• Чаму Беларусь не зьяўляецца раем для інвэстараў?
  • Audio5.07 MB
  • 03.04.2011

 

Ва ўплывовай польскай газэце Puls Biznesu нядаўна зьявіўся артыкул “Жорсткі рэжым з абліччам бізнэсмэна: Беларусь удала прываблівае польскіх прадпрымальнаікаў”. Мы вырашылі запытацца ў экспэртаў, ці сапраўды Беларусь, нягледзячы на дрэнную палітычную славу й рэпутацыю, становіцца ўсё больш прыцягальнай для замежнага бізнэсу.


Аўтар артыкулу журналіст Яцэк Кавальчык сьцьвярджае, што нягледзячы на аўтарытарны рэжым, усё больш польскіх прадпрымальнікаў гандлюе зь Беларусьсю, а некаторыя зь іх разважаюць над адкрыцьцём у Беларусі свайго бізнэсу.

Я. Кавальчык: У 2010 годз гандаль паміж нашымі дзьвюмя краінамі вырас амаль у 2 разы. Ён перавысіў ня толькі узровень крызыснага 2009 году, але й паказчыкі часоў моцнага эканамічнага росту 2005-2008 гадоў. У Беларусь экспартуюць у асноўным будаўнічыя матэрыялы й сельскагаспадарчую прадукцыю. Рост гандлёвага абмену прывёў да інтэнсыфікацыі кантактаў паміж прадпрымальнікамі й росту зацікаўленасьці да Беларусі.

Польскіх бізнэсоўцаў зацікавіла інфармацыя пра плянаваную ў Беларусі прыватызацыю, добрая пазыцыя краіны ў рэйтынгу Doing Business, вялікая колькасьць свабодных эканамічных зонаў, а таксама добрае стаўленьне да інвэстараў з боку мясцовай адміністрацыі – кажа журналіст.

Я. Кавальчык: Усе прадпрымальнікі, што працуюць на ўсходніх рынках, зь якімі я размаўляў, падкрэсьлівалі, што нягледзячы на пэўныя палітычныя праблемы, стаўленьне мясцовых уладаў да інвэстараў у Беларусі нашмат лепшае, чым ва Ўкраіне ці ў Расеі.  Бюракратыі й карупцыі ў Беларусі таксама менш, чым у іншых усходніх суседзяў Польшчы.

Адзін з прыкладаў уданых замежных інвэстыцыяў - група ATLAS. Буйны польскі вытворца будаўнічых матэрыялаў купіў беларускае прадпрыемства па вырабе будаўнічай хіміі, а празь некалькі месяцаў адчыніць на Гарадзеншчыне свой завод. Прэзыдэнт кампаніі падкрэсьліваў, такое добрае стаўленьне да інвэстараў, як у Горадні, сустракаецца хіба што толькі ў Сінгапуры. 

Аднак прыклад кампаніі ATLAS – гэта хутчэй выключэньне, чым правіла. Рэальны прыток інвэстыцыяў у краіну вельмі малы – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Замежныя інвэстыцыі ў мінулым годзе склалі каля 1,5-2 мільярдаў даляраў. Але калі ад іх адлічыць 625 мільёнаў, якія “Газпром” заплаціў за акцыі “Белтрансгазу”, пазыкі, якія замежныя кампаніі далі сваім прадстаўніцтвам у Беларусі (гэта 600-700 мільёнаў), то на прамыя замежныя інвэстыцыі застанецца ўсяго некалькі соцен мільёнаў даляраў. Гэта вельмі мала для краіны. 

Тое, што таваразварот паміж Беларусьсю й Польшчкай хутка расьце - гэта абсалютна натуральная зьява – лічыць эканаміст Зьміцер Бабіцкі.

З. Бабіцкі: Калі гандаль расьце – гэта нармальна. Ён павінен расьці. У грашовым вымярэньні ён будзе павялічвацца нават з-за інфляцыі. А ў рэальным вымярэньні ён расьце, бо эканомікі ўсё больш адчыняюцца, ідзе глябалізацыя. Таму нічога дзіўнага я ў гэтым ня бачу.

Разам з тым ствараць прадпрыемствы на беларускай зямлі замежныя інвэстары пакуль не сьпяшаюцца. Аднаго прыязнага стаўленьня мясцовых уладаў, на жаль, мала – кажа Зьміцер Бабіцкі.

З. Бабіцкі: Мясцовая адміністрацыя ў нас вырашае далёка ня ўсё. У нас ёсьць МНС, у нас ёсьць санітарна-эпідэміялягічная служба й Праматамнагляд  ды іншыя інстанцыі. Яны мясцовым уладам не падпарадкоўваюцца. Мясцовая адміністрацыя ня мае аніякага ўплыву на законы й падзаконныя акты, якія рэгулююць працэс вытворчасьці.

У краіне няма абароны прыватнай уласнасьці. Гэта галоўная прычына, з-за якой замежныя фірмы не прыходзяць у Беларусь – сьцьвярджае эканаміст Леанід Злотнікаў. У якасьці прыкладу ён падае нафтавую кампанію TNK BP. Яна набыла 42% акцыяў Мазырскага НПЗ, але ня можа купляць для сваіх заправак танны бэнзін наўпрост з завода. Замест гэтага дзяржава абавязала кампанію купляць даражэйшае паліва ў канцэрна “Белнафтахім”. Таксама дзяржава, якая ня мае аніводнай акцыі прыватнага прадпрыемства “Пінскдрэў”, набыла сабе права зьняць яго дырэктара. Прыватныя банкі нядаўна змусілі да фінансаваньня дзяржаўных мэтавых праграмаў. І такіх прыкладаў, на жаль, вельмі шмат – кажа Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Няма абароны прыватнай уласнасьці – гэта самы галоўны фактар. Інвэстары прыйдуць, а дзяржава можа забараніць ім вывозіць прыбыткі з краіны, альбо адміністрацыйна вызначыць цэны, альбо забараніць штосьці прадаваць ці купляць – усё, што заўгодна. Такіх нечаканых рашэньняў – мора. Дзяржава ва ўсё ўлазіць і спрабуе ўсім кіраваць, але робіць гэта ня надта эфэктыўна. Ад гэтага церпяць усе, у тым ліку й замежныя інвэстары.

Нягледзячы на празьмернае дзяржаўнае ўмяшальніцтва, замежныя інвэстары ўсё роўна будуць прыходзіць у Беларусь – лічыць эканаміст Зьміцері Бабіцкі. Толькі аб’ём інвэстыцыяў будзе малы. Перадусім у краіну будуць прыходзіць канцэрны зь вялікімі прыбыткамі, каб першымі заняць рынак. Прыклады ўжо ёсьць – гэта вытворцы піва, кампанія Coca Cola, McDonalds, а таксама раней згаданая будаўнічая група ATLAS. 

Аляксандар Папко