• Хуткая фінансавая дапамога, але толькі за канкрэтныя рэформы
  • Audio2.85 MB
  • 30.03.2011

Эўрапейская палітыка добрасуседзтва будзе рэфармаваная. Пра гэта ўчора заявіў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Пра якія рэформы ідзе гаворка, мы запыталіся ў экспэртаў у галіне эўрапейскай інтэграцыі.

Спачатку трэба растлумачыць, што сабой уяўляе Эўрапейская палітыка добрасуседзтва. Гэта праграма супрацоўніцтва з міжземнаморскімі ды ўсходнеэўрапейскімі суседзямі аб’яднанай Эўропы – ад Марока па Беларусь. Кожнай з гэтых дзяржаваў Брусэль прапануе шырокую праграму палітычных і эканамічных рэформаў па ўзоры краінаў, якія нядаўна далучыліся да Эўразьвязу. Аднак галоўнай узнагародай для старанных “вучняў” зьяўляецца не ўступленьне ў ЭЗ, а “усяго толькі” прыток замежных інвэстыцыяў і пашырэньне гандлю з Эўропай.  Пра гэта распавядае палітоляг Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Сёньняшняя формула ўзаемадзеяньня Эўразьвязу з суседзямі – гэта “everything but institutions”: усё што заўгодна, акрамя фармальнага сяброўства ў Эўразьвязе. Брусэль чакае ад партрнэраў рэформаў дзяржаўнага апарату, судовай сыстэмы, рэформаў эканомікі ды ўвядзеньня рынкавых мэханізмаў. Гэта тыя рэчы, якія, у прынцыпе, выконвалі дзяржавы-кандыдаты, але яны мелі рэальную пэрспэктыву уступленьня ў Эўразьвяз. Сёньня Эўразьвяз ня ў стане даць гарантыі сяброўства краінам Усходняй Эўропы.

Умовы выдзяленьня Эўразьвязам дапамогі суседзям стануць больш строгімі. “Толькі тыя краіны, якія паважаюць эўрапейскія каштоўнасьці й насамрэч праводзяць складаныя рэформы, каб іх укараніць, павінныя атрымаць прыярытэт у палітычных ды эканамічных стасунках з Эўразьвязам.” Пра гэта на прадстаўнічым саміце ў Брусэлі заявіў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Іншымі словамі, Эўразьвяз павінен вынесьці ўрок з таго, што адбылося ў Тунісе і Эгіпце – кажа супрацоўнік Цэнтра міжнародных стасункаў Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Апошнія падзеі ў Эгіпце паказалі, што фінансавая падтрымка Эўразьвязу была неэфэктыўнай. Яна накіроўвалася ўладам краінаў, якія не рабілі ніякіх дэмакратычных рэформаў. Урады атрымлівалі грошы за проста так і мелі вельмі добрыя стасункі з Брусэлем. Пляны супрацоўніцтва з краінамі Міжземнамор’я былі вельмі размытыя. Цяпер Эўрапейская палітыка добрасуседзтва павінна стаць вельмі канкрэтнай. Чым большы прагрэс у галіне дэмакратыі, адміністрацыйных рэформаў будзе рабіць краіна, чым больш гэты прагрэс будзе ўплываць на жыцьцё звычайных грамадзян, тым большую падтрымку ўрад атрымае ад Эўразьвязу. 

Ня трэба чакаць, што Эўразьвяз прыдумае нешта новае, кажа экспэрт. Проста існуючыя пляны супрацоўніцтва будуць канкрэтызаваныя й дастасаваныя да патрэбаў кожнай асобнай краіны – паведаміў Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Няма гаворкі пра тое, каб выдумаць штосьці новае, бо нічога новага тут ўжо не прыдумаеш. Хутчэй за ўсё, будуць спрабаваць аптымізаваць інструмэнты, якія ўжо існуюць.  Трэба зрабіць іх больш эфэктыўнымі й менш складанымі, здольнымі хутка даставіць неабходныя фінансавыя сродкі. 

Ці ўдасца зрабіць Эўрапейскую палітыку добрасуседзтва больш хуткай, канкрэтнай і эфэктыўнай – мы ўбачым ужо ў ліпені, калі старшынство ў Радзе Эўразьвязу перайдзе да Польшчы. 


Аляксандар Папко