• Рэдакцыйная пошта
  • 09.04.2011

Добры дзень, паважаныя сябры!

Я сардэчна дзякую аўтарам усіх лістоў, што прыйшлі цягам апошніх сямі дзён на абанэнцкую скрынку ў Беларусі. Гэтую карэспандэнцыю я буду разглядаць у наступных перадачах. Сёньня ж агучу пошту, якая дастаўлена нашмат раней. А перад гэтым я нагадаю ўмовы конкурсу, што адбываецца ў межах “Рэдакцыйнай дыскусіі”.

Завяршыўся першы дзясятак гадоў XXI веку й трэцяга тысячагодзьдзя. Якім прыгадваецца вам гэтае дзесяцігодзьдзе? Якія людзі, зьявы, падзеі асацыююцца з гэтым часам? Калі ласка, напішыце. Вашы ўспаміны й разважаньні прымаюцца цягам шасьці месяцаў, да 1 ліпеня 2011 года. Найбольш якасныя працы будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі.

Цяпер – да пошты.
Жыхар Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Сяргей Балбасаў яшчэ ў лютым прыслаў ліст з ацэнкамі інтэрактыўнай сувязі з нашай станцыяй, а, дакладней, зь Беларускай рэдакцыяй. Знакаміты радыёаматар прааналізаваў кантакты з Польскім радыё для замежжа цягам 2010 года. Гэты час, сьцьвярджае наш даўні прыхільнік, быў для яго “даволі напружаным, але разам з тым і вельмі прадуктыўным”.

Спадар Балбасаў працягвае: “Удзельнічаючы ў шматлікіх конкурсах, якія праводзіла ваша станцыя, я некалькі разоў атрымліваў узнагароды. Так, у чэрвені за ўдзел у конкурсе справаздач я выйграў радыёпрыёмнік. Напярэдадні Новага года прыйшоў прыз за перамогу ў лістападаўскім спаборніцтве рапартаў. Гэта быў мабільны тэлефон”.

Далей вядомы DX-іст хваліць гэты падарунак, аднак пяройдзем да іншых выказваньняў Сяргея Балбасава. Ён піша: “Цягам 2010 года я атрымаў ад вашай станцыі 54 лісты. Гэта былі шматлікія матэрыялы, прысьвечаныя розным польскім мясьцінам. Таксама шмат было прыслана блянкаў рапартаў і заявак у “Канцэрт віншаваньняў”. Зразумела, што своечасова прыходзілі й QSL-пацьверджаньні. Ад Беларускай службы Польскага радыё для замежжа я іх атрымаў роўна 100. Пра QSL-карткі хацелася б сказаць асобна. Пачынаючы з 4 квартала мінулага года Юрась Сьцяпанаў пачаў высылаць вельмі прыгожыя паштоўкі з выявамі Гданьска і іншых гарадоў. Карткі выглядаюць надзвычай прывабна. Яны вылучаюцца выдатнай паліграфіяй і дызайнам. Хацелася б, каб у гэтым годзе ваша радыё працягнула традыцыю высылаць карткі розных тыпаў, а ня толькі стандартныя”.

Адказваю. Сёлета будуць высылацца разнастайныя QSL. Ужо ёсьць неблагая па колькасьці й якасьці калекцыя картак. Гэтыя пацьверджаньні паступова рассылаюцца. Напрыклад, QSL адпраўлены ў розныя канцы Беларусі некалькім нашым слухачам, якія цягам апошніх тыдняў склалі рапарты пра чутнасьць.

Картак некаторых тыпаў зусім мала. Таму заахвочваю тэрмінова прысылаць справаздачы аб прыёме. Тым больш, што Польскае радыё для замежжа цікавіць узровень чутнасьці ў летнім сэзоне.

Дарэчы, ужо ёсьць слухачы, якія нейкі час таму адгукнуліся на гэтую прапанову. У прыватнасьці, тыдзень назад я казаў, што дасьведчаныя DX-істы, два Аляксандры – Ендза зь Ліды і Мазго зь Віцебска – прыслалі справаздачы аб прыёме.

Разгледжу гэтыя рапарты.
Лідчанін Аляксандар Ендза 27 сакавіка цягам гадзіны прымаў нашу перадачу а 13.30 паводле UTC. Яна вялася з Вуфэртана на частаце 15480 кілягерц. Тут назіраліся невялікія заміраньні, таму адзнакі паводле SINPO выглядаюць такім чынам: 55545.

На наступны дзень спадар Ендза прымаў паўгадзінную вечаровую трансьляцыю. Яна ішла з Вуфэртана а 16.30 паводле UTC на частаце 11760 кГц. Першыя чатыры хвіліны прыём быў амаль выдатны: 55545. Потым ён пагоршыўся: 55444.

Лідчанін прымаў абедзьве нашы праграмы на прыёмнік “Grundig WR-5405” з тэлескапічнай антэнай.

Віцяблянін Аляксандар Мазго таксама чуў нашы выпускі ў першыя два дні новага вяшчальнага пэрыяду.

27 сакавіка а 13.30 UTC ён прымаў перадачу з Рампішана на частаце 11955 кілягерц. На прыёмніку “Grundig WR-5408” зь пяцімэтровай дыпольнай антэнай наш сябра атрымаў вось такую чутнасьць у першыя 27 хвілін: 35543. З 13.57 пачаліся перашкоды. Да 14.05 прыём быў такі: 34543. Потым чутнасьць значна ўпала: 23532.

28 сакавіка 11760 кГц прымаліся нашмат лепей. Спадар Мазго паставіў ацэнкі: 55545. Гэтую трансьляцыю ён слухаў з дапамогай апарата “Degen DE1103”, які меў 10-мэтровую антэну. Відаць, гэта таксама быў дыполь. Аляксандар Мазго не ўдакладніў.

Пінчук Леанард Аукштэль праінфармаваў пра спробы прыняць нашы праграмы з Зарэчнага й Дубровіцы. Цытую: “Ані разу не ўдалося злавіць і паслухаць беларускія перадачы Польскага радыё для замежжа з Украіны. Ня ведаю, чаму. Можа, мой прымач дрэнна працуе?”.
Адказваю. Хутчэй за ўсё прыёмнік спраўны, а вось рэтрансьляцый у FM-эфіры няма. Хаця згаданая справа патрабуе далейшага вывучэньня.

Шаноўныя слухачы! Справаздачы аб чутнасьці можна прысылаць да нас у рэдакцыю ў электронным выглядзе на радыйны e-mail. Рапарты таксама можна складаць на нашым сайте ў раздзеле пад ангельскамоўнай назвай “eQSL”. Справаздачы аб прыёме магчыма адпраўляць праз традыцыйную пошту на варшаўскі, віньніцкі ды віцебскі адрасы нашай станцыі.
Рапарты аб чутнасьці, конкурсныя працы, заяўкі ў “Канцэрт віншаваньняў”, лісты на самыя разнастайныя тэмы трэба  прысылаць на абанэнцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.

Акрамя таго, сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абанэнцкая скрынка 28/78, г. Віньніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі апэратыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.

Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнэце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсьці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі й факты ў Польшчы, Беларусі, Эўропе ды сьвеце. Адрас вэб-старонкі ў Інтэрнэце: www.radyjo.net.

Ю. Сьцяпанаў