• Рэдакцыйная пошта
  • 02.04.2011

Добрага часу сутак для ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!

Я выказваю шчырую ўдзячнасьць аўтарам усіх пісем, якія паступілі на віцебскую абанэнцкую скрынку на працягу мінаючага тыдня. Некаторыя з гэтых лістоў я агучу.
Пачну зь пераказу часткі допісу Яўгеніі Цюркінай, нашай пастаяннай слухачкі з Магілёва.
Адгукаючыся на “Рэдакцыйную пошту” за 26 лютага, яна піша, што Сяргей Балбасаў сьцьвярджаў, што Інтэрнэт не патрэбны. Але Сеціва неабходна! Інтэрнэт – гэта цудоўна!
Тут я мушу ўдакладніць. Жыхар Гомельшчыны Сяргей Балбасаў не пісаў, што Інтэрнэт не патрэбны. Ён сьцьвярджаў, што ліквідоўваць вяшчаньне на кароткіх і сярэдніх хвалях нельга, бо ня кожны чалавек мае магчымасьць слухаць радыё празь Сеціва. Напрыклад, сам Балбасаў ня можа прымаць перадачы ў Інтэрнэце. Калі б зьніклі нашы выпускі ў радыёэфіры, то ён бы ня змог слухаць Варшаву.
Яўгенія Цюркіна ў размове па тэлефоне пыталася пра дакладныя частоты нашага вяшчаньня. Напрыканцы праграмы я нагадаю расклад беларускамоўных перадач з Варшавы.   

Вядомыя Dxісты, два Аляксандры – Ендза зь Ліды і Мазго зь Віцебска – прыслалі рапарты аб прыёме. Міхась Маліноўскі з Баранавіч склаў адказ на дыскусійны конкурс і заяўку ў “Канцэрт віншаваньняў”. Яго зямляк Міхаіл Кобрын прыслаў ліст, у якім папрасіў не дасылаць блянкі рапартаў аб прыёме, бо ён ня мае прыёмніка, ня слухае наша радыё ў эфіры, а карыстаецца рэдакцыйнай Інтэрнэт-старонкай, зь якой бярэ неабходныя матэрыялы. Данута Крупіца зь Ліды прыслала тры лісты, у якіх былі рапарты аб чутнасьці, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў” і допіс, у якім закранаюцца дзьве тэмы: прыём нашых перадач у мінулым зімовым сэзоне і пытаньні, зьвязаныя зь Японіяй.
Слухачка піша, што цягам апошняга паўгода чутнасьць была добрая або выдатная. Часам прыёму нашых перадач замінаў нейкі гул, які зьнікаў, калі лідчанка дакраналася да антэны. Пры выстаўленьні адзнак у рапарце гэты шум слухачка ня ўлічвала. У справаздачах аб прыёме пераважаюць адзнакі 4 і 5. 
 Данута Крупіца перакананая, што Расея павінна вярнуць Японіі чатыры выспы, якія Краіна ўзыходзячага сонца лічыць сваімі. Я падтрымліваю такое меркаваньне. Масква ня мае юрыдычнага права на гэтыя тэрыторыі. Паводле міжнародных дамоў, яна мусіць аддаць астравы.
Магчыма, так калі-небудзь і станецца. Масква часам адступае ад сваіх жорсткіх пазыцый. Прыклад? Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў СССР не згаджаўся вырашаць тэрытарыяльныя пытаньні з Кітаем. Нават былі ўзброеныя сутыкненьні абодвух дзяржаў. Аднак некалькі гадоў назад спрэчныя тэрыторыі ўсё ж былі вернуты КНР.
Спадарыня Крупіца лічыць, што ў Японіі бракуе месца для пражываньня людзей і будаўніцтва атамных элекрастанцый. На яе думку, гэта яшчэ адна з прычын, па якой трэба вярнуць паўночныя тэрыторыі.
Тут наша прыхільніца ня мае рацыі. Вялікая колькасьць насельніцтва і малая плошча краіны не зьяўляюцца юрыдычнай падставай, каб зьмяняць межы. У мірнай міжнароднай палітыцы такой практыкі няма.
Тымчасам некаторыя агрэсары выкарыстоўваюць гэтую нагоду, каб змусіць больш слабых аддаць нейкія тэрыторыі. У прыватнасьці, Адольф Гітлер шырока ўжываў паняцьце “жыцьцёвая прастора”, каб абгрунтаваць свае памкненьні заваяваць усход Эўропы. 
Дарэчы, у апошнія гады японскае насельніцтва скарачаецца. Апроч таго, спрэчныя выспы зусім маленькія. Гэтыя кавалкі сушы аніяк ня могуць зьмяніць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.
Завяршаючы гаворку пра тэрытарыяльную спрэчку, хачу сказаць, што ў Азіі шмат няяснасьцяў вакол межаў. Тая ж Японія спрачаецца за астравы ня толькі з Расеяй, але й з Паўднёвай Карэяй і Кітаем.
Іншыя выказваньні нашай даўняй слухачкі хутчэй за ўсё прагучаць у адным з выпускаў “Рэдакцыйнай дыскусіі”.

У межах гэтай перадачы працягваецца чарговы конкурс. Калі ласка, азнаёмцеся з ягонымі ўмовамі.
Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку і трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны і разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Найбольш якасныя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Пра атрыманьне ўзнагарод за перамогу ў віктарыне пра кашубскі край паведамілі Аляксандар Ендза зь Ліды, Міхаіл Кобрын з Баранавіч, Яўгенія Цюркіна з Магілёва. Прашу астатніх слухачоў, якім ужо дасланы прызы, тэрмінова напісаць на віцебскую абанэнцкую скрынку.

Польскае радыё для замежжа цікавіць узровень чутнасьці ў летнім пэрыядзе. Так што шчыра запрашаю складаць рапарты аб прыёме.
Нашы перадачы ідуць на кароткіх хвалях двойчы ў суткі. А 13.30 UTC (ці а 16.30 паводле менскага часу) выпуск з Варшавы трансьлююць перадатчыкі ў Вялікабрытаніі: 11955 кілягерц (Рампішан) і  15480 кГц (Вуфэртан). Адпаведная магутнасьць – 250 і 125 кіляват. А 16.30 UTC (ці а 19.30 паводле менскага часу) ідзе перадача з ангельскага Вуфэртана на 11760 кілягерцах. Магутнасьць трансьлятара – 125 кВ.
Справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Справаздачы аб прыёме магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі і віцебскі адрасы нашай станцыі.
Рапарты аб чутнасьці, конкурсныя працы, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”, лісты на самыя разнастайныя тэмы трэба  прысылаць на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Акрамя таго, сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Юрась Сьцяпанаў