• Чаму 90% інвалідаў-калясачнікаў ня могуць пакінуць свае кватэры?
  • 05.04.2011

У грамадзкіх арганізацыях адзначаюць, што да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ставяцца няўважліва. І нават сёньняшнія нормы заканадаўства не выконваюцца.

Па афіцыйных дадзеных у Беларусі жыве больш за 22 тысячы інвалідаў-калясачнікаў. І па дадзеных грамадзкіх арганізацый, больш за 90% з гэтых людзей ня могуць сябе рэалізаваць: бязвылазна сяддзяць у чатырох сценах свайго жыльля.

На думку спэцыялістаў Рэспубліканскай Асацыяцыі Інвалідаў-Калясачнікаў, у нашым грамадзтве  дагэтуль не адбылося мэнтальных зьменаў наконт людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Толькі 10% з тых, хто атрымаў цяжкую траўму пазваночніка й вымушаны рухацца ў інвалідным вазку, можа нармальна рэалізаваць сябе ў грамадзтве.

Сябра Асацыяцыі Лідзія Кручына канстатуе, што найперш дзяржава мала дбае пра элемэнтарныя ўмовы так званага безбар’ернага асяродзьдзя.

Жанчына, нягледзячы на колішнюю траўму, займае пасаду ў адной зь фірмаў па продажы бытавой тэхнікі. Інвалідны вазок не перашкодзіў сябе рэалізаваць. Але большасьць людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ня можа сабе такога дазволіць. Многія папросту ня маюць тэхнічных магчымасьцяў, каб спакойна выехаць на інвалідным вазку з пад’езда.   
 
Лідзія Кручына: Мы можам шмат карысьці прынесьці нармальнаму грамадзтву. Без абмежаваньняў, абсалютна. Многія й машынамі займаюцца, рамантуюць. Чаму б і не? Я сама сутыкаюся з праблемамі штодзённа. Нямногія людзі йдуць табе на дапамогу, каб зрабіць магчымай асяродзьдзе без абмежаваньняў. Гэта хаця б пандусы, прыступкі…

Практычна ўсе 22 тыясячы інвалідаў-калясачнікаў маглі б працаваць для росквіту беларускай эканомікі. Дастаткова ставіцца да іх як да роўных. І стварыць элемэнтарныя тэхнічныя ўмовы ў жылых будынках.  У разьвітых краінах, па словах Лідзіі Кручыны, уваходы ў новыя будынкі палогія, а людзі з абмежаванымі магчымасьцямі могуць адчуваць сябе нароўных з звычайнымі грамадзянамі. Спадарыня Лідзія распавядае пра свайго канадзкага сябра й запэўнівае, што так магло б быць і ў Беларусі.

Лідзія Кручына: Маглі б усе людзі выходзіць з дому, навучацца разам з паўнавартаснымі людзьмі. Як гэта робіцца ў той жа Канадзе. Ён чамусьці навучаўся з нармальнымі хлопчыкамі ў звычайнай школе. І што цікава, яго ніхто не дражніў, таму што гэта было нармальна. Нармальныя дзеці, нармальная школа. Ён не такі, як усе. Але агулам яго ўспрымалі як нармальнага чалавека.

У Рэспубліканскай Асацыяцыі Інвалідаў-Калясачнікаў зазначылі, што па сёньняшнім беларускім заканадаўстве, новыя будынкі павінны быць адаптаваны для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Але нормы закону не выконваюцца, а праваахоўныя органы не караюць вінаватых у такой халатнасьці. Лідзія Кручына можа прывесьці дзясяткі прыкладаў бяздумнага стаўленьня да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.

Лідзія Кручына: Проста, навошта гэтыя прыступкі? Каб здароваму чалавеку лішні раз спатыкацца аб іх? Нават прывяду прыклад. Здалі новы будынак. Ніводнага пандуса няма, ніводнага. Я такога нідзе не бачыла, апроч як у нас. Вось новы будынак, у мінулым годзе літаральна здалі. Я ня ведаю, што гэта будзе далей, як далей зь імі змагацца. Нават праблема – мой унівэрсытэт. Я ўсё б’юся-б’юся, каб на ўваходзе зрабілі пандус. Яны кажуць: “Патрэбная спэцыяльная пляніроўка”.

Штогод Менгарвыканкам рапартуе аб паляпшэньні ўмоваў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. І пэўныя рэчы, безумоўна, робяцца. Каля 50% адміністратыўных будынкаў сапраўды адаптаваныя для інвалідаў-калясачнікаў. Але кожная недасканалая забудова можа стаць непераадольным блёкам на шляху. Вось чаму столькі калясачнікаў сядзяць у чатырох сьценах.

Ня першы год сталічныя чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасьць будаўніцтва спэцыялізаванай паліклінікі для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Але ад будаўніцтва новых памяшканьняў пакуль адмаўляюцца. А прапанаваныя будынкі зноў жа ня зробяць існаваньне калясачнікаў вычарпальна зручным. Пра гэта карэспандэнту Беларускай службы Польскага радыё распавяла урач-нэўроляг, якая непасрэдна займаецца людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі.  

Урач-нэўроляг: Некаторыя службы ўвогуле могуць разьмяшчацца ў іншым месцы. Канкрэктна - гэта й стаматалёгія, і заля лячэбнай фізкультуры. Выхад, як мы бачым, у тым, каб проста збудаваць профільны будынак і пажадана дзесьці па лініі мэтро.

У многім стаўленьне да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі паказвае ступень клопату, які чыноўнікі выяўляюць да сваіх грамадзян. Калі пераважная большасьць калясачнікаў зможа камфортна адчуваць сябе па-за межамі сваіх кватэраў, можна быць упэўненымі – нешта павярнулася ў лепшы бок.

Аляксандар Парошын, Менская вобласьць