• СПБ можа страціць апошні Дом польскі
  • 11.04.2011

Непрызнаваны беларускімі ўладамі Саюз палякаў можа страціць апошні Дом польскі. Адзінай установай польскай меншасьці ў Беларусі, якую пакуль не кантралююць мясцовыя ўлады, зьяўляецца Дом польскі ў Баранавічах.

На днях у Баранавічах адбыўся сход мясцовага Саюзу палякаў на Беларусі. Новай старшынёй аддзелу абраная актывістка праўладнага аб’яднаньня “Белая Русь” Ядзьвіга Шустал. Галасаваньне нязначнай розьніцай прайграла кандыдатка, якую падтрымлівала экс-старшыня Баранавіцкага СПБ Тэрэса Селівончык.

Гэтым разам сама Селівончык не вылучала сваю кандыдатуру. Цяпер яна ўзначальвае мясцовы Дом польскі. Але пакуль невядома, ці не захоча новая кіраўніца СПБ падпарадкаваць сабе дырэкцыю будынку.

Зрэшты, пакуль нават невядома, ці выбары й зьмену кіраўніцтва СПБ у Баранавічах прызнаюць самі сябры арганізацыі. Пра гэта карэспандэнту Польскага радыё ў Беларусі паведаміў чалец Саюзу палякаў, які пажадаў застацца ананімным.

В. Пац: У Баранавічах ёсьць каля 300 актыўных сябраў СПБ, але ў паседжаньні прыймалі ўдзел толькі каля 50 зь іх.

Датэлефанавацца да самой Тэрэсы Селівончык немагчыма. Яе мабільны тэлефон знаходзіцца ў Доме польскім і слухаўку падымаюць сябры Саюзу палякаў, якія жадаюць зь ёю сустрэцца. Нічога пра сытуацыю ў Баранавічах невядома й старшыні непрызнаванага ўладамі Саюзу Анжаліцы Арэхве.

А. Арэхва: Ведаю толькі, што выбары адбыліся й што аддзел узначаліла іншая асоба. Тэрэса Селівончык застаецца пакуль дырэктаркай Дому польскага, але больш на гэтую тэму я пакуль сказаць не магу.

Намесьнік Анжалікі Арэхвы Мечыслаў Яськевіч сказаў, што сытуацыя ў Баранавічах цяпер вывучаецца. Толькі пасьля высьвятленьня ўсіх абставінаў можа паявіцца больш інфармацыі.

М. Яськевіч: Пакуль няма пра што казаць. Чуткі розныя даходзяць, але дакладна пракамэнтаваць не магу. Зьбіраем інфармацыю, што там да чаго й з чым гэта есьці.

У 15-ці Польскіх дамах, якія ўлады перадалі праўладнаму СПБ, чальцы Саюзу пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы зьяўляюцца пэрсонамі нон-грата. Апошнім Домам польскім, які ўлады забралі ў СПБ, была сядзіба ў Івянцы ў Валожынскім раёне. Сёньня ўсе імпрэзы там ладзяць улады, кажа Анжаліка Арэхва.

А. Арэхва: Дом польскі функцыянуе там як Дом культуры. На чале яго стаіць дырэктар мясцовага Дома культуры ў Івянцы, таму ён раз праводзіць імпрэзу то ў адным месцы, а раз – у другім. Усё, што там арганіузецца – робіцца ўладамі, аддзелам культуры ці аддзелам ідэалёгіі.

Усяго ў Беларусі дзейнічае 16 Польскіх дамоў. Яны былі пабудаваныя, пераважна, за грошы польскай дзяржавы. Шэсьць гадоў таму беларускія ўлады не прызналі новага кіраўніцтва СПБ на чале з Анжалікай Борыс і пры дапамозе КДБ стварылі другі СПБ, у склад якога ўвайшла частка ранейшых чальцоў Саюзу, а таксама чыноўнікі, сябры праўладных арганізацый, а вельмі часта нават людзі, якія ня маюць нічога супольнага з польскай меншасьцю ў Беларусі. Праўладны СПБ, пры дапамозе КДБ, міліцыі й мясцовых уладаў, здолеў захапіць усе Польскія дамы, апрача аднаго – у Баранавічах.

дг