• Канстытуцыйны суд : Карта паляка не адпавядае нормам міжнароднага права
  • Audio5.77 MB
  • 07.04.2011

Асобныя нормы польскага закону аб Карце паляка не адпавядаюць некаторым нормам міжнароднага права – заявіў у чацьвер старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Пётр Міклашэвіч. Журналісты Польскага Радыё паспрабавалі высьветліць, як ставяцца да гэтага рашэньня самі ўладальнікі карты ды экспэрты ў галіне міжнародных адносінаў зь Беларусі і Польшчы. 

Па-першае, суд палічыў незаконным тое, што сьпіс арганізацыяў польскай меншасьці, якія выдаюць неабходныя для атрыманьня Карты паляка пасьведчаньні аб польскім паходжаньні, зацьвярджае не беларускі ўрад, а прэм’ер Польшчы. Па-другое, карты выаюцца консулам Польшчы, а беларускі бок лічыць, што консул такога права мець не павінен. Па-трэцяе, суд лічыць незаконным тое, што Польшча ўвяла ільготы па працаўладкаваньні і атрыманьні візаў для этнічных палякаў у аднабаковым парадку, без кансультацыі зь беларускім урадам.

Нават калі афіцыйны Менск прызнае Карту паляка незаконнай, людзі будуць па яе зьвяртацца, як і раней – кажа дзеяч польскай суполкі Ігар Банцар.

І. Банцар: Былі выпадкі, калі міліцыянты ці супрацоўнікі дзяржворганаў вярталі Карты паляка, бо іх прымушалі да гэтага на працы. Але звычайныя людзі будуць зьвяртацца па Карту паляка, пакуль гэты закон будзе функцыянаваць і карту будуць выдаваць.

Карты паляка выдаюцца ў Беларусі з траўня 2008 году. Спачатку Менск супраціўляўся ўвядзеньню гэтага дакумэнта, але пазьней адкінуў варожую рыторыку дзеля  добрых стасункаў з Эўразьвязам – кажа палітоляг Андрэй Фёдараў

А. Фёдараў: Спачатку быў супраціў, былі даволі гучныя заявы, але калі стасункі з ЭЗ пачалі наладжвацца, у Менску вырашылі не чапаць гэтую тэму.  Тады зьбліжэньне з Эўразьвязам лічылі нашмат больш важным і не хацелі тармазіць гэты працэс.

Цяпер жа стасункі з Польшчай пагоршыліся, таму  пра карту й успомнілі –мяркуе Андрэй Фёдараў. За што яе так ня любяць? Карта паляка адчыняе “акно ў Эўропу” для тысячаў беларускіх грамадзянаў – лічыць Ігар Банцар.

І. Банцар: Карта паляка дае мажлівасьць  без праблемаў атрымаць візу ў Польшчу, а гэта – віза ў Эўразьвяз. Таму беларускія ўлады хочуць прынізіць яе вартасьць, прызнаць незаконнай. Яны бачаць пагрозу ў тым, што чалавек атрымае Карту паляка, зробіць сабе бясплатную візу, паедзе ў Польшчу й убачыць, як жывуць нармальныя людзі. Паедзе далей ў Эўропу - убачыць, як жыве ўвесь цывілізаваны сьвет. Будзе бачны кантраст паміж тым, што нам кажа прапаганда, і тым, як ёсьць насамрэч.

Андрэй Фёдараў лічыць, што беларускія ўлады ў сапраўднасьці ня надта баяцца карты, проста гэта яшчэ адзін спосаб “ушчыкнуць”  Польшчу – лічыць палітоляг.

А. Фёдараў: Улады ня надта баяцца, што усё больш беларускіх грамадзянаў будуць гэтай картай карыстацца, езьдзіць у Польшчу й набірацца там “рэвалюцыйных” ідэяў. Проста яны хочуць зрабіць нейкім чынам дрэнна Польшчы, якая, на іх погляд, вельмі моцна настроена супраць сёньняшняга беларускага кіраўніцтва й дапамагае тым, хто выступае супраць іх ўнутры краіны. 

У 2008 годзе, калі Польшча ўводзіла карту, невялікія перасьцярогі выказвала Вільня, аднак канфліктаў з аніводнай з краінаў, у якой выдаецца гэты дакумэнт, у Варшавы не ўзьнікла. “Скандал з Беларусьсю – выключны выпадак,” - кажа супрацоўніца фонду імя Стэфана Баторыя Яанна Фаміна.

Я. Фаміна: Гэта выключная сытуацыя. Іншыя краіны ня мелі з Картай паляка ніякіх праблемаў. На Ўкраіне ня ўзьнікла ніякіх канфліктаў, усё вельмі добра функцыянуе. Я мяркую, што канфлікт з уладамі Беларусі мае чыста палітычную падставу. Яны проста баяцца, што людзі будуць выяжджаць за мяжу і ўбачаць, што дэмакратыя рэальна існуе, яна магчымая, што грамадзтва зусім ня трэба трымаць “моцнай рукой” – так, як гэта робіцца ў Беларусі. Гэта страх урада – ня больш за тое. Канфліктаў на грунце Карты паляка быць не павінна. Спакойна можна быць грамадзянінам Беларусі й адначасова ўласьнікам Карты паляка.

Няма ніякіх падставаў лічыць, што Карта паляка паддважае ляльнасьць беларускіх палякаў да Беларусі – кажа палітоляг Войцех Бародзіч-Смаліньскі з варшаўскага Цэнтру міжнародных стасункаў. 

В. Бародзіч-Смаліньскі: Карта паляка пацьвярджае толькі тое, што чалавек належыць да польскага народу, але не дае нікому польскага грамадзянства. Па-другое, яе уласьнік мае права на зьніжку пры атрыманьні візы. Ён можа таксама весьці гаспадарчую дзейнасьць і вучыцца нараўне з грамадзянамі Польшчы, а таксама мае права да бясплатнага лячэньня ў экстрэнных выпадках. Зразумела, яна палягчае працэдуру рэпатрыяцыі, калі хтосьці захоча перасяліцца ў Польшчу. Але карта не дае выбарчых правоў, не стварае сытуацыі, калі б беларускія грамадзяне польскага паходжаньня дзейнічалі супраць іншых беларускіх грамадзянаў.

Дэпутаты беларускай Палаты прадстаўнікоў заявілі, што рашэньне Канстытуцыйнага суду – унутраняя справа Беларусі. Яно ні да чаго не забавязвае, але можа быць выкарыстана для перамоваў з польскім бокам.  “Я ня вельмі разумею, пра якія перамовы можа весьціся гаворка,” – кажа польскі экспэрт Войцех Бародзіч- Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Карта паляка была прынята ў абсалютнай адпаведнасьці з польскімі законамі. Яе легальнасьць спраўдзілі шматлікія камісіі. Таксама яе правяралі на адпаведнасьць заканадаўству Эўразьвязу. Я не надта бачу прастору для перамоваў. У такім выпадку мы можам выказаць свой сумнеў наконт паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суду Беларусі, а нават наконт адпаведнасьці міжнародным нормам самой канстытуцыі Беларусі, якая была шмат разоў зьмяняная вельмі сумнеўным чынам. Я ня думаю, што варта ўвязвацца ў такія спрэчкі.

З 2008 году польскія консульскія аддзелы выдалі каля 60 тысячаў картаў паляка. Больш за ўсё іх было выдадзена ва Ўкраіне – больш за 30 тысячаў. Каля  3 тысячаў Картаў паляка атрымалі грамадзяне Летувы. У Беларусі за тры гады было выдадзена каля 20 тысячаў Картаў паляка.

Аляксандар Папко