• Беларускія палітыкі пра выбух у Менску
  • Audio5.06 MB
  • 12.04.2011

Учорашні выбух у менскім метро выклікаў хвалю эмоцыяў і камэнтароў у Беларусі. Мы папрасілі ацаніць гэтыя падзеі беларускіх палітыкаў.

Старшыня Руху „За Свабоду” Аляскандар Мілінкевіч назваў выбух у мэтро "гульнёй у палітыку коштам людзей" ды заклікаў праваахоўныя ворганы спыніць тэракты.

Аляксандар Мілінкевіч: Мы ня маем традыцыі тэрарызму. Для мяне гэта нешта прывазное. Гэта палітычны тэрарызм. Пакуль ня можам сказаць, якая групоўка за гэтым стаіць. Гэта барацьба за геапалітычны выбар Беларусі ды кантроль за ўнутранай сытуацыяй. Варыянтаў можа быць шмат. Я вельмі засмучаны тым, што коштам жыцьця людзей нехта спрабуе гуляць у палітыку. Праваахоўныя ворганы павінны сачыць, каб у Беларусі не разгарунулася барацьба з дапамогай тэрактаў.

Намесьнік кіраўніка АГП Леў Марголін зазначыў, што гэта падзея абурыла беларусаў. Ён ня бачыць сілы ў Беларусі, каму б гэта было выгадна.

Леў Марголін: Гэтая падзея абурыла ўвесь беларускі народ. Мы спадзеямся, што ўлада знойдзе сапраўдных вінаватых, а ня зробіць некага штучна вінаватым. Каму гэта выгадна? Я думаю, што ў Беларусі няма сілаў, якім бы гэта было выгадна. Гэта адгалоскі той тэрарыстычнай вайны, якая ідзе шмат гадоў на тэрыторыі Расеі.

Старшыня партыі „Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін назваў выбух у Менску "велізарнай трагедыяй". Ён спадзяецца, што гэта ня стане тэндэнцыяй.

Сяргей Калякін: Гэта трагедыя, якой ніколі не было ў гісторыі Беларусі. Гэта вельмі цяжкая падзея для ўсёй Беларусі, асабліва для тых людзей, якія сталі ахвярамі. Я спадзяюся, што гэта не тэндэнцыя, а трагічны выпадак. Я не лічу, што за гэтым стаяць нейкія сілы ў апазыцыі або ўрадзе. Гэта праява вар’яцтва асобных людзей.

На думку былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага, трагедыя, якая здарылася ў панядзелак у Менску, пакідае шмат пытаньняў да спэцслужбаў.

Павал Казлоўскі: Людзей абурае цяпер увядзеньне новых абмежаваньняў. Яны пытаюцца, чаму спэцслужбы раней гэтым не займаліся. Я таксама хацеў бы задаць гэтае пытаньне кіраўніцтву сілавых структураў. Яны ўсё супакойвалі сябе, што выбухі грымяць у Маскве, Іране ды Афганістане. Цяпер трэба адправіць у адстаўку кіраўніцтва гэтых структураў, пасьля таго, як яны дапусьцілі да такой трагедыі. На фоне іншых дзяржаваў у нас парваахоўныя ворганы сьпяць. Адзін камандуе, а астатнія пішуць. А далей? Бясьпека – гэта велізарная й цяжкая праца. Каб не было выбухаў – гэта праца павінна выконвацца.

Беларускія палітыкі салідарызуюцца ў болі зь беларускім народам. Яны лічаць, што гэты выбух мае палітычны падтэкст і прывазны характар. Яны спадзяюцца, што гэтая трагедыя больш не паўторыцца.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч