, забарона на атрыманьне крыдыту на суму больш 10 мльн. даляраў ад амэрыканскіх банкаў, забарона на падпісаньне кантракту з урадам ЗША.

Прычына ўвядзеньня санкцыяў – дзейнасьць “Бэларуснафты” ў Іране. З 2007 году гэтае прадпрыемства вядзе распрацоўку нафтавых радовішчаў у гэтай краіне. Апрача Ірану “Беларуснафта” вядзе распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў у Вэнэсуэле. Паводле словаў беларускага экспэрта Станіслава Гусака, гэта была палітыка дывэрсыфікацыі энэргарэсурсаў афіцыйнага Менску, які шукаў крыніцы сыравіны ў трэцім сьвеце на ідэалягічнай глебе.

Станіслаў Гусак: Беларусь шукае некалькі крыніцаў энэргарэсурсаў: у Вэнэсуэле ды Іране. Ва ўсім сьвеце так. У сьвеце дзяржавы прыймаюць законы, па якіх нельга набываць больш за 30% паліва з адной краіны. У нас 90% завозілася з Расеі. Гэта дрэнна. Сам факт таго, што ідзе пошук іншых крыніцаў ды іх знаходзяць – гэта ўжо добра. Калі паглядзець на гэта глыбей, мы бачым, што вельмі напружаныя адносіны ў Ірана з Захадам і ЗША. Абдымкі Беларусі з такімі рэжымамі  могуць прывесьці да таго, што мінусаў будзе больш, чым плюсаў.

Экспэрты папярэджвалі, што “ідэалягічная” энэргасупраца мае пэўныя мінусы. У сувязі з гэтым прыводзіліся прыклады Іраку, і нядаўны прыклад Лібія. Цяпер жа сталі відавочны мінусы супрацоўніцтва зь Іранам – гэта пашырэньне амэрыканскіх санкцыяў. Польскі энэргетычны экспэрт Анджэй Шчэсьняк.

Анджэй Шчэсьняк: Дагэтуль санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ды “Белнафтахіму” насілі хутчэй сымбалічны характар. Цяпер мы бачым наступны крок. Амэрыканскія санкцыі ў дачыненьні да Ірану, якія вельмі адчувальныя, асабліва ў тэхналягічнай сфэры, з-за чаго Іран ня можа разьвівацца й набываць прасунутыя тэхналёгіі нафта- ды газаздабычы, якія ёсьць на Захадзе. Гэтыя ж санкцыі пашыраныя на беларускія фірмы. Гэта больш адчувальна, чым ранейшыя санкцыі.

Які гэта можа мець уплыў на беларускае прадрыемства ды беларускую эканоміку. Польскі энэргетычны экспэрт Анджэй Шчэсьняк падкрэсьлівае, што могуць быць тэхналягічныя складанасьці, але вялікага ўплыву на эканоміку гэтыя санкцыі ня будуць мець.

Анджэй Шчэсьняк: Гэтыя санкцыі датычаць у асноўным супрацы з ЗША. Яны ня вельмі закрануць непасрэдна беларускае прадпрыемства, бо яно не вядзе шырокага бізнэсу ў Амэрыцы. Амерыканскі ўрад можа толькі забараніць амэрыканскім фірмам кантакты зь ёю, забраць экспартныя ліцэнзіі, ды ўскладніць бізнэс пры пасярэдніцтве ўраду ЗША. Тут мы бачым толькі тэхналягічны аспэкт санкцый. Амэрыканскія фірмы ня змогуць экспартаваць абсталяваньне. Гэта можа быць непрыемным. Але ў шырэйшым кантэксьце эканамічнай дзейнасьці ўсяго канцэрну – гэта ня будзе мець вялікага значэньня.

Прадстаўнік "Беларуснафты" Леанід Вайцехін, намесьнік гендырэктара паведаміў Інтэрфаксу, што гэтыя санкцыі азначаюць для прадпрыемства  праблемы з мадэрнізацыяй ды імпартам тэхналягічнага абсталяваньня, якое закупляецца ў асноўным у Канадзе й ЗША.

На гэты крок амэрыканскага ўраду адрэагаваў ужо й беларускі МЗС. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў гэтае рашэньне контрпрадуктыўным і неправамоцным.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч