• Рэдакцыйная дыскусія
  • 06.04.2011

Нейкі час таму наш калега Юрый Сьцяпанаў аб’явіў конкурс, галоўным пытаньнем якога зьяўляюцца разважаньні на тэму найважнейшых падзеяў першых дзесяці гадоў XXI стагодзьдзя. Прыходзяць ужо першыя лісты з адказамі на гэтую віктарыну. На пачатку сакавіка напісаў нам ліст Сяргей Балбасаў зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну. Ён піша:

“Для мяне пачатак стагодзьдзя ня быў нечым адметным. Але толькі на першы погляд. Калі ж успомніць і прааналізаваць падзеі больш дакладна, то на самой справе выдзеліць ёсьць што. Гэта мой занятак дальнім радыёпрыёмам. Першапачаткова я займаўся ім, так бы мовіць, для сябе. Гэта азначае, што я слухаў замежныя станцыі, але нікуды не адсылаў ні рапартаў аб прыёме, ні водгукаў на рыдыёперадачы. Так працягвалася з 2000 да 2007 году. За гэты час удалося даведацца пра асаблівасьці правільнага складаньня рапартаў. І вось на пачатку 2008 году я вырашыў паспрабаваць адправіць першы рапарт. Ён быў накіраваны ў Менск на радыё Беларусь. Пацьверджаньне атрымаў у лютым, праз 25 дзён пасьля адпраўкі ліста. Паступова павялічвалася колькасьць радыёстанцый, на якія я стаў рэгулярна слаць карэспандэнцыю. У наступным годзе я атрымаў ужо 270 QSL-картак. Цягам мінулага году атрыманыя пацьверджаньні з такіх краін, як Румынія, ЗША, Віетнам, Сэрбія, Паўднёвая Карэя. З большасьцю радыёстанцый у мяне захоўваюцца кантакты й да гэтага часу. Што ж тычыцца Польскага радыё для замежжа, то самае цеснае супрацоўніцтва ў мяне наладжана менавіта зь Беларускай рэдакцыяй. У цэлым колькасьць картак-пацьверджаньняў ад станцыі за 2008-2010 гг. я налічваю 233. Такім чынам, падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, мушу зазначыць: першыя 10 гадоў XXI стагодзьдзя я акрэсьлю як найлепшыя ў сваім жыцьці. Менавіта гэтая сфэра, радыёпрыём, дапамагае мне перагледзець некаторыя жыцьцёвыя пытаньні, якія іншаму чалавеку могуць здавацца дзіўнымі й загадкавымі.”

Падпісана – Cяргей Балбасаў.

Шчыра кажучы, вельмі нечакана для мяне й прыемна даведацца, што праца журналістаў, у тым ліку й нашай станцыі, дае камусьці настолькі вялікае задавальненьне, што ён лічыць гэты час, калі пачаў цікавіцца дальнім прыёмам, самым шчасьлівым у сваім жыцьці, як спадар Сяргей. Сапраўды, ад нашага вернага слухача мы атрымліваем шмат рапартаў, наколькі мне вядома, Юрый Сьцяпанаў кантактуецца зь ім таксама па тэлефоне, абмяркоўваюць розныя пытаньні, зьвязаныя з працай нашай станцыі, з тэмамі, якія агучваюцца падчас перадач, а таксама пытаньні якасьці прыёму.

І яшчэ адзін ліст, які таксама датычыць нашага конкурсу пра найважнейшыя для слухачоў падзеі першых 10 гадоў стагодзьдзя.

“Што мяне зьдзівіла ды шакавала на пачатку 21 стагодзьдзя? – піша Віктар Васілевіч з Салігорска.

Зразумела, гэта падзеі 11.09.2001 году, калі ЗША, а разам зь імі й увесь сьвет, перажылі шок. Самая магутная дзяржава ў сьвеце, якая дыктавала ўмовы ўсяму астатняму сьвету, чыя армія лічыцца наймацнейшай на сьвеце, чые грошы сталі сымбалем ўсяго сьвету, чые законы лічыліся ўзорам дэмакратыі – гэтая дзяржава нечакана стала цэлем атакі тэрарыстаў. Аказалася, што самая магутная краіна бездапаможная перад некалькімі фанатыкамі, якія ахвяравалі сваё жыцьцё дзеля сваіх ідэяў.

І вось амэрыканцы пачынаюць перасьледваць тэрарыстаў па ўсім сьвеце, менавіта так яны аргумэнтуюць сваё вайсковае ўмяшальніцтва ў Афганістане ды Іраку. Але яны ж самі падтрымлівалі стварэньне тэрарыстычных арганізацый за свае ж грошы, самі распрацоўвалі сцэнар дзяржаўных пераваротаў. Адразу становіцца зразумелым, што ранейшае міждзяржаўнае права пераўтварылася ў права мацнейшага, ранейшыя законы страцілі сваю актуальнасьць, а новыя яшчэ не прынятыя. Амэрыканцы ўводзяць свае войскі ў арабскія краіны, а мусульмане-маджахеды, якія прыбылі туды з усяго сьвету, пачалі вайну супраць Амэрыкі. Па ўсім сьвеце пракацілася хваля насільля.

Вось чаму мяне так шакаваў пачатак трэцяга тысячагодзьдзя. Увесь сьвет стаяў на мяжы новай сусьветнай вайны. Хаця, можа я й ня маю рацыі, і не мне разважаць пра палітыку, але я зразумеў адно: якім бы ты ня быў моцным, знойдзецца мацьнейшы й за цябе.”

Сапраўды, 11 верасьня 2001 году стала сымбалем новых праблем новага тысячагодзьдзя. Увесь сьвет замер, калі тэлевізіі паказвалі жахлівыя атакі тэрарыстаў на амэрыканскія аб’екты. Рэакцыя ЗША на гэтае нападзеньне была жорсткай і, магчыма, да канца непрадуманай. Хаця цяжка цяпер пра гэта казаць. Я думаю, гісторыя асудзіць дзеяньні ўсіх бакоў гэтага канфлікту, а цяпер ён яшчэ занадта сьвежы – прайшло менш за 10 гадоў пасьля тых падзеяў. Але я думаю, што для многіх нашых слухачоў гэтая атака стала самай запамінальнай падзеяй першых 10 гадоў трэцяга тысячагодзьдзя, падобным чынам, як для Віктара Васілевіча зь беларускага Салігорска.

нг