• Рэдакцыйная дыскусія
  • 13.04.2011

У “Рэдакцыйнай дыскусіі” сёньня прагучыць ліст ад нашай вернай слухачкі Яўгеніі Цюркінай. Яна піша, што слухала нашу перадачу 9 сакавіка, калі зачытвалі ў эфіры яе ліст. “Магчыма, я крыху перабольшыла з аповедам пра тое, як рыхтавала віктарыну пра Кашубскі край, - піша спадарыня Яўгенія. Я нагадаю, што яна пісала аб праблемах з пошукам інфармацыі пра Польшчу, паколькі там, дзе яна карыстаецца Інтэрнэтам, ёсьць толькі расейская й ангельская мова. – Я проста не была ўпэўнена па кожным пытаньні, паколькі інфармацыя на расейскай мове не заўсёды дакладная, - дадае слухачка.

Яшчэ яна адказвае на наш заклік да слухачоў, каб яны дзяліліся сваімі ўспамінамі пра тое, як і калі пачыналі нас слухаць, як зьмяняліся перадачы, у лепшы бок, ці можа, нешта стала горш. Яўгенія піша:

“Перапіска са мною пачалася прыкладна ў 1991-92 годзе. Яраслаў Іванюк пастаянна пісаў лісты, вучыў, як трэба слухаць радыёстанцыю Палёнія. Але, на практыцы, радыё было практычна недаступнае. Часамі ўдавалася паслухаць у знаёмых, але амаль нічога не было чуваць – адны трэскі, шыпеньне. Было чуваць толькі ўрыўкі фразаў. Я вельмі ўдзячная Яраславу за ягоныя лісты. Перапіска была рэгулярная, ён даваў парады, як слухаць радыё. На мой погляд, ён унёс вялікі ўклад у важную й патрэбную справу. Дзякуючы гэтым лістам я даведалася пра беларусаў зь Беласточыны, якія па волі лёсу там пражываюць. Напэўна многія з нас, беларусаў, нічога ня ведалі пра гэтую дыяспару, якая жыве ў Польшчы. Лісты былі простыя, але павучальныя. Я іх да гэтага часу захоўваю й перачытваю, калі перабіраю свой архіў. Прысылалі камунікаты, “Часопісы”. Усё цікавае, новае.

Канешне, справы палепшыліся, калі я атрымала прымач “Grundig”. Гэта былі ўжо 2000-ыя гады. Было ўжо лепш чуваць, але толькі ў навушніках. Але калі я атрымала ўзнагароду – лічбавы прымач – чутнасьць значна палепшылася. Праўда, яна залежыць ад шматлікіх фактараў – месца праслухоўваньня, часу. На вуліцы лепш чуваць, менш памехаў. Найлепшая чутнасьць у 16.30 і 19.30 на хвалі 1386.

Што датычыць саміх перадач, то яны пастаянна становяцца лепшымі, абнаўляюцца. І так павінна быць. Шмат новага, лепшага было ўведзена ў мэтодыку вядзеньня перадач. У нас, у Беларусі, паявіўся свой куратар – Юрась Сьцяпанаў. Ён пастаянна літаральна будзіць нас, падкідвае нам усё новыя й новыя віктарыны. Мы вельмі шмат даведаліся пра Сусьветную вайну, пра Кашубскі край, пра гарады – Гданьск ды іншыя. Юрась нас пастаянна прымушвае думаць, шукаць. Ён нам шмат падказвае – дзе й як шукаць адказы на пытаньні, калі яны цяжкадаступныя. Адным словам, Юрась нас прымушвае думаць. Рапарты – гэта таксама добрая справа. Я неаднойчы адзначала, што тое, пра што я чую па Польскім радыё для замежжа – гэта ўсё рэдкія ды даставерныя матэрыялы.

Такія мае ўражаньні. З павагай Яўгенія Цюркіна.”

Вельмі прыемна, што спадарыня Яўгенія так хутка адгукнулася на наш заклік апісваць свае ўспаміны пра тое, як пачыналася ваша прыгода з Польскім радыё. Думаю, мала хто са слухачоў, так як спадарыня Яўгенія, памятае, як пачыналася наша вяшчаньне, а гэта былі пачаткі 90-ых гадоў. Сапраўды, вельмі шмат зьмянілася з таго часу – і якасьць прыёму - яна стала намнога лепшай, і рэдакцыйны, журналісцкі склад, і тэматыка перадач. У 90-ыя гады былі зусім іншыя адносіны паміж Польшчай ды Беларусяй, блізкія й сяброўскія, таму й тэмы нашых перадач былі зусім іншыя. Тады мы шмат паведамлялі пра Польшчу, пра жыцьцё беларусаў тут, перш за ўсё на Беласточчыне. Цяпер жа мы канцэнтруем увагу перш за ўсё на сытуацыі ўнутры Беларусі. Вельмі хацелася б, каб у краіне ўсталявалася стабільная, дэмакратычная сыстэма ўлады, каб былі наладжаны добрасуседзскія адносіны з Польшчай ды іншымі суседзямі дзяржавы, каб рос дабрабыт людзей, гарманічна разьвіваліся ўсё галіны жыцьця. Большасьць нашых журналістаў лічыць Беларусь сваёй айчынай, прынамсі першай, паколькі Польшча стала нашай другой айчынай, таму вельмі сумна, калі ў Беларусі здараюцца такія падзеі, як у апошні панядзелак, пакутуюць невіноўныя людзі. Але напэўна паступова справы будуць ісьці ў лепшым напрамку, трэба ў гэта верыць. І спадземся, што нашымі перадачамі мы даем камусьці з нашых слухачоў надзею, што будзе лепш, што усё зьмяняецца, а часам нават хутчэй, чым нам магло б здавацца.   

Дзякуем вам за лісты. Яны вельмі дапамагаюць нам сачыць за прыёмам нашых перадач, падказваюць, якімі тэмамі варта было б заняцца ў эфіры, дадаюць веры, што робім слушную справу. Пішыце нам, чакаем вашых лістоў.

нг