• Свабодны тэатар застаецца ў Амэрыцы?
  • 05.04.2011

Акторы беларускага „Свабоднага тэатру” папрасілі палітычны прытулак у Злучаных Штатаў. У сувязі з гэтым, яны адмянілі свой выступ у Польскім тэатры, дзе яны плянавалі паказаць спэктакль „Пакаленьне джынс”. Гэта чарговая страта для Беларусі, лічаць у Менску.

У Варшаве зь нецярплівасьцю чакалі прыезду „Свабоднага тэатру”, які рыхтаваў да паказу ў варшаўскім Польскім тэатры спэктакль „Пакаленьне джынс”. Гэта аповед пра беларускую моладзь, якая на кожным кроку змагаецца за свабоду думак і дзеяньняў. Аднак „Свабодны тэатар” у Варшаве пакуль ня выступіць. Справа ў тым, што акторы менскага тэатру папрасілі палітычны прытулак у ЗША. Яны баяцца палітычнага перасьледу, у Беларусі ім пагражае шматгадовае турэмнае зьняволеньне. Больш падрабязна распавядае дырэктар Польскага тэатру Анджэй Сэвэрын.

Анджэй Сэвэрын: Мы дамовіліся наконт тэрмінаў, узгоднены быў склад польскай трупы, усё было гатовае. Ну, і прыйшлі прэзыдэнцкія выбары ў сьнежні. Яны падтрымалі кандыдатаў, якія канкуравалі з Лукашэнкам. У сувязі з гэтым іх спачатку арыштавалі, а потым выпусьцілі. Яны паехалі ў Ганконг. Потым я даведаўся, што яны папрасілі палітычны прытулак у Злучаных Штатах. У сувязі з гэтым яны ня могуць цяпер выехаць з ЗША. Таму мы пакажам гэтае прадстаўленьне пры першай магчымасьці, вельмі хутка.

Выступы за мяжой – гэта адна з магчымасьцяў тэатру выступаць, мець кантакт з гледачамі. У Беларусі „Свабодны тэатар” унесены ў „чорны сьпіс творцаў”, якім улады абмяжоўваюць дзейнасьць. Распавядае праваабаронца Уладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч: Мы бачым з 19-га сьнежня, што пэўным асобам: бардам, рок-гуртам, забаронена выступленьне на тэрыторыі Беларусі. Свабодны тэатар з самага пачатку свайго існаваньня знаходзіцца ў падпольлі. Падчас яго пастановаў адбываліся рэйды спэцназу, калі затрымлівалі ўсіх актораў ды гледачоў. Кіраўнікам тэатру ў Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць за падзеі 19-га снежня. Сёньняшняя беларуская ўлада зьнішчае цалкам свабодны культурніцкі слой, свабодную думку ды свабоднае грамадзтва.

Кіраўніцтва беларускага „Свабоднага тэатру” напісала да сваіх польскіх калегаў, што яны не адмаўляюцца ад выступу й плянуюць паказаць спэктакль у наступным сэзоне. «Гэта для нас справа гонару» – напісалі беларускія акторы. У сваю чаргу ў Менску сумуюць у сувязі з тым, што тэатар ня вернецца ў Беларусь. Паводле словаў драматурга Ўладзімера Халіпа, гэта вялікая страта для беларускай культуры.

Уладзімер Халіп: Для мяне гэта вельмі сумная навіна, таму што я вельмі любіў гэты тэатар. Гэта таленавітыя людзі, дзіўны тэатрык, які месьціўся на ўскрайку Менску ў нейкім прыватным доме. Там у адным пакоі сядзелі гледачы, сьцяна была праламана, яны глядзелі ў другі пакой, у якім адбывалася дзея. Людзі сядзелі вельмі цесна, але там была атмасфэра цудоўнага тэатра, так захоплівала тое, што адбывалася на сцэне, што ўсе забывалі пра нязручнасьці, гэта быў сапраўдны цуд мастацтва. Вось мы пазбавіліся яшчэ аднаго таленавітага калектыва й такіх дзіўных людзей. Я разумеў, чаму яны гэта зрабілі. Калі б яны вярнуліся, іх бы тут напэўна схапілі й далучылі да справы масавых забурэньняў, ці як гэта ў іх называецца, змовы супраць вялікага нашага правадыра. І, безумоўна, далі б ім турэмныя тэрміны. Але гэтага не адбылося, яны вырашылі там застацца. Я хацеў бы сказаць ім на разьвітаньне, што я іх вельмі люблю, жадаю ім уладкавацца там і ня страціць творчы ўзровень, памятаць сваю радзіму й вярнуцца сюды як мага хутчэй, ужо ў вольную Беларусь.

Спэктакль „Свабоднага тэатру” павінен быў адбыцца ў Варшаве 14-га траўня.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч