• Камэнтар ад У.Падгола
  • 02.04.2011

“Наша Ніва” піша пра тое, што лукашэнкаўцы на Дзень волі 25 сакавіка ачапілі цэнтар Менска, каб сарваць дэманстрацыю.

Газэта “Народная воля” за аўторак друкуе меркаваньні лідараў сацыял-дэмакратычных партый наконт таго, чаму сацыял-дэмакратамі праігнаравана знамянальная дата - маецца на ўвазе Дзень волі. Тут адказы Трусава, Сідарэвіча, Грыба, Маслоўскага, Фралова.
Станіслаў ШУШКЕВІЧ, старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада:
“Што да мяне, то асабіста я ў гэты дзень быў у Кіеве, дзе прымаў удзел у прадстаўнічай сустрэчы з удзелам былых прэзыдэнтаў Украіны, жонкі Барыса Ельцына, на якой абмяркоўваліся пытаньні рэфармаваньня на постсавецкай прасторы. Запрашэньне на мерапрыемства я атрымаў загадзя. А што да сьвяткаваньня… Я лічу 25 сакавіка сьвятам, але сьвяткаваць нешта ў такіх умовах цяжка. Лёзунгі акцыі былі слушнымі — патрабаваньне свабоды для палітвязьняў, і прыняць удзел у такім мерапрыемстве было б правільным. Але, зь іншага боку, мне асабіста не хацелася падстаўляць людзей, якія пасьля выхаду на мірную акцыю могуць быць кінутыя ў турму. Таму партыйным рашэньнем мы не заклікалі нікога выходзіць на дэманстрацыю. Тым больш на не дазволеную. Можна было б ісьці на плошчу Бангалор — месца, якое было дазволена ўладамі, з тым каб паказаць, што мы ёсьць. Але я не чакаў, што на акцыю выйдзе многа людзей…  Калі б было адчуваньне, што выйдзе шмат народу, то я б заклікаў пагадзіцца пайсьці й на Бангалор…  А паколькі акцыя не чакалася масавай, на пасяджэньні выканкама нашай партыі было прынята рашэньне не заклікаць людзей да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве”, - сказаў Шушкевіч.
Менск ахапіла валютная паніка. Людзям набыць вялікія суммы валюты ў абменьніках немажліва. "Народная Воля" праверыла, ці можна свабодна набыць замежныя грошы ў цэнтры Менска й надрукавала рэпартаж у нумары за аўторак. “У пошуках валюты перш-наперш мы накіраваліся на чыгуначны вакзал. Дзе, як ня тут, шукаць замежныя грошы? На справе ўсё аказалася куды складаней. На кожным паверсе вакзала ёсьць некалькі пунктаў абмену валюты, але ледзь не палова зь іх зачынена. Перад тымі, што працуюць, вокамгненна вырасталі чэргі. Пасьля 20 хвілін стаяння перад шапікам "БПС-банка" нам прапанавалі толькі 100 эўра. Іншая валюта скончылася… Абышоўшы каля 20 абменных пунктаў ад вакзала да Кастрычніцкай плошчы, мы змаглі б набыць ня больш за 500 даляраў. Дый і тых у рознай валюце”…
Газэта-штотыднёвік “Свободные новости плюс” піша аб тым, што “беларусы пачалі забіраць валютныя ўклады” у банках. Гэта ж пацьвердзіў Сяргей Румас – віцэ-прэм’ер. Ён правёў прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой абяцаў, што з панядзелка валюта зьявіцца ў абменьніках, а за свой валютны ўклад ён не хвалюецца.
У “СБ” за пятніцу эканаміст Міхаіл Кавалёў даволі празрыста аналізуе сытуацыю, што склалася на фінансавым рынку Беларусі. Напрыканцы 2010 года перавышэньне імпарта над экспартам сягнула 9,6 млрд. даляраў. За студзень 2011 імпарт перавысіў экспарт на 1 мільярд даляраў. Аўтааматары пачалі браць крэдыты й абменьваць іх на валюту, каб набыць іншамарку да 1 ліпеня. Пачалася выплата па крэдыдах, якія брала дзяржава раней... Вось і зьнікла валюта.
Сайт “Нашай Нівы” паведаміў, што 31 сакавіка віцэ-прэм’ер урада Румас нечакана заявіў, што абвешчанай Нацбанкам 10-працэнтавай дэвальвацыі недастаткова. Уначы з крыніц у Нацбанку стала вядома, што Пракаповіч падаў прашэньне аб адстаўцы. Не выключаецца, што адстаўка Героя Беларусі Пятра Пракаповіча была адной з умоваў, якія выставіла Расея для выдзяленьня Беларусі 3-мільярднага крэдыту. Пра другія ўмовы піша “Наша Ніва”, спасылаючыся на пасла Расеі ў Беларусі Сурыкава. Гэта “скарачэньне расходаў у бюджэтнай галіне, дзяржпраграм, стабілізацыя грашова-фінансавай сістэмы”. Іншымі словамі, уўмовы Расеі мала адрозьніваюцца ад умоў МВФ.
Усе СМІ перадалі інфармацыю з урада Беларусі пра тое, што ўрадоўцы чакаюць празь некалькі тыдняў крэдыт з Расіі на 3 мільярды даляраў. Але ж яшчэ ня факт, што тыя грошы дадуць. Бо расейцы абумовілі крэдыт структурнымі рэформамі ў беларускай эканоміцы. Да таго ж Пуцін у Менску абвясьціў аб злучэньні актываў МАЗа й КАМАЗа, а Лукашэнка празь некалькі дзён даў Пуціну адлуп за айчынны МАЗ. Так што валютныя праблемы могуць абваліць беларускую эканоміку й ўладу дыктатара.
У часопісе “Российская Федерация сегодня” й на яго сайце
зьявілася стэнаграма размовы Лукашэнкі зь некаторымі кіраўнікамі СМІ Расеі. Вось некалькі цытатаў адтуль:
“Уявіце: прапануюць беларусам заўтра вызначыцца як губэрніі Расейскай фэдэрацыі. Колькі, вы думаеце, працэнтаў за гэта прагаласуе? Нуль. Амаль нуль. Нават у нас больш радыкальныя людзі, што прыехалі да нас з Расеі, яны катэгарычна супраць”.

Пра падзеі плошчы: “Яны (дэманстранты) па нагах білі даішнікаў – пераламалі ногі ім”.

“Я жартуючы кажу, што выбары прайшлі ў такой дэмакратыі, што ў вечары мяне ванітавала ад гэтай дэмакратыі”.

“І заклікі былі (кандыдатаў у прэзыдэнты) адны: “На плошчу!” Дайшло да таго, што “расейская куля ў лоб Лукашэнкі”. Запісана ўсё. Я усё трываў, усё трываў, каб мяне ўжо нідзе не папракалі, што я тут сілай трымаю гэту ўладу”.

“Калі вы пазбавіцеся ад сіндрома Лукашэнкі, мы нешта зробім. Калі вы па-ранейшаму будзеце лічыць, што вось ён заўтра ўварвецца, схопіць шапку манамаха і ўнясе ў Менск, так што мы з вамі можам пабудаваць?”

Пра сваіх супернікаў на прэзыдэснкіх выбарах 1994 года:
“Вось яны зараз ходзяць з гэтымі сеткамі-авоськамі й пустыя бутэлькі здаюць у краму ці на пункт шклотары (я не перабольшваю), і ўсе людзі смяюцца. А яны ўчора кіравалі дзяржаваю і прэтэндавалі на тое, каб і далей гэта рабіць. Праз дзень цьвярозымі бываюць: дзень п’яныя, адыходзяць , зноў напіваюцца”.

“У Беларусі аб Сталіне не прынята блага казаць, таму што не было б Сталіна, дык мяжа пад Мінскам была б. Як бы там не было, ён яе адсунуў на тыя месцы, дзе і мусіць быць мяжа Беларусі з Польшчай, Украінай і гэтак далей”.

“Мы хочам, каб вы ведалі, што адбываецца ў Беларусі… Настроі людзей – гэта ж і эканамічная праблема. Беларусь нікуды не пайшла, што тут ніякага амэрыканскага, заходняга й іншага ўплыву няма, што тут – рускі дух”.

“Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, безь якога й мяне б не было, і іншых працэсаў… Ён мяне за свайго сына лічыць”

“Мяне папракаюць: Лукашэнка прыватызуе Беларусь… Ну, хочаце, гэта слова падабаецца, называйце гэтак. Але гэта – мая Беларусь. І я не баюся, што раптам не так, і ты не ўточышся, і нічым не дапаможаш”.

 Вось такія цытаты «ўсенародна абаранага»...

Уладзімір Падгол, Менск

Ад Рэдакцыі: Тэкс прадстаўляе аўтарскі погляд камэнтатара й ня мусіць адлюстроўваць пункту погляду Рэдакцыі.