• Паміж радкоў беларускіх СМІ
  • 09.04.2011

Усе інфармагэнцтвы, а таксама абодва прэзыдэнскія тэлеканалы ў чацьвер паведамілі пра рашэньне Канстытуцыйнага суда Беларусі, які 7 красавіка выклаў сваю пазіцыю аб адпаведнасьці закона Польшчы «Аб карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

На думку Канстытуцыйнага суда, асобныя нормы закона «Аб карце паляка» не адпавядаюць: агульнапрызнаным прынцыпам сувэрэннай роўнасьці дзяржаў і неўмяшальніцтва ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампэтэнцыю іншай дзяржавы, што прадугледжана ў статуце ААН; палажэньням Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах і Консульскай канвэнцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча; палажэньням Пагадненьня паміж урадамі Беларусі й Польшчы аб узаемных паездках грамадзян, заключанага шляхам абмену нотамі 20 сьнежня 2007 года.
Прапанова Канстытуцыйнаму суду выкласьці пазыцыю па законе «Аб карце паляка» паступіла зь ніжняй палаты парлямэнта 23 лютага. Як заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, рашэньне Польшчы аб выдачы карты паляка «не адпавядае прынцыпам добрасуседзтва, а таксама праходзіць на фоне антыбеларускай кампаніі ў гэтай краіне». Ён таксама падкрэсьліў, што зараз заявы польскага кіраўніцтва «вызначаюцца жорсткай рыторыкай і не садзейнічаюць развіцьцю канструктыўных адносін паміж краінамі».

Нагадаем, карта паляка зьяўляецца дакумэнтам, які пацьвярджае прыналежнасьць грамадзяніна краін СНД і Балтыі да польскага народа. Атрымаць яе можа асоба, якая валодае польскай мовай на базавым узроўні, мае сярод сваякоў паляка або таго, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзед). Карта сапраўдная напрацягу 10 гадоў з дня выдачы й пры наяўнасці адпаведнай заявы прадаўжаецца на наступныя 10 гадоў.

Уладальнік карты мае права: атрымаць доўгатэрміновую шматразовую візу на знаходжаньне ў Польшчы; легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без атрыманьня дазволу на працу; займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі; у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой зь дзяржаўнага ці мясцовага бюджэту (на ўзроўні гміны); праязджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай скідкай.

За тыдзень А. Лукашэнка наведаў некалькі гаспадарак на берасьцейшчыне. Адметнасьцю гэтых візытаў стала адсутнасьць насельніцтва на сутрэчах,  якое звычайна задавала свайму куміру пытаньні. Паказвалі толькі дыктатара й мясцовую намэнклятуру. І вось мой знаёмы распавёў такую гісторыю. Калі ўладар заводаў і гаспадарак быў у СПК Зара, недалёка ад Кобрына, у вёску, дзе балбатаў дыктатар, на ровары ехала 70-гадовая жанчына. Калі яна амаль даехала да вёскі маці, а гэта пад коламі засталося больш за 10 кіламетраў, яе спынілі ахоўнікі й загадалі ехаць назад, і пры гэтым не патлумачылі прычыну. Вось такі велапрабег даўжынёй у 20 кіламетраў зрабіла 70-гадовая жанчына з-за страха дыктатара сутыкнуцца са звычайнай грамадзянкай. Прычым, да апазыцыі яна ня мае ніякага дачыненьня. Тое, пра што й як размаўляе ўладар чынавенства са сваімі слугамі, сведчыла толькі пра адно: усе хто аточваў уладара – ці канчатковыя дэбілы, ці страцілі глузд.

Штотыднёвік “Наша Ніва” распавядае пра трагэдыю Тацьцяны Грачаньнікавай. Ёй мусілі зрабіць апэрацыю 20 сьнежня на добраякаснай пухліне. Але Тацьцяну пасадзілі на 15 сутак за ўдзел у Плошчы. Яна прасіла судзьдзю замяніць зьняволеньне на штраф, каб зрабіць апэрацыю. Але судзьдзя засадзіла пацыентку. І вось зараз добраякасная пухліна стала злаякаснай – рак. На жаль, прозьвішча судзьдзі газэта на друкуе.

Самая галоўная фінансавая навіна тыдня – трывалае зьнікненьне валюты ў абменьніках. Інтрыга тут у мяккім супроцьстаяньні віцэ-прэм’ера Румаса й Старшыні нацбанка Пракаповіча. На мінулым тыдні Румас паабяцаў, што з 1-га красавіка, ці з панядзелка, валюта ў абменьніках зьявіцца. Пры гэтым Румас негатыўна ацаніў намер Пракаповіча дазволіць банкам дадаваць толькі 10 адсоткаў да афіцыйнага курса валюты. Румас сказаў, што трэба значна болей. І вось прайшоў тыдзень, а валюта не зьявілася. Напачатку тыдня Лукашэнка зваліў валютныя праблемы на аўтабізнэсоўцаў, якія шалёна скупаюць аўто ў Эўропе, а для гэтага скупаюць валюту ў абменьніках, і таму яе няма. Уладар валюты заявіў, што так будзе да 1-га ліпеня, покуль не пачнуць дзейнічаць новыя мыты на аўто, якія зробяць эўрааўтабізнэс непрыбытковым. “Наша Ніва” піша пра Румаса й яго сям’ю. Цікава, што Румас – нядаўні банкір, якога ўладар лёсаў зрабіў высокім чыноўнікам урада. А Пракаповіч – былы будаўнік, якога Лукашэнка зрабіў галоўным банкірам.

“Наша Ніва” распавядае пра акцыі ў абарону офіса БНФ. Гэты офіс стаў выспай свабоды для ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў. І гэта выспа можа быць адабрана ЖКГ Менска. Цікава, што функцыі абароны офіса ляглі на актывістаў БНФ і былога кіраўніка ЖКГ, намесьніка старшыні БНФ, а таксама экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва.

У праграме маральнай падтрымкі абаронцаў офіса ў гэты аўторак, 12 красавіка, у 18 гадзінаў кіраўніцтва БНФ запрасіла мяне, Падгола, у офіс пачытаць урыўкі з новай вэрсіі рамана “Куля для прэзыдэнта”. Калі хто цікавіцца гэтым тэкстам, калі ласка, запрашаю на сустрэчу. Нагадаю, што першая вэрсія “Кулі для прэзыдэнта” арыштаваная ў 1997 годзе, і па сёньня тая куля знаходзіцца ў сэйфах пракуратуры. Гэта самы доўгатэрміновы палітычны арыштант у нашай Рэспубліцы. У аўторак ягоны клон будзе прадстаўлены ў офісе БНФ. У рамане будуць і сам Лукашэнка са сваім сынам Колям, і будзе раскрыта сапраўдная таямніца яго нараджэньня. Будзе й ДуППа – Душа Першага Прэзыдэнта, якая застался, калі яе гаспадар зьнік, будзе й прэзыдэнт Будучай Беларусі – Лукапшык, які кіруе Рэспублікай на тысячу гадоў наперадзе нас.

У. Падгол