• Рэлігійнае жыцьцё
  • 10.04.2011

“Польскі сьцяг у кожны дом” – так называецца акцыя парафіі ў Плоцку, прымеркаваная да бэатыфікацыі папы рымскага Яна Паўла ІІ, якая адбудзецца ў Ватыкане 1 траўня. Заклік зьвязаны таксама зь іншымі падзеямі – сьвятам польскага сьцягу 2 траўня ды Днём канстытуцыі, які адзначаецца 3 траўня. Арганізатары намераныя прадаваць на вуліцах і каля касьцёлаў у Плоцку польскія бел-чырвоныя сьцягі. Продажам сьцягоў зоймуцца валянтэры, школьнікі ды гарцары. “1, 2 і 3 траўня – гэта вельмі важныя для нашай гісторыі даты, асабліва ўнясеньне ў лік бласлаўленых папы рымскага. Гэта добрая нагода, каб паказаць свае патрыятычныя пачуцьці й вывесіць сьцяг у кожным доме”, – мяркуюць арганізатары. Ініцыятары акцыі прапануюць таксама школам, каб 29 красавіка ў іх адбыліся ўрокі, прысьвечаныя тэме нацыянальных сымбаляў ды ролі сьцяга ў гісторыі Польшчы.

Польскія праваслаўныя вернікі згадваюць памяць архіепіскапа генэрала Мірона Хадакоўскага, праваслаўнага ардынарыя Польскага войска, які загінуў год таму ў смаленскай катастрофе. Цэнтральныя жалобныя ўрачыстасьці прайшлі ў суботу ў Супрасьлі. Менавіта там, у крыпце праваслаўнага манастрыра, спачывае цела архіепіскапа. Таксама ў Гайнаўцы адбылася сьвятая багаслужба ды вечарына памяці, прысьвечаныя Мірону Хадакоўскаму.

У мінулым годзе на адных толькі варшаўскіх могілках пахаваны 36 безіменных асобаў. У гэтым годзе ўжо на 10 больш. Каб прадухіліць ананімныя паховіны, Фундацыя братоў капуцынаў будзе раздаваць безьсьмяротнікі бяздомным. У выпадку раптоўнай сьмерці бяздомнага такая таблічка дазволіць устанавіць яго пэрсанальныя дадзеныя. Безьсьмяротнік будзе пазначаны міжнароднай абрэвіятурай ICE (з ангельскай мовы “in case of emergency” – “у надзвычайным выпадку”). Дзякуючы гэтаму бяздомны чалавек ня будзе пахаваны ананімна. Самы цяжкі момант для такіх людзей – менавіта хвіліна сьмерці, паколькі тады яны адчуваюць сябе жахліва адзінокімі, незалежна ад таго, ці паміраюць на вуліцы, ці на шпітальным ложку. Безьсьмяротнікі павінны прыгадваць бяздомным, што для іх падрыхтавана ўжо новае, лепшае жыцьцё пасьля сьмерці, дзе кожны знойдзе ўласны дом.

У мінулым годзе амаль на 40% вырасла ў Нямеччыне колькасьць католікаў, якія адмовіліся плаціць касьцельны падатак і такім чынам афіцыйна выйшлі з касьцёла. Меркаваньнем нямецкай прэсы, на гэта паўплывалі шматлікія выпадкі сэксуальнага выкарыстаньня непаўнагадовых сьвятарамі. Упершыню ў гісторыю больш вернікаў пакінула каталіцкі касьцёл, чым пратэстанцкі. “Рост колькасьці выйсьцяў з касьцёла можна патлумачыць тым, што касьцёл страціў давер вернікаў. Вельмі балючы той факт, што многія такім чынам выражаюць свой пратэст і абурэньне ў сувязі з рознымі скандаламі”, - заявіў вікарый дыяцэзіі ў Кёльне Дамінік Швадэрлап. Асабліва адчула гэта традыцыйна каталіцкая Баварыя, дзе рост колькасьці асобаў, якія пакінулі шэрагі касьцёла, дасягнуў нават 70%.

А ў іншай частцы Эўропы, ва Ўкраіне, наадварот заўважальна вырасла колькасьць рэлігійных арганізацый. Гэта значыць, што й больш асобаў цікавіцца рэлігіяй. Пра гэта паведаміў Дзяржкамітэт краіны па справах нацыянальнасьцяў і рэлігіяў. Калі 10 гадоў таму ва Ўкраіне налічавалася 22,5 тыс. рэлігійных арганізацый, то ў мінулым годзе – ужо звыш 33 тысяч. За мінулы дзясятак гадоў вырасла таксама колькасьць епархіяў, манастыроў, брацтваў, духоўных навучальных установаў ды нядзельных школаў. Таксама больш стала сьвятароў – рост з 21 тысячы ў 2000 г. да 30,5 тысяч у 2010.        

нг