• Беларусь будзе плаціць за расейскую нафту крыху менш
  • Audio2.9 MB
  • 01.04.2011

Намесьнік міністра энэргетыкі Расеі заявіў, што нафтаперапрацоўшчыкі Расеі й Беларусі дамовіліся зьменшыць памер прэміі, якую атрымліваюць расейскія нафтавыя кампаніі пры экспарце нафты ў Беларусь. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла агенцтва telegraf.by. “Як гэтае рашэньне паўплывае на працу беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў?” – запыталіся мы ў эканамічнага аглядальніка Тацьцяны Манёнак.

Як паведаміла нам эканаміст, Расея прадае нафту ў Беларусь, зыходзячы з цаны для Польшчы, ад якой трэба адняць транспартныя расходы й дадаць спэцыяльную прэмію, якую Беларусь плаціць расейскім кампаніям-экспарцёрам. Прэмія разьлічана такім чынам, каб заахвоціць Менск купляць як мага больш нафты ў Расеі ды як мага менш – у іншых краінах, кажа Тацьцяна Манёнак.

Т. Манёнак: Формула разьліку прэміі мае сваю мэту: Расейская Фэдэрацыя ня хоча, каб Беларусь імпартавала нафту зь іншых краінаў. Таму чым больш расейскай нафты купляе Беларусь, тым гэтая прэмія ніжэй. Базавая стаўка – гэта 45 даляраў за тону.

Пры ўсім пры гэтым Беларусь плаціць за сыравіну  таньней, чым усе краіны-суседзі. Менск ня плаціць мыта за ўвоз нафты. Замест гэтага са студзеня Беларусь вяртае ў расейскі бюджэт мыта за экспарт нафтапрадуктаў. Аднак рэнтабельнасьць беларускіх НПЗ застаецца нізкай, цэны на нафту растуць хутчэй, чым сусьветныя цэны на нафтапрадукты, таму Менск зьвярнуўся да Масквы з просьбай паменшыць прэмію – тлумачыць Тацьцяна Манёнак.

Т. Манёнак: Беларускія заводы пазбавіліся давальніцкай сыравіны, увесь аб’ём нафты яны вымушаныя купляць. У студзені-лютым яны працавалі з адмоўнай рэнтабельнасьцю. А прэмія займае даволі істотную долю ў цане нафты. Беларускі бок даўно намагаўся яе паменшыць.

У некаторых СМІ зьявілася інфармацыя, што Беларусь, карыстаючыся з бязмытавага імпарту сырой расейскай нафты, пачала выгадна прадаваць яе за мяжу, як гэта было ў 2003-2007 гадах. Аднак, як сьцьвярджае экспэрт Тацьцяна Манёнак, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці.

Т. Манёнак: Беларусь здабывае ўласную нафту. У гэтым годзе здабыча складзе 1,68 мільёны тонаў. У дамовах па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Казахстана й Беларусі прадугледжана, што Беларусь можа свабодна экспартаваць нафту, якую здабывае на ўласнай тэрыторыі. Усе прыбыткі за яе экспарт пералічваюцца ў беларускі бюджэт. Калі ж нафта будзе перапрацоўвацца, то мыта за нафтапрадукты будзе ісьці ўжо ў расейскі бюджэт. Беларусь экспартуе ўласную нафту. Расея пільна сочыць за экспартам сваёй нафты, таму я лічу, што чуткі пра перапродаж Беларусьсю расейскай сыравіны не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Нягледзячы на тое, што ўмовы імпарту нафты ў Беларусь больш спрыяльныя, чым былі яшчэ год таму, беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы на пачатку гэтага году сталі стратнымі. Кошты нафтапрадуктаў за апошні час павышаліся ўжо два разы.  Нафтаперапрацоўчы сэктар тэрмінова патрабуе рэформаў – канстатуе Тацьцяна Манёнак.

Аляксандар Папко