• Польскія страхавыя агенцтвы не адмаўляюцца страхаваць экспарт у Беларусь
  • Audio3.13 MB
  • 16.04.2011

У беларускіх СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што некаторыя аўстрыйскія й нямецкія страхавыя агенцтвы зрабілі значна больш жорсткімі ўмовы страхаваньня экспарту ў Беларусь. Яны асьцерагаюцца, што з-за недахопу валюты беларускія фірмы будуць ня ў стане заплаціць за тавары, таму раяць сваім кліентам гандляваць зь беларускімі фірмамі па папярэдняй аплаце. Як ўдалося высьветліць карэспандэнтам Польскага Радыё, настроі польскіх страхавых агенцтваў не такія пэсымістычныя.

Па камэнтар мы зьвярнуліся да Карпарацыі страхаваньня экспартных крэдытаў KUKE – найбуйнейшаму польскаму агенцтву, якое страхуе апэрацыі паміж польскімі й беларускімі фірмамі. У адрозьненьне ад аўстрыйскіх ці нямецкіх кампаніяў KUKE не рабіла ніякіх панічных крокаў, але ўважліва назірае за сытуацыяй у Беларусі – кажа нам галоўны спэцыяліст агенцтва Агнешка Жултоўска.

А. Жултоўска: Беларусь зьяўляецца для нас вельмі важнай краінай. Апошнім часам мы забясьпечвалі выкананьне ня толькі экспартных апэрацыяў, але й інвэстыцыйных дамоваў у Беларусі. Там працуюць шмат польскіх фірмаў, асабліва ў будаўнічай галіне. Мы заўсёды ацэньвалі Беларусь як краіну настолькі стабільную,  што кантракты зь ёй мы страхаваалі з прывілеяванай нізкай стаўкай. Нядаўна некаторыя страхавыя кампаніі занадта сьпешна абмежвалі страхаваньне зьдзелак зь Беларусьсю. Мы ніколі ня робім такіх рэзкіх рухаў. Няма чаго хаваць, мы таксама былі абавязаныя ўважліва прыгледзецца да сытуацыі на валютным рынку Беларусі.  Цяпер мы знаходзімся на этапе ацэнкі сытуацыі. Мы сур’ёзна бярэм пад увагу праблемы з валютай у Беларусі, але не робім ніякіх панічных крокаў.

Польскае страхавое агенцтва KUKE, таксама як яго заходнеэўрапейскія калегі, зьбірае інфармацыю аб фірмах, якія не расплочваюцца па кантрактах. Нягледзячы на валютны крызыс, колькасьць такіх прадпрыемстваў у Беларусі пакуль не павялічваецца – кажа Агнешка Жултоўска.

А. Жултоўска: Як кожная страхавая фірма, мы зьбіраем такія дадзеныя й аналізуем іх. Акрамя таго мы карыстаемся глябальнай базай дадзеных. У нас ёсьць інфармацыя пра кампаніі, якія ня плацяць па кантрактах ці плацяць несвоечасова. Пакуль што мы не назіраем рэзкага ўзросту нявыплат з боку беларускіх фірмаў, але, на жаль, мы вымушаныя пільна сачыць за сытуацыяй.

Нават калі эўрапейскія страхавыя кампаніі адмовяцца забясьпечваць экспарт у Беларусь, гэта наўрад ці прывядзе да зьнікненьня імпартных тавараў з паліцаў беларускіх крамаў. Страхаваньне – гэта пытаньне даверу да партнэра. Напрамую з аб’ёмамі экспарту яно ня зьвязанае – кажа эканаміст Серж Наўродзкі.

С. Наўродзкі: Страхаваньне – гэта выключна індывідуальная справа. Калі ты не давяраеш партнэру, ты будзеш правяраць яго, страхаваць зьдзелку, праводзіць кантракт праз гандлёвую палату. Прамой сувязі паміж аб’ёмамі экспарту-імпарту і гэтай справай я б не праводзіў.

Калі эўрапейская фірма мае справу з буйной плацёжаздольнай і надзейнай беларускай кампаніяй, яна будзе экспартаваць у Беларусь пры любых умовах – падкрэсьліў эканаміст Серж Наўродзкі. 

Аляксандар Папко