• Выбух у Беларусі ў сусьветным кантэксьце
  • 17.04.2011

Доўгі час беларуская прапаганда называла галоўным дасягненьнем праўленьня Аляксандра Лукашэнкі  стабільнасьць, грамадзкі мір ды адсутнасьць тэрактаў. Цяпер гэтая стабільнасьць парушана. Мы вырашылі параўнаць беларускі выбух з тэрактамі, якія адбыліся ў іншых краінах.  

Беларусь была краінай, дзе не грымелі выбухі. Гэта ўвесь час паўтаралі беларускія прапагандысты. Паўтаралі да 2008-га году, калі 3 ліпеня таго году выбухнула самаробная прылада й зьявіліся першыя параненыя. Тады гэта было названа «хуліганскім выбрыкам». Цяперашні выбух у мэтро афіцыйна названы тэрактам. Выканаўцы знойдзены, аднак матывацыя не зразумелая. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы загадаў шукаць «замоўнікаў» гэтага злачынства. Некаторыя расейскія ды беларускія экспэрты кажуць, што арганізатараў трэба шукаць за мяжой. Напрыклад, сярод ісламістаў. Маўляў, гэта расплата Беларусі за інтэграцыю з Расеяй. Наш суразмоўца - Пётр Немчык, былы кіраўнік Аналітычнага цэнтру Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Польшчы.

Пётр Немчык: Мы яшчэ ня ведаем, хто арганізатар гэтага замаху. Вельмі малаверагодна, каб гэта быў ісламскі тэрарызм. Сёньня ісламскі тэрарызм  - гэта не толькі Аль-Каіда альбо ісламскія групоўкі з Паўночнай Афрыкі. Гэта можа быць Паўночны Каўказ з моманту, калі Доку Ўмараў абвясьціў сусьветны джыхад, гэта ня толькі вайна за нацыянальнае вызваленьне народаў Каўказу. Пасьля гэтага розныя рэчы могуць здарыцца. Але, на маю думку, такі сцэнар найменш верагодны. 

Калі параўнаць гэты выбух з выбухамі, што адбыліся на Захадзе альбо ў іншых частках сьвету, які тут можна заўважыць характэрныя асаблівасьці? 

Пётр Немчык: Пакуль замала дадзеных. Тым больш, што не заўсёды сьледчыя органы зацікаўлены ў тым, каб даваць сапраўдную інфармацыю. Мы ня ведаем дакладна, якое выбуховае рэчыва было, хоць зьявілася інфармацыя пра порах. Парахавыя бомбы выкарыстоўваліся апошнім часам толькі ў Грэцыі. Левыя экстрэмісцкія арганізацыі падкладалі такія бомбы ў амэрыканскіх банках ды высылалі порах у замежных амбасады як сымбаль нязгоды з фінансавымі патрабаваньнямі Заходняга сьвету ў дачыненьні да Грэцыі. Гэта за далёка, такая аналёгія нам нічым не дапамагае.

Што кажа рэакцыя ўлады? Напрыклад, калі ў 2004-м годзе выбухнулі цягнікі ў Гішпаніі, урад гэтай краіны паддаўся на патрабаваньні тэрарыстаў ды вывеў войскі зь Іраку. Тут жа мы бачым заклік не паддавацца ды правесьці зачыстку па ўсіх напрамках.

Пётр Немчык: Гэта рашучая рэакцыя сьведчыць пра тое, што выбух адпавядае ўладзе, якая ўзмацняе кантроль за дзейнасьцю апазыцыі. Гэта значыць, што ўлады ўскосна падазраюць гэтыя структуры. Узгадайма, у Гішпаніі ўрад саступіў пад ціскам грамадзкай думкі. Людзі сказалі, маўляў, бачыце, куды нас прывяла прысутнасьць у Іраку. Тут жа няма ніякіх палітычных дэклярацый, Беларусь не ўдзельнічае ў вайсковай апэрацыі. Адзінае, што тут можна прыцягнуць - Чэчню й сусьветны джыхад. Але гэта малаверагодна.

Ці можна сказаць, што замоўцамі могуць быць крымінальныя структуры? Ці былі такія прыклады ў сьвеце? 

Пётр Немчык: Цяпер мне цяжка даць прыклад, але часта ў тэрактах насамрэч вядзецца пра фінансавы тэрор. Напрыклад, у 1970-ыя гады дзейнічала група палестынскіх тэрарыстаў, якая праводзіла тэракты ў аэрапортах, змагаючыся за свабоду палестынскага народу, а з другога боку шантажавала авіялініі й бралв выкуп. Не заўсёды гэта відавочна. У дадзеным выпадку мы ня ведаем матываў. Акрамя таго, Беларусь неаднаразова абвінавачвалі ў нелегальным продажы зброі. Напрыклад, хтосьці зь некім не разьлічыўся й канфлікт гатовы. Вядома, што гэта спэкуляцыя, але калі нехта з кімсьці не разьлічыўся ў асяродзьдзі Лукашэнкі, такі варыянт помсты нельга выключаць.  

У беларускіх дзяржаўных СМІ ўжо была агучана вэрсія, што гэта магчыма помста Захаду ці жаданьне адцягнуць увагу ад Лібіі. Ці гэта магчыма?

Пётр Немчык: Гэта немагчыма. Няпраўда тое, што заходнія спэцслужбы не праводзяць спэцапэрацыі. Праводзяць і не заўсёды добра прадуманыя. Аднак дваццаць апошніх гадоў падобныя апэрацыі не праводзіліся. Дастаткова зірнуць на гісторыю дзеяньня амэрыканскіх, брытанскіх ці ізраільскіх служб. Яны адрасаваныя супраць тэрарыстаў – базы талібаў альбо Аль-Каіды, а цывільныя ахвяры выпадковыя. Захад пільнуе, каб максымальна зьменшыць выпадковыя ахвяры й каб мэта апэрацыяў была зразумелай для грамадзкай думкі. З пункту гледжаньня заходняй грамадзкай думкі выбух ў менскім мэтро абсалютна не зразумелы. Няма падставаў лічыць, каб за гэтым стаяў Захад.

Пётр Немчык, былы кіраўнік Аналітычнага цэнтру Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы Польшчы.

Гутарыў Юры Ліхтаровіч