• Андрэй Крывашэеў з БТ - "мерзкая личность" (AUDIO)
  • Audio3.97 MB
  • 13.04.2011

Ці можна прадказаць будучыню паасобнага чалавека? Некаторых так. Напрыклад, вядучага прапагандыста БТ (бо журналістам язык не паварачваецца назваць), спэцыяліста па мокрай палітычнай рабоце Андрэя Крывашэева. Так, таго самага, які падчас перадвыбарчых дэбат паслаў на тры літары кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Вельмі культурны малады чалавек (маю на ўвазе А.К.)! Працяглы час Крывашэеў - зацяты прыхільнік беларускага рэжыму, хоць, як гавораць яго знаёмыя, у школе быў першым апазыцыянэрам і хадзіў зь бел-чырвона-белым сьцяжком на вопратцы. Рэжым Лукашэнкі ня вечны, ужо цяпер бачна, што бацькава сыстэма пачынае трашчаць. І пасьля ўцёкаў Рыгоравіча ў Іран ці да “другана” Уга, Крывашэеў застанецца бяз працы. Прадстаўляеце, што гэта азначае для маладога чалавека пасьля трыццаткі - застацца за бортам прафэсійнага жыцьця? Нават у раёнцы з накладам паўтары тысячы, думаю, месца ня знойдзецца! Будучы нікому непатрэбным і скампраметаваным, з разьдзіраючай душу дэпрэсіяй ды іншым букетам псыхічных хвароб з-за таго, што аказаўся непатрэбным свабоднаму грамадзтву, спадар Андрэй стане альбо другагатункавым пісакам у нейкай газэтцы былых лукашыстаў, альбо проста сап’ецца. З высокаабаротнымі напоямі ў Беларусі якраз праблем няма, бо рэжым даволі пасьпяхова праводзіць генацыд нацыі пры дапамозе чарніла. Так што ня трэба быць Настрадамусам ці Вангай, каб прадказаць лёс спадара Крывашэева... Шкада, канечне, хлапца...

Можна запытаць, чаму я, так бы мовіць, наехаў на нейкага там Крывашэева? Бо абразіў мяне асабіста як журналіста Польскага радыё й майго калегу Дзьмітрыя Гурневіча. У сваёй прапагадысцкай праграме на БТ (прывітаньне ад доктара Ёзэфа!) ён Дзіму й пасрэдна замежных журналістаў унёс у лік “уродаў, якія маглі справакаць уродаў крывавых”. У адрозьненьне ад маральных якасьцяў Крывашэева, якія прынамсі сумнеўныя, маральных прынцыпаў Гурневіча маглі б павучыцца многія журналісты, і перш за ўсё “бэтэшныя”. Сюжэты Дзімы кожны дзень ацэньваюць тысячы слухачоў Польскага радыё, прычым высока. Матэрыялы Крывашэева таксама ацэньваюць гледачы. Напрыклад, такія вось ацэнкі можна пабачыць у сэрвісе you tube (цытую ў арыгінале): «Это Андрей Кривошеев. Мерзкая личность», «Этот урод еще на дебатах сопли жевал с Прокоповым», «Відавочная хворасць на галаву», “Вам трэба да псіхіятра!”, “Какое чмо!” і г.д. Віншую, спадар Андрэй, з вынікамі працы й агромнай колькасьцю вашых прыхільнікаў! 

У сваім прымітыўным памфлеце Крывашэеў узгадвае пра трыццаць сярэбранікаў, за якія быццам бы замежныя журналісты робяць істэрыку. Памыляецеся, Андрэй! За трыццаць сярэбранікаў гэта вы абараняеце рэжым, які трашчыць па ўсіх швах. І гэты вы ў істэрыцы стараецеся абараніць крах лукашэнкаўскай праславутай “стабілізацыі”! Спачатку прапалі даляры, потым – цукар, а цяпер раскручаная прапагандыстамі байка пра беларускую стабільнасьць ды эканамічнае цуда лопнула, як мыльны пузыр! І вы, як шалёны ліс, кідаецеся з экранаў тэлевізараў, бо ведаеце, што з рэжымам рухне й вашая кар’ера. І вы станеце... (адказ – у першым абзацы).    

Кожны ў нашай рэдакцыі вельмі перажывае ў сувязі з падзеямі ў Менску. Ня буду распавядаць пра атмасфэру, бо гэта надзвычай асабістыя справы... Зазначу толькі, што мужчыны-журналісты плачуць, прачытаўшы зводкі зь Менску...

Мы – не ўроды, мы – людзі, якія мараць пра багатую й квітнеючую Беларусь, пра такую, дзе людзі жывуць ня ў страху й не змагаюцца за кіляграм цукру, а ў гармоніі з уладай, пазіраючы ў будучыню з аптымізмам і ўпэўненасьцю.   

Валера Саўко

Ад Рэдакцыі: Пункт погляду аўтара не зьяўляецца афіцыйнай пазыцыяй Польскага радыё А.Т.