• Выбухі ў Менску вачыма беларускага назіральніка
  • 13.04.2011


У панядзелак у менскім мэтро адбыўся выбух бомбы, у якім загінулі 12 чалавек, а каля 200 пацярпелі. Учора мы прыводзілі ацэнкі гэтай падзеі з боку польскіх ды расейскіх экспэртаў. Сёньня ў нас у гасьцях беларускі назіральнік Аляксандар Класкоўскі.

У такіх выпадках аналітыкі ды журналісты задаюць простыя пытаньні, накшталт: навошта гэта трэба, каму гэта выгадна? Асабліва востра стаіць гэтыя пытаньне ў беларускім кантэксьце, дзе ніхто ня ўзяў адказнасьці за гэты выбух, як, дарэчы, і за ранейшыя выбухі. Таму наша першае пытаньне да Аляксандра Класкоўскага: каму можа быць выгадны выбух у Менску?

Аляксандар Класкоўскі: На першы погляд – нікому. Калі прааналізаваць мэтадам выключэньня, я б пачаў з апазыцыі, на якую ўладныя прапагандысты пачалі зноў па традыцыі вешаць сабак. Яны празрыста намякаюць, што занадта цацкалася ўлада з гэтымі адмарозкамі, - і таму такая рэч. Гэта перакладваньне з хворай галавы на здаровую, бо адразу ўзьнікае пытаньне: куды глядзелі разадзьмутыя сілавыя структуры? Апазыцыя расьцярушаная й слабая, нават ня можа вулічную акцыю правесьці. Гэта ёй абсалютна нявыгадна, бо яна першая трапляе пад раздачу.

У дадатак, зазначае наш суразмоўца, беларуская апазыцыя ніколі не была прыхільнікам ідэалёгіі гвалтоўнай барацьбы. Беларуская апазыцыя не маджахеды альбо ісламісты, наадварот, беларускія апазыцыйныя лідары няраз заяўлялі пра тое, што яны прытрымліваюцца выключна мэтадаў негвалтоўнай барацьбы. Ці можна з кола „зацікаўленых” выключыць сёньняшнія ўлады, якія не цацкаюцца са сваімі супернікамі? Экспэрты розных краінаў ужо выказвалі гіпотэзы, што гэтая трагедыя можа быць выгадна кіруючаму рэжыму.

Аляксандар Класкоўскі: Наша ўлада вядома ж – ня „белая й пухнатая”, мы бачым, якімі мэтадамі яна разбіралася са сваімі палітычнымі супернікамі пасьля Плошчы. Але гэты выбух не рашае ніякіх праблемаў улады. Калі ўявіць сабе, што такі злавесны ды кашчунны плян сасьпеў на версе! Я не магу сабе такое ўявіць. Таму што можна на тры дні адцягнуць увагу ад абменьнікаў ды пустых паліцаў, але потым есьці трэба. Да гэтых пустых паліц усё адно насельніцтва вернецца. Прабоіну ў іміджы ўлады не залатаеш. Увесь міф пра стабільную Беларусь, якую абмінаюць усе беды, разбураны ўшчэнт.

Расейскія экспэрты, напрыклад, палітоляг Андрэй Суздальцаў у інтэрвію нашай рэдакцыі, а таксама журналісты, напрыклад, Павал Шарамет, выказалі вэрсіі, што гэты выбух можа быць вынікам барацьбы ўнутры ўлады? Напрыклад, пасьля выбуху ў 2008 годзе таксама казалі пра кланавую барацьбу. Дарэчы, тады хутка адбыліся кадравыя зьмены ва ўладзе.

Аляксандар Класкоўскі: Ня думаю. Гэта надта высокі кошт, каб дзеля зьвядзеньня рахункаў ды інтрыг рабіць такія рэчы. Гэта адразу „сьмерць” і ніводзін у намэнклятуры не рызыкне на гэта пайсьці. Цяпер рана рабіць выснову, бо прайшло толькі два дні. Пасьля выбуху 2008 году прайшоў тыдзень, калі была склікана нарада й быў адхілены „непатапляльны Шэйман ад улады”, і тады камэнтатары казалі пра нейкую барацьбу кланаў. Сёньня ўсюды ж расстаўлены свае людзі. Здымаць людзей, якіх нядаўна прызначалі – гэта нелягічна.

Следзтва ў справе панядзелкавага выбуху яшчэ ня скончана, а ўжо гучаць папярэджаньні з боку пракуратуры ды міліцыі незалежным СМІ, палітыкам і грамадзкім дзеячам. У рэгіёнах пачаліся допыты апазіцыянэраў, што гэта значыць?

Аляксандар Класкоўскі: Сілавыя структуры ня ўмеюць інакш працаваць. Ледзь што здарыцца, адразу цягнуць мясцовых апазыцыянэраў. Гэта ўжо пачалося ў рэгіёнах. Трэба ж адрапартаваць. Што да папярэджаньняў – гэта ўдар „па хвастах”. Ня тут трэба імпэт праяўляць! Незразумела, за што папярэджаньні. Можна яшчэ зразумець, калі вылоўліваюць распаўсюднікаў чутак. Тут яны вельмі спрытныя, учора некалькі чалавек злавілі. Міліцыя кажа, што ў нас ёсьць усе тэхнічныя магчымасьці. З вашымі магчымасьцямі, чаго вы галоўных злачынцаў ня ловіце? Палітыкам ды журналістам пагражаюць за тое, што яны вэрсіі выказваюць. Гэта значыць, што ім забараняюць думаць, гіпотэзы вылучаць.

Аляксандар Класкоўскі выказаў меркаваньне, што тэракт хутчэй за ўсё прывазны. Гэтая размова запісвалася да таго, як Аляксандар Лукашэнка абвесьціў пра раскрыцьцё тэракту. Паводле ягоных словаў, гэтае злачынства зрабілі „мярзотнікі, якія працавалі ў звычайных працоўных калектывах” у Беларусі.

Падрыхтаваў Юры Ліхатровіч