• Набліжаецца фінал справы аб масавых непарадках?
  • 01.04.2011

Набліжаюцца наступныя працэсы ў рамках справы аб “непарадках 19-га сьнежня”. Пракуратура перадала ў суд справы чарговых удзельнікаў. З матэрыяламі справы пачалі знаёміцца лідары, у тым ліку Ўладзімер Някляеў. Судовыя працэсы могуць пачацца ў бліжэйшыя тыдні.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» на сёньняшні дзень па справе аб непарадках падчас прэзыдэнцкіх выбараў асуджана ўжо 8 чалавек. Меры пакараньня вагаюцца ад штрафаў да 4 гадоў пазбаўленьня свабоды. Абвінавачананымі па гэтай справе зьяўляюцца яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. На днях пракуратура перадала ў Менскі суд справы чарговых “удзельнікаў” ды “арганізатараў” “масавых беспарадкаў”. Больш падрабязна пра гэта распавядае Наста Лойка з цэнтру “Вясна”.

Наста Лойка: Сёньня наступная сытуацыя: 6 чалавек праходзяць па новым артыкуле, 33 асобы абвінавачаныя па артыкуле аб “масавых беспарадках”, 13 падазроных ды 8 асуджаных. Максымальная мера пакараньня па гэтым артыкуле – 15 гадоў пазбаўленьня волі для арганізатараў. Цяпер з матэрыяламі справы пачалі знаёміць двух арганізатараў: Дзьмітрыя Вуса й Мікалая Статкевіча. З матэрыяламі справы ўжо азнаёмілі тых, хто ідзе па частцы 2 артыкула – за ўдзел. Гэта Аляксандар Квяткевіч, Андрэй Пазьняк і Арцём Грыбкоў ды яшчэ некалькі асобаў.

Больш за тое, справа 19-га сьнежня прыняла цікавы паварот. Шасьці асобам: Аляксандру Фядуце, Уладзімеру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Насьце Палажанцы, Сяргею Важняку ды Андрэю Дзмітрыеву -- перакваліфікавалі абвінавачаньне з арганізацыі масавых беспарадкаў на арганізацыю й падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Гэта больш мяккі артыкул.

Наста Лойка: У сувязі з падзеямі на плошчы, людзей прыцягвалі да адказнасьці па двух артыкулах. Гэта злоснае хуліганства й масавыя беспарадкі. Па гэтых двух артыкулах абвінавачаных ды падазроных было больш за 50 чалавек. Цяпер шасьці асобам, якія праходзілі па справе абвінавачанымі, зьмянілі артыкул на 342. Гэта арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць правы іншых грамадзянаў. Гэты артукул ужо ўжываўся прадчас разгляду справы “14-ці”. Большасьць атрымала хатнюю хімію. Гэта больш мяккі артыкул у параўнаньні з “масавымі беспарадкамі”.

У апошнія дні стала вядома, што спіс затрыманых па гэтай справе не зачынены, нягледзячы на нядаўнія паведамленьні КДБ. На днях праваабаронцы даведаліся, што ў гэтай справе зьявіўся новы абвінавачаны, - гаворыць Наста Лойка.

Наста Лойка: На днях мы даведаліся пра аднаго чалавека – гэта Яўген Сакрэп, які адбываў адміністрацыйны арышт за падзеі 19-га сьнежня ды які ня быў вызвалены. Яго адразу перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Шкада, што гэта так позна адбылося. Мы вельмі баімся, што ён не апошні ў такой сытуацыі ды ёсьць яшчэ людзі пад вартай, пра якіх мы ня ведаем. Мы заклікаем усіх, хто ведае, паведамляць нам.

Паводле юрыстаў, падчас папярэдніх працэсаў была заўважана, што пасьля перадачы матэрыялаў у суд, праходзіла некалькі тыдняў да пачатку прэцэсу. Такім чынам, можна прагназаваць, што наступныя працэсы ў рамках справы аб “непарадках 19-га сьнежня” можна прагназаваць праз два тыдні. Якія вынікі магчымыя ў гэтых працэсах? Ці заўважна тэндэнцыя да зьмякчэньня прысудаў? На думку Алега Гулака, кіраўніка Беларускага хельсінскага камітэта, пакуль зарана казаць пра такую тэндэнцыю.

Алег Гулак: Я думаю, што рабіць высновы пра нейкае зьмякчэньне ёсьць сэнс, калі гэта будзе некалькі крокаў, на большым кавалку часу й падзеяў. З адных такіх дзеяньняў цяжка рабіць высновы пра тое, што ў галовах нашых спэцслужбаў. Пакуль безумоўна тое, што патэнцыйна людзі трапляюць пад больш мяккае пакараньне.

Справа 19-га снежня набліжаецца паціху да завяршэньня. КДБ зачыніў расьледаваньне, частцы фігурантаў зьмякчылі абвінавачаньне, а ў суд пачалі перадаваць матэрыялы справы першых “арганізатараў”.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч