• Сумныя гадавіны красавіка
  • 03.04.2011

Красавік лічыцца ў Польшчы месяцам нацыянальнай памяці. А цяпер у гэты пэрыяд пачалі адзначацца яшчэ дзьве гадавіны трагічных падзеяў. 2 красавіка 6 гадоў таму памёр папа рымскі Ян Павал ІІ, а роўна год таму 10 красавіка разьбіўся ўрадавы самалёт пад Смаленскам. Даволі спакойна праходзіла адзначэньне гадавіны сьмерці папы рымскага. Яна ўжо знаходзіцца ў цяні падрыхтоўкі да маштабнага адзначэньня першых угодкаў смаленскай трагедыі. Адбыліся канцэрты, лекцыі, сустрэчы.

Гадавіны сьмерці – гэта перш за ўсё спакойны ўспамін, і да гэтага заклікалі польскія сьвятары. 2 красавіка ў Варшаве прайшло начное чуваньне або ўсяночная, падчас якой жыхары сталіцы прыгадвалі амаль 27 гадоў пантыфікату вялікага паляка. Агулам адзначэньне гадавіны сьмерці працягваецца тры дні.

А ў Любліне адбылася адмысловая люблінская імша - канцэрт, прысьвечаны памяці Яна Паўла ІІ. У канцэрце выступілі музыканты зь мясцовай філярмоніі ды хоры з Любліна пад кіраўніцтвам Яцэка Банецкага:

Я. Банецкі: Гэта араторыя, якая спалучае элемэнты імшы зь элемэнтамі горада Любліна – крыху гісторыі, крыху аповеду пра шматкультурнасьць. Трэба сказаць, што гэта твор, які нагадвае поп-музыку, так што ён вельмі сучасны.

Канцэрт падрыхтаваны ў рамках Фэстывалю Сустрэчы культур Caper Lublinensis – гаворыць дырэктар фэстывалю Марыёля Загурска:

М. Загурска: Гэта ўспамін пра нашага вялікага суайчыньніка, а таксама сьведчаньне нашай вялікай радасьці па прычыне набліжэньня бэатыфікацыі Яна Паўла ІІ. Я думаю, што Люблін – кандыдат на званьне эўрапейскай сталіцы культуры - павінен падтрымліваць творчасьць польскіх аўтараў. 

На экраны польскіх кінатэатраў напярэдадні 6-ай гадавіны сьмерці папы рымскага выйшаў фільм, прысьвечаны гэтай сумнай падзеі. Ён называецца “Тры хвіліны. 21.37”, рэжысэр – Мацей Сьлесіцкі. Назоў стужкі прыгадвае гадзіну сьмерці Яна Паўла ІІ, а таксама падзеі 9 красавіка 2005 году, калі мільёны палякаў на 3 хвіліны выключылі сьвятло ў сваіх дамах, каб ушанаваць памяць вялікага суайчыньніка.

Тымчасам поўным ходам ідзе падрыхтоўка да ўрачыстасьці бэатыфікацыі – унясеньня ў лік бласлаўленых Яна Паўла ІІ, якая адбудзецца ў Ватыкане 1 траўня. Вельмі шмат палякаў плянуе выехаць на ўрачыстасьць – такое пажаданьне выказвае нават кожны 10, а гэта амаль 4 млн. чалавек.

Набліжаецца таксама іншая сумная гадавіна – першыя ўгодкі гібелі прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага ды іншых 95 асобаў у авіякатастрофе пад Смаленскам у Расеі. Польскія біскупы заклікаюць, каб урачыстасьць адзначэньня насіла рэфлексійны й малітоўны характар. Яны таксама прыгадваюць, што згодна польскай рэлігійнай традыцыі, праз год заканчваецца пэрыяд жалобы, - нагадвае кардынал Казімеж Ныч:

К. Ныч: У польскай традыцыі, агулам у традыцыі касьцёла жалоба працягваецца год, а пазьней заканчваецца, тады праходзіць імша з гэтае нагоды. Мы заклікаем таксама да разважаньняў, малітвы ў гадавіну катастрофы. Трэба пайсьці з гэтымі цяжкімі пытаньнямі да Ісуса.

Прадстаўнікі касьцёла хацелі б, каб 10 красавіка быў днём адзінства, пачуцьця яднаньня ўсіх палякаў, як гэта мела месца год таму.Польскія біскупы распаўсюдзілі адмысловы ліст з нагоды гадавіны катастрофы.

Брат трагічна памерлага Леха Качыньскага Яраслаў Качыньскі не разумее закліку біскупаў, зьвязанага зь першай гадавінай катастрофы. На ягоную думку, гэта было страшнае здарэньне, а падзеі такога тыпу не забываюцца праз год.

Я. Качыньскі: Гэта б азначала, што трэба адмовіцца ад ўшаноўваньня памяці герояў Другой сусьветнай вайны, герояў барацьбы з камунізмам, герояў паўстаньняў і г.д. А мы шануем іх памяць, кожны год адзначаем гадавіну, таму я не разумею, пра што ідзе гаворка.

Меркаваньнем Яраслава Качыньскага, ушанаваньне гадавінаў такіх падзей, як смаленская катастрофа павінна адбывацца шырока ў грамадзтве, а заклік біскупаў напэўна не датычыць таго, каб не ўскладваць кветкі ў месцах, зьвязаных з памяцьцю ахвяр.

нг